Чаму выпускнікі сярэдняй школы № 191 Мінска імя І.П.Паромчыка выбіраюць ваенныя спецыяльнасці?

- 17:20Новости

Па ініцыятыве і пры падтрымцы супрацоўнікаў Навукова­-даследчага інстытута Узброеных Сіл Рэспублікі Беларусь для навучэнцаў сярэдняй школы № 191 Мінска імя І.П.Паромчыка быў праведзены ўрок гістарычнай памяці.

Навучэнцы наведалі музей гісторыі пагранічнай службы, а таксама факультэт Генеральнага штаба Узброеных Сіл Ваеннай акадэміі Рэспублікі Беларусь. Выпускнікі школы з цікавасцю слухалі супрацоўніка Інстытута пагранічнай службы капітана Кацярыну Валер’еўну Сенічаву, якая расказала пра гісторыю стварэння пагранічнай службы, фартыфікацыйныя збудаванні, якія забяспечвалі абарону меж, подзвігі герояў-пагранічнікаў у пачатку Вялікай Айчыннай вайны.

На факультэце Генеральнага штаба Узброеных Сіл навучэнцаў сустрэў падпалкоўнік Руслан Сяргеевіч Громак, які, выкарыстоўваючы карту і камплект тэматычных стэндаў з інфармацыяй аб стратэгічнай наступальнай аперацыі “Баграціён”, прадастаўленых музеем гісторыі Узброеных Сіл Рэспублікі Беларусь, наглядна паказаў палажэнні і дзеянні франтоў, а таксама даступна расказаў навучэнцам пра ход аперацыі, значны ўклад у планаванне якой унёс ураджэнец Гродна генерал арміі Аляксей Інакенцьевіч Антонаў, узнагароджаны вышэйшым ваенным ордэнам СССР — ордэнам “Перамога”.

Увага навучэнцаў была акцэнтавана на ролі беларускіх партызан у барацьбе з нямецка-фашысцкімі захопнікамі, на ўзгодненасці іх дзеянняў з камандаваннем Чырвонай Арміі. На ўроку гістарычнай памяці былі пералічаны заслугі аднаго з арганізатараў і кіраўнікоў партызанскага руху Івана Паўлавіча Паромчыка (канспіратыўны псеўданім Сувораў), чыё імя носіць сярэдняя школа № 191. Ён быў членам, а затым сакратаром падпольнага міжрайкама КП(б)Б Мінскай партызанскай зоны. У Чэрвеньскім раёне была абсталявана “пляцоўка Паромчыка”, якая забяспечыла пасадку самалётаў з Вялікай зямлі з грузамі для пар­тызан. Іван Паўлавіч з кастрычніка 1943 па ліпень 1944 года з’яўляўся сакратаром Мінскага падпольнага гаркама КП(б)Б, а з чэрвеня 1945 па сакавік 1946 года — старшынёй Мінскага гарадскога выканаўчага камітэта, кіраваў аднаўленнем разбуранай сталіцы савецкай Беларусі.

Напрыканцы ўрока разглядаліся трагічныя старонкі, звязаныя з генацыдам беларускага народа. Горыч і боль выклікала ў навучэнцаў інфармацыя аб створаным гітлераўцамі ў сакавіку 1943 года комплексе з трох лагераў смерці пад агульнай назвай “Азарычы”. Успомнілі і малалетніх вязняў з Чырвонага Берага. Гэтыя злачынствы нельга забыць. Мы павінны памятаць, каб такое ніколі не паўтарылася.

Школьнікі былі адзіныя ў перакананні, што вельмі дарагой цаной дасталіся нам мірнае неба, магчымасць жыць у суверэннай, незалежнай краіне, ствараць і развівацца, мець будучыню. Галоўным вынікам урока стала гатоўнасць маладых грамадзян ведаць і берагчы гістарычную праўду і быць патрыётамі, вартымі той спадчыны, якую пакінула пакаленне пераможцаў.

Дарэчы, выпускнікі ўжо зрабілі свой прафесійны выбар. Прыемна, што пяцёра юнакоў, для якіх праводзіўся ўрок гістарычнай памяці, плануюць паступаць у вышэйшыя ваенныя навучальныя ўстановы і на ваенныя факультэты грамадзянскіх УВА. Але і тыя, хто выбраў грамадзянскія прафесіі, зробяць свой уклад у развіццё і росквіт Радзімы. Пажадаем ім добрай дарогі!

Генадзь ЛЕАНОВІЧ,
палкоўнік запасу, вядучы навуковы супрацоўнік Навукова-даследчага
інстытута Узброеных Сіл Рэспублікі Беларусь