Час збіраць камяні

Сёлета спаўняецца 845 гадоў з часу стварэння і 80 гадоў з дня варварскага знішчэння Рагвалодава каменя — выдатнага помніка гісторыі і культуры ўсходніх славян, святыні беларускага народа, што знаходзілася на тэрыторыі сучаснага Ашмянскага раёна.

Напамін пра Рагвалода

Рагвалодаў камень адносіўся да так званых Барысавых камянёў. Гэтыя велізарныя валуны, прыцягнутыя некалі на нашу зямлю ледавіком, да прыняцця хрысціянства былі язычніцкімі фетышамі. У першай трэці XII стагоддзя па загадзе полацкага князя Барыса Усяслававіча на валунах былі высечаны крыжы і тэкст “Господи, помози рабу своему Борису”. Чаму рабіліся падобныя надпісы? Пакуль вучоныя не прыйшлі да адзінай думкі. Навуцы вядома пра існаванне дзевяці Барысавых камянёў. Да нашых дзён з іх захавалася ўсяго тры.

Рагвалодаў камень ляжаў за паўкіламетра на паўднёвы захад ад сучаснай вёскі Дзятлава Аршанскага раёна. Па форме гэты велізарны валун нагадваў паралелепіпед з крыху скошанымі закругленымі вугламі. Даўжыня блока дасягала 3 метраў, шырыня — 2,4 метра. Па падліках вучоных, ён важыў дзесьці 24 тоны. На яго грані, звернутай уверх, быў высечаны шасціканцовы крыж на падстаўцы з дзвюма прыступкамі. Двума колцамі крыж апяразваў надпіс “Въ лето 6679 месяца маия въ 7 день доспенъ кръстъ сиі. Господи, помози рабу своему Василию в крещениі іменем Рогволоду сыну Борисову” і манаграма “ИС” “ХР” “НИКА” (лічбы дадзены па-стараславянску літарамі; калі расшыфраваць “6679” — атрымаецца 1171 год ад нараджэння Хрыстова).

Народ многія стагоддзі шанаваў Рагвалодