Чаму навыкі самакантролю і самаацэнкі — важная частка вучэбна-пазнавальнай дзейнасці школьнікаў

- 15:31Образование, Портфолио, Приложение

Патрэба ў самакантролі будзе падштурхоўваць вучня, патрабаваць ад яго ўважлівага аналізу, абагульнення, абгрунтавання і самаправеркі кожнага кроку сваёй дзейнасці. 

У працэсе работы над фармі­раваннем навыкаў самакант­ролю ў вучняў выпускных класаў выкарыстоўваю элементы тэхналогій праблемнага і развіццёвага навучання, развіцця крытычнага мыслення. Паколькі сэнс самакантролю ў своечасовым папярэджванні або знаходжанні памылак, то, абапіраючыся на методыку і вопыт калег, выпрацавала сваю сістэму работы ў гэтым кірунку.

Метады самаправеркі і ўзаема­праверкі рэалізую праз наступныя прыёмы знешняй арганізацыі самакантролю: самаправерка па ключы; узаемаправерка з суседам па парце; выбарачная праверка; зверка з узорам пры дапамозе слоўніка, табліцы або схемы; зверка з аналагічным заданнем; зверка з адказам аднакласніка; маналагічныя адказы па тэме; падбор прыкладаў і праверачных слоў; прагаворванне; выкананне дзеянняў па алгарытме; мадэляванне; тлумачэнне выбару; работа з падручнікам; самастойнае прыдумванне заданняў па тэме; параўнанне; работа над памылкамі. Урокі работы над памылкамі арганізую як самастойнае запаўненне табліцы з графамі “Правільна”, “Правіла”, “Прыклад”. У час адпрацоўкі памылак арганізую работу ў пары, раю дапамагчы суседу па парце сфармуляваць правіла, падабраць прыклад. У працэсе такой работы імкнуся вырашыць задачы засваення cістэмы сінтаксісу складанага сказа, развіцця арфаграфічнай пільнасці, фарміравання пунктуацыйных навыкаў.

Кожная з пастаўленых задач патрабуе пэўнага віду дзейнасці. Для рэалізацыі першай задачы прапаноўваю выпускнікам заданні на знаходжанне складаных сказаў, выдзяленне пэўных відаў, характарыстыку і ўсведамленне іх структуры. Для рэалізацыі другой і трэцяй задачы імкнуся выкарыстоўваць разнастайныя віды практыкаванняў для фарміравання правільнага пісьма, якое магчыма толькі пры свядомым падыходзе з боку вучня да правіл беларускай арфаграфіі і пунктуа­цыі. Добрыя вынікі даюць дыктоўкі. Асабліва эфектыўнымі лічу слоўнікавыя, зрокавыя і лічбавыя размеркавальныя, таму што яны дазваляюць мне эканоміць час на ўроку, засяроджваюць увагу на пэўных арфаграмах, садзейніча­юць узбагачэнню слоўніка вучняў, дапамагаюць ім засвоіць сістэму сінтаксісу складанага сказа.

Пры выкананні размеркавальнага лічбавага дыктанта “Бяз­злучнікавыя, складаназлучаныя і складаназалежныя сказы” вучні павінны згрупаваць нумары адпаведных сказаў:

1.Да кніжак тут усе сышліся, ды разважанні пачаліся.

2.Пакуль малады, не страшны ні гарачыня, ні халады.

3.Узыходзіць месяц, шчодрым засевам высыпаюць на небе па-асенняму яркія зоркі.

4.Пасееш у пару — будзеш мець хлеба гару.

5.Ля падножжа гор разлягліся сіняватыя цені, а некаторыя вяршыні гараць у апошніх промнях сонца.

6.То нямеюць нівы ў полі, то дрыжыць пяшчотна гай.

7.Стол у хаце заўсёды быў дужа белы, бо яго часта скрэблі нажом.

8.Старыя яліны высока ўзнялі свае лапы ў чорнае неба, на якім мігцелі рэдкія зоры.

9.На дварэ было цёмна, затое яснымі былі думкі ў чалавека.

10.Каму прыходзілася хоць раз пабачыць гэты куток, той, напэўна, не забудзе яго ніколі.

