Час саджаць дрэвы і наводзіць парадак

- 10:13Актуально, Апошнія запісы

Серабрысты клён — дрэва надзвычай прыгожае. Саджанцы гэтай культуры для нашых паркаў і сквераў вырошчваюць у спецыяльных гадавальніках, напрыклад, на базе Рэспубліканскага вучэбна-доследнага ўнітарнага прадпрыемства “Шчомысліца” Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта. Частка супрацоўнікаў Міністэрства адукацыі накіравалася менавіта туды на пасадку клёна і ліпы. Узначаліў працоўны дэсант, што высадзіўся пад Мінскам, міністр адукацыі Рэспублікі Беларусь Ігар Васільевіч Карпенка.

— Работа на зямлі заўсёды патрабуе дадатковых рук, дадатковых сіл, — пракаменціраваў удзел супрацоўнікаў галіновага міністэрства ў рэспубліканскім суботніку Ігар Васільевіч, — таму мы і выбралі гэты аб’ект. Разам з тым частка нашых людзей працуе сёння ў санаторыі-прафілакторыі “Палітэхнік” БНТУ, частка — на рабочых месцах. У цэлым установы сістэмы адукацыі — дзіцячыя сады, школы, установы прафесійна-тэхнічнай і сярэдняй спецыяльнай адукацыі, УВА, іншыя — ужо на працягу некалькіх тыдняў удзельнічаюць у месячніку па навядзенні парадку, які традыцыйна праходзіць ва ўсіх рэгіёнах краіны. Для беларусаў такая вясенняя работа заўсёды была вельмі важнай.

Акрамя таго, як узгадаў І.В.Карпенка, па даных на дзень рэспубліканскага суботніка, апарат Міністэрства адукацыі (а гэта ўсяго 120 чалавек) пералічыў у фонд суботніка 1400 рублёў, што на 6% больш, чым летась. Нагадаем, што, згодна з пастановай Савета Міністраў, значная частка сродкаў, заробленых на суботніку, накіроўваецца ў распараджэнне аблвыканкамаў і Мінскага гарвыканкама на рэканструкцыю, рэстаўрацыю, аднаўленне гісторыка-культурных каштоўнасцей, умацаванне матэрыяльна-тэхнічнай базы дзяржаўных устаноў дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі, якія забяспечваюць развіцццё тэхнічнай творчасці, стварэнне суб’ектаў інавацыйнай інфраструктуры, падрыхтоўку дзіцячых аздараўленчых і спартыўна-аздараўленчых летнікаў.

Дарэчы, скарыстаўшыся тым, што “Шчомысліца” знаходзіцца зусім блізка ад галоўнага корпуса факультэта біялогіі БДУ, супрацоўнікі Міністэрства адукацыі здзейснілі кароткую экскурсію ў заалагічны музей БДУ, дзе іх сустракаў дэкан біяфака У.В.Лысак, а таксама іншыя спецыялісты. І яно было таго варта: музей адмысловы, цікавы, выдатна арганізаваны. Тут, напрыклад, можна ўбачыць залатога жука, пра якога Эдгар По напісаў сваё знакамітае апавяданне, або чучала тыгра-людаеда па мянушцы Шайтан, што захоўваецца з 40-х гадоў, косці ляснога слана, знойдзеныя ў раёне будаўніцтва станцыі метро “Уручча”. Нездарма ў музеі бывае шмат наведвальнікаў, у тым ліку школьнікаў. Але паток цікаўных можна і павялічыць, уключыўшы музей у экскурсійныя маршруты па беларускай сталіцы. Такую думку выказаў міністр адукацыі, даўшы адпаведныя даручэнні.

…А пасля музея — інструктаж па тэхніцы бяспекі, саджанцы, рыдлёўкі, іншыя інструменты. І за работу, бо суботнік — час саджаць дрэвы і наводзіць парадак.

Марына ХІДДЖАЗ.
Фота Алега ІГНАТОВІЧА.