Чаму навучыліся?

- 9:21Авторские колонки, Пункт погляду

Вольга ДУБОЎСКАЯ

 

 

 

 

 

 

Усе задаюць сабе прыкладна аднолькавыя пытанні. Чаго дасягнулі ў навучальным годзе? Чым можна ганарыцца? З якімі вынікамі прыйшлі да фінішу? Што не атрымалася і чаму?

Школьнікі свае поспехі вымяраюць адзна­камі. На мой погляд, гэта стэрэатып, з якім трэба працягваць змагацца. Але барацьба няпростая, бо ў саюзніках вучняў — бацькі, чыя гордасць за дзяцей таксама вымяраецца адзнакамі. Таму на гэтым фронце пакуль без асаблівых змяненняў. Ёсць спадзяванне на праект “Бацькоўскі ўніверсітэт”, распрацаваны Міністэрствам адукацыі ра­зам з Беларускім дзяржаўным педагагічным універсітэтам імя Максіма Танка, які прызваны павысіць псіхалагічную і педагагічную культуру бацькоў. Веру, што крытэрыяльным пытаннем канца навучальнага года для дзяцей і бацькоў стане “Чаму навучыліся?”. 

Настаўнікі даўно ставяць сабе такое пытанне. Літаральна днямі была ў школе, дзе настаўніца англійскай мовы і адначасова намеснік дырэктара па вучэбнай рабоце ахвотна дзялілася не столькі сваімі метадычнымі здабыткамі, колькі тым, чаму навучыліся яе калегі за год. Пераадоленне сябе, эфектыўная самаарганізацыя, новыя метадычныя прыёмы і формы работы, уменне прагназаваць наступствы сваёй педагагічнай дзейнасці — гэта толькі некаторыя пункты з яе выніковага спіса.

Наперадзе — выпускныя экзамены. Няпростае выпрабаванне як для вучняў, так і для педагогаў. Скажам прама — стрэс. Калі выпускнікі будуць падсумоўваць вывучанае за 9 або 11 класаў, то настаўнікі — эфектыўнасць свайго навучання. Тут абодвум бакам жадаем вытрымкі і стойкасці, каб чэрвеньскія экзаменацыйныя дні сталі трыумфальнымі для ўсіх. 

Мне таксама хочацца далучыцца да рэфлексіі і падвядзення некаторых вынікаў, каб успомніць ключавыя інфанагоды для гордасці за нашых педагогаў і вучняў. У кастрычніку ў Душанбэ прайшоў VI з’езд настаўнікаў і работнікаў адукацыі дзяржаў СНД, дзе беларускія настаўнікі зрабілі сапраўдны метадычны фурор, прадэманстраваўшы свае лепшыя прафесійныя якасці. А некаторыя атрымалі выдатнікаў адукацыі Садружнасці Незалежных Дзяржаў.

Школьныя педагогі працягвалі радаваць і ўзбагачаць калег уласнымі вучэбнымі дапаможнікамі. Як, напрыклад, настаўнікі гісторыі і грамадазнаўства сярэдняй школы № 16 Брэста, якія падрыхтавалі і выпусцілі два практычныя вучэбныя дапаможнікі — “Гісторыя старажытнага свету ў схемах, табліцах і ілюстрацыях” для 5 класа, “Зборнік заданняў па грамадазнаўстве для 9—11 класаў“. 

Яшчэ настаўнікі самааддана і натхнёна працавалі, каб падрыхтаваць прызёраў рэспубліканскай прадметнай алімпіяды, пераможцаў навукова-практычнай канферэнцыі (конкурсу даследчых работ), конкурсу “100 ідэй для Беларусі”. Правялі сотні цікавых і пазнавальных класных гадзін, выхаваўчых мерапрыемстваў. Сталі аўтарамі лепшых практык, праектаў, вучэбных і інфармацыйных матэрыялаў па патрыятычным выхаванні. Вазілі сваіх любімых вучняў на экскурсіі. Проста падтрымлівалі і суцяшалі. Ну і, канечне, праводзілі яркія, запамінальныя ўрокі, якія застануцца ў памяці іх вучняў надоўга. Прынамсі, я і сёння з цеплынёй успамінаю свае школьныя ўрокі беларускай мовы і літаратуры, якія праводзіў Мікалай Васільевіч Жуковіч, а актыўныя дыскусіі на ўроках гісторыі і грамадазнаўства ў Івана Сцяпанавіча Грынкевіча вельмі паўплывалі на фарміраванне майго светаўспрымання.