У перыяд падрыхтоўкі да экзамену многія вучні 9 класа набываюць зборнік экзаменацыйных пераказаў, таму ёсць магчы­масць азнаёміцца з тэкстам, разабраць цяжкія для напісання словы і сінтаксічныя канструкцыі. Пасля прашу вучняў закрыць тэкст і пісьмова пераказаць яго для далейшай самаправеркі. Рыхтуючыся да ўрока, выпісваю да тэмы са зборніка сказы і словы, з якіх рыхтую заданні, карткі, слоўнікавыя дык­танты. У рабоце са старшакласнікамі часта выкарыстоўваю тэставыя заданні, таму што яны даюць магчымасць праявіць самастойнасць, індыві­дуальнасць, садзейнічаюць фарміраванню самакантролю, дазваляюць выявіць прычыну нізкага выніку. Гэтыя заданні падабаюцца мне хуткасцю пра­цэдуры, дакладнасцю ацэнкі, аднак не могуць быць асноўнай формай, бо маюць недахопы: немагчыма прасачыць логіку вучня і верагоднасць угадвання адказаў.

1.Заданні, накіраваныя на засваенне сістэмы сінтаксісу складанага сказа:

  • скласці складаныя сказы па схемах;
  • пабудаваць схемы складаных сказаў;
  • выканаць сінтаксічны разбор складаных сказаў;
  • выпісаць з прапанаванага тэксту складаныя (складаназлучаныя, складаназалежныя, бяззлучнікавыя, камбінаванай будовы) сказы, абгрунтаваць свой выбар;
  • падрыхтаваць вуснае выказванне па тэме “Складаны сказ” на аснове матэрыялу падручніка;
  • скласці кластар (схему) па тэме “Складаназалежны сказ з даданымі акалічнаснымі часткамі” (па іншай аб’ёмнай тэме);
  • прапанаваць алгарытм, па якім можна адрозніць адзін від складанага сказа ад другога;
  • скласці ўласны тэкст-апісанне (або іншага тыпу) з выкарыстаннем складаных сказаў камбінаванай будовы;
  • лічбавы дыктант (размеркаваць нумары прадыктаваных сказаў па групах: складаназалежны, складаназлучаны, бяззлучнікавы).

Варыянты тэставых заданняў адкрытага (частка А) і закрытага (частка В) тыпу для самаправеркі:

  • адзначыць складаныя сказы, якія адпавядаюць пэўнай схеме;
  • адзначыць складаныя сказы, якія складаюцца з 3 (4, 5) частак;
  • знайсці характарыстыкі, якія адпавядаюць дадзенаму сказу;
  • знайсці складаназалежныя сказы з некалькімі даданымі часткамі, запісаць від падпарадкавальнай сувязі;
  • вызначыць і запісаць колькасць са­стаўных частак у дадзеным складаным сказе з рознымі відамі сувязі;
  • знайсці складаны сказ з рознымі відамі сувязі, запісаць від сувязі на першым узроўні члянення;
  • адзначыць сказы з бяззлучнікавай і падпарадкавальнай сувяззю (злучальнай і бяззлучнікавай або іншымі відамі сувязі);
  • устанавіць адпаведнасць паміж сказамі і іх схемамі;
  • адзначыць правільнае сцвярджэнне;
  • знайсці правільны разбор па членах сказа;
  • адзначыць, пры дапамозе якіх сродкаў звязаны паміж сабой сэнсавыя часткі ў складаным сказе.

2.Заданні, накіраваныя на развіццё арфаграфічнай пільнасці вучняў 9 класа:

  • уставіць прапушчаныя ў тэксце літары;
  • выправіць памылкі ў чыс­тым тэксце:

Нядаўна яшчэ тут шумела залатым калоссем збажына, а над ёй, у шырокім блакіце неба незмоўклымі званочкамі ліліся песні вясновых жаўрукоў.

У канцы лета жыта сжалі і па ўсім полі паставілі залацістыя сцірты духмянай саломы.

У адно вераснёўскае ранне ўвесь ржэўнік раптам застрыкацеў рамонкам. Яго столькі тут закрасавала, што поле зрабілася белае;

  • скласці ўласны слоўнікавы дыктант;
  • падабраць уласныя прыклады да правіла;
  • выканаць арфаграфічны разбор;
  • утварыць словы пры дапамозе прапанаванай марфемы (напрыклад, прыметнікі ад назоўнікаў пры дапамозе суфікса -ск-);
  • раскрыць дужкі (правапіс слоў праз злучок):

пяцідзесяці(тонны), грос(майстар), борт(інжынер), жар(птушка), паў(горада), паў(Мінска), анты(рэклама), абы(куды), блакітна(шэры), беларуска(польскі), заходне(беларускі), вечна(заняты), кісла(салодкі), вечна(зялёны), дзевяноста(гадовы), такі(заснуў), вастра(вухі), усё(ж)такі, паўднёва(заходні), дзе(небудзь), двух(ярусны), з(за)хмары, сам(насам), інжынер(канструктар), лірыка(эпічны), шырока(экранны), байка(пісец), параўнальна(вялікі), шмат(значнае), бульба(сховішча), супер(вокладка);

  • перакласці словы з рускай мовы на беларускую:

аттракцион, вариант, геология, гла­диолус, ориентир, мельхиор, диагноз, марионетка, диалект, биатлон, бастион, библио­граф, стадион, океан, миллион, авиация, теория, регион, биология, клиент, теория, киоск, шпион, леопард, аукцион, диагноз, олимпиада, идеология, официант, районный, иероглиф, сиамский.

  • разнесці словы слоўнікавага дыктанта ў дыягнастычную карту па прынцыпе: “ведаю дакладна”, “сумняваюся”, “не ведаю”;
  • скласці алгарытм прымянення правіла;
  • параўнаць напісанне спрадвечнабеларускіх і запазычаных слоў у межах правіла;
  • запісаць словы па фанетычнай транскрыпцыі.

Трэнінгі, тэставыя заданні для самакант­ролю і далейшай карэкціроўкі ведаў:

  • адзначыць словы, у якіх вымаўленне не супадае з напісаннем;
  • адзначыць выпадкі, калі пры ўтварэнні патрэбнай формы назоўніка адбываецца чаргаванне зычных х/с, к/ц;
  • адзначыць словы, у якіх на месцы пропуску пішацца я (іншая літара);
  • знайсці словы, у якіх напісанне выдзеленых галосных не залежыць ад месца на­ціску;
  • выканаць трэнінгі “Вялікая ці малая літара”, “Марфалагічнае падваенне ці фанетычнае падаў­жэнне”, “Знайдзі і выпраў памылку” і іншыя.

3.Заданні, накіраваныя на фарміраванне пунктуацыйных навыкаў:

  • лічбавы дыктант (нумары прапанаваных сказаў вучні размяркоўваюць па калонках у залежнасці ад таго, які знак трэба паставіць паміж часткамі складанага бяз­злучнікавага сказа);
  • паставіць прапушчаныя знакі прыпынку ў прапанаваным тэксце, растлума­чыць іх;
  • скласці вуснае выказванне “Знакі прыпынку паміж часткамі складаназлучанага сказа” на аснове матэрыялу падручніка;
  • дыктант з узаемаправеркай;
  • зрокавы (з папярэдняй пад­рыхтоўкай) дыктант з самаправеркай;
  • складанне ўласнага тэксту (напрыклад, тэксту-апісання пейзажнай замалёўкі з выкарыстаннем складаназалежных сказаў);
  • выправіць пунктуацыйныя памылкі ў прапанаваных сказах:

1.Прыемна пачуць, што дзеці дапамагаюць дарослым і што яны шмат чытаюць, і што многія вучацца выдатна.

2.Думайце сабе, што хочаце.

3.Трэба падумаць, і як павіншаваць пераможцаў.

4.Марына цікавілася, не калі прыбудзе аўтобус, а хто з запрошаных прыедзе;

  • падабраць уласныя прыклады ў час самастойнага выканання работы над пунк­туацыйнымі памылкамі.

Выбраныя мною метадычныя прыёмы і сістэма заданняў з’яўляюцца эфектыўнымі і даюць станоўчыя вынікі: вучні паступова пачынаюць працаваць усвядомлена, удумліва. Аналізуючы вынікі пісьмовых работ і экзамену па беларускай мове за курс базавай школы, магу адзначыць, што я дабілася значнага павышэння якасці ведаў вучняў.

Фарміраванне навыкаў самакантролю ў старшакласнікаў дае магчымасць настаў­ніку ства­рыць умовы для эфектыўнага назапашвання вучнямі ўласнага вопыту; павышэння матывацыі да вывучэння прадмета, да самастойнай работы і планавання дзей­насці; скіроўвання вучняў да аналізу і выпраўлення памылак, фарміравання ў іх адэкватнай сама­ацэнкі.

Элеанора ВАКАР,
настаўніца беларускай мовы і літаратуры
сярэдняй школы № 29 Віцебска імя В.В.Піменава
Фота Наталлі КАЛЯДЗІЧ
Здымак выкарыстоўваецца ў якасці ілюстрацыі