Чараўнік з краіны маленства

- 13:46Культура, Рознае
Кожны раз, калі бяруся за кнігі Алеся Якімовіча, мне прыгадваецца першая сустрэча з ім, з яго творчасцю, з яго героямі. Адбылася яна даўно, яшчэ ў маленстве.

Наша школьная бібліятэка тулілася ў самым кутку калідора. Каля акна стаялі тры старэнькія шафы. Пасля ўрокаў тут заўсёды было ажыўлена: выдавалі кніжкі тым, хто вучыўся ў першую змену. Аднаго разу, пачакаўшы, пакуль разыдуцца старэйшыя, я таксама адважыўся падысці да стала, за якім гаспадарыла бібліятэкарка Ніна Паўлаўна.
— Што ты любіш чытаць? — спытала яна.
— Пра вайну, — прызнаўся я.
Пакорпаўшыся ў шафе, Ніна Паўлаўна падала мне кніжку і папярэдзіла:
— Толькі доўга не трымай.
“Каваля Вярнідуба” я прынёс у бібліятэку назаўтра ж: прачытаў яшчэ раніцай, пакуль ісці ў школу. Здаў кніжку, але вобраз смелага, дужага волата Вярнідуба надоўга застаўся ў маёй памяці. Да сённяшняга дня помню радкі, якімі пачыналася казка: “Не далёка і не блізка, // Там, дзе сонца ходзіць нізка // Ды гамоняць між сабой // Неба сіняе з зямлёй, — // Жыў ды быў найлюты цар, // Той краіны уладар…”
Потым, калі вучыўся ў 5 класе, я, пастушок, за адзін дзень “праглынуў” даволі тоўсты зборнік аповесцей і апавяданняў Алеся Якімовіча. Асабліва спадабалася прыгодніцкая аповесць “Незвычайны мядзведзь”.
У той жа час на старонках часопіса “Бярозка” друкавалася новая, надзвычай цікавая аповесць Алеся Якімовіча “Базылёў курган”. З якім нецярпеннем чакаў я (ды ці толькі я адзін!), калі, нарэшце, прынясуць у школу наступны нумар часопіса, каб хутчэй даведацца, што сталася з прыгонным хлопчыкам Базыльком! Начытаўшыся пра пошукі юных краязнаўцаў, я нават сам спрабаваў раскапаць курган непадалёк ад нашай вёскі…
З той жа дзіцячай захопленасцю чытаў я таксама кніжкі казак, на якіх было пазначана: апрацоўка Алеся Якімовіча. Чытаў — і мне ніколі не прыходзіла ў галаву, што праз нейкі час выпадзе шчасце сустракацца з гэтым пісьменнікам, працаваць у часопісе “Бярозка”, у якім калісьці працаваў і ён, быць адным з першых чытачоў яго новых твораў, якія Алесь Іванавіч прыносіў у рэдакцыю, слухаць успаміны, забаўныя гісторыі з перажытага маленства.

Нарадзіўся Алесь Іванавіч на Уздзеншчыне, у вёсцы Чурылава, 17 студзеня 1904 года. Рана спазнаў смак сялянскага хлеба: быў пастушком, дапамагаў бацьку па гаспадарцы. У школу пайшоў, калі споўнілася 8 гадоў. “Вучыўся я, відаць, нядрэнна, — прыгадваў Алесь Іванавіч. — Праз гады два я ўжо чытаў і пісаў лепш за бацьку. І гэта яго вельмі дзівіла. Ён хваліўся мною, дзе толькі мог…”
Асабліва спатрэбілася Алесева навука, калі аднавяскоўцаў пачалі прызываць на Першую сусветную вайну. Ён чытаў салдацкія пісьмы з фронту, пісаў адказы на іх. Прыходзілі суседзі ў хату з газетай — таксама ахвотна чытаў, аб чым пішуць. Мала было ў вёсцы пісьменных людзей.
Ды не пакідала мара — працягваць вучобу. Пасля Кастрычніцкай рэвалюцыі 1917 года, скончыўшы сямігодку і двухмесячныя настаўніцкія курсы, Алесь Якімовіч паехаў у Мінск і паступіў вучыцца ў беларускі педагагічны тэхнікум. Тут па-сапраўднаму захапіўся літаратурай, творчасцю. І нядзіўна: методыку роднай мовы ў тэхнікуме выкладаў сам Якуб Колас. “Не было таго ўрока, каб мы не выпрасілі ў яго што-небудзь пачытаць або расказаць, апрача законнага прадмета — методыкі роднай мовы, — піша Алесь Іванавіч у сваёй аўтабіяграфіі. — Гэта былі самыя жаданыя ўрокі”. Тады ж на старонках часопіса “Маладняк” быў надрукаваны першы верш Алеся Якімовіча “Вясна”.
У канцы года ў рэспубліцы пачаў выходзіць часопіс для школьнікаў “Беларускі піянер”. Дваццацігадовага паэта і студэнта Алеся Якімовіча прызначаюць адказным сакратаром, а праз нейкі час — рэдактарам гэтага часопіса. Працаваў і адначасова вучыўся: спачатку ў тэхнікуме, потым у Беларускім дзяржаўным універсітэце.
Сваю першую кніжку для дзяцей Алесь Якімовіч выдаў у 1925 годзе — зборнік апавяданняў “Гул бубна”. Як прызнаваўся пазней аўтар, дзеці запісваліся ў чаргу, каб прачытаць гэту кніжку. З той пары свой творчы лёс ён назаўсёды звязаў з дзіцячай літаратурай, стаў адным з любімых пісьменнікаў нашай дзетвары. Як і Янка Маўр. Гэта ён, малады зусім рэдактар Алесь Якімовіч, пазнаёміўшыся тады з Маўрам, параіў яму, мінскаму настаўніку гісторыі і геаграфіі Івану Міхайлавічу Фёдараву, узяцца за пяро, паспрабаваць свае сілы ў літаратуры, а неўзабаве надрукаваў у часопісе яго першую аповесць з жыцця першабытных людзей “Чалавек ідзе”.
Алесь Іванавіч усё жыццё ганарыўся сяброўствам з гэтым цудоўным чалавекам і пісьменнікам, старэйшым таварышам па пяры. А сам Янка Маўр прызнаваўся: “Каб не Алесь Якімовіч, я, напэўна, застаўся б проста Іванам Фёдаравым”.
За 56 гадоў творчай дзейнасці Алесь Якімовіч напісаў дзясяткі кніг, празаічных і вершаваных, якія заваявалі прызнанне чытачоў не толькі ў Беларусі, але і далёка за яе межамі. Можна ўспомніць словы выдатнага рускага паэта Самуіла Маршака, які ў свой час адзначыў: “Усесаюзную дзіцячую і юнацкую літаратуру немагчыма ўявіць без кніг беларуса Алеся Якімовіча”.
Героі аповесцей, апавяданняў і казак Алеся Якімовіча — смелыя, мужныя людзі, змагары за шчасце і лепшую долю свайго народа. Ён і сам ніколі не забываў пра свой найпершы сынаў абавязак перад людзьмі, перад Радзімай: у час Вялікай Айчыннай вайны Алесь Якімовіч са зброяй у руках абараняў родную зямлю ад гітлераўскіх захопнікаў. Камандаваў стралковым узводам, ротаю. У баях пад Харкавам быў цяжка паранены. Доўга лячыўся ў шпіталі. Калі звольнілі ў запас, ён зноў узяўся за перапыненую працу: рэдагаваў часопіс “Бярозка”, працаваў у Беларускім дзяржаўным выдавецтве, у Саюзе пісьменнікаў Беларусі. І, вядома ж, пісаў новыя кнігі для дзяцей і дарослых. Сапраўдны поспех аўтару прынеслі гістарычныя аповесці “Адкуль ліха на свеце”, “Канец сервітуту”, “Кастусь Каліноўскі”. За іх у 1974 годзе пісьменніку была прысуджана Дзяржаўная прэмія Беларусі. А яшчэ раней ён быў ушанаваны ганаровым званнем заслужанага дзеяча культуры нашай рэспублікі. Яго заслугі перад Радзімай адзначаны таксама высокімі ўрадавымі ўзнагародамі — ордэнамі і медалямі.

Алесь Іванавіч быў чалавекам прынцыповым і патрабавальным. Патрабавальным і да сябе, і да іншых. Я не адзін раз чуў на сходах у Саюзе пісьменнікаў Беларусі, на пасяджэннях рэдкалегіі часопіса “Бярозка”, як шчыра радаваўся прызнаны майстар слова, калі знаходзіў хоць нейкае зерне ў вершах зусім зялёнага пачаткоўца-школьніка, цытаваў радкі, строфы, і як строга, прыдзірліва разбіраў ён таго ці іншага сталага аўтара, які расслабіўся, паспяшаўся здаць свой твор у друк, не паклапаціўшыся пра яго мастацкія вартасці. Не любіў ён і празмернага мудрагельства, няўважлівых адносін да мовы, да слова.
— Трэба пісаць шчыра, з пачуццём, і без ніякага мудрагельства, — часта паўтараў Алесь Іванавіч. — Гэтаму нас вучаць лепшыя творы Купалы і Коласа, гэтага патрабуе ад нас чытач.
І на яго за гэтыя заўвагі, за гэтыя настаўленні, мне здаецца, мала хто крыўдзіўся, бо ўсе ведалі мастацкі густ, добразычлівасць, памяркоўнасць і разважлівасць старэйшага беларускага пісьменніка, ведалі, з якой настойлівасцю і ўпартасцю ішоў ён сам да вяршынь літаратурнага майстэрства, да таго, што назваць можна адным змястоўным словам — прызнанне…
Спадчына, якую нам пакінуў Алесь Якімовіч, — збор твораў у трох тамах, шматлікія пераклады вершаў і прозы, зробленыя ім з іншых моў. Выйшаў таксама яшчэ ад зін трохтомнік — зборнікі казак “Каток — залаты лабок”, “Бацькаў дар”, “Людзей слухай, а свой розум май”, куды ўвайшлі беларускія народныя казкі, ашчадна, з душою сабраныя і апрацаваныя Алесем Якімовічам. Казкі, якімі захапляўся некалі і я, і мае сябры-равеснікі. Казкі, якія сталі залатым скарбам роднай літаратуры. Казкі, якія вучаць любові да сваёй зямлі, да людзей, вучаць мудрасці і дабрыні ўсіх, хто аднойчы захоча пабываць у іх дзівосным свеце. А “Роднае слова” — змястоўная чытанка для вучняў 2 класа, якую Алесь Якімовіч склаў яшчэ ў 1932 годзе. Яна вытрымала каля дваццаці выданняў! І ў ёй — часцінка душы славутага пісьменніка і казачніка.
Пісьменніка даўно ўжо няма з намі. Ён пайшоў з жыцця 15 студзеня 1979 года, не дажыўшы ўсяго два дні да свайго 75-годдзя. Але засталася добрая памяць пра яго. На радзіме імем пісьменніка Алеся Якімовіча названа Зенькавіцкая сярэдняя школа. Засталіся з намі кнігі — духоўная спадчына гэтага выдатнага майстра слова і чалавека, чараўніка-казачніка з краіны майго і твайго маленства.

Мікола ЧАРНЯЎСКІ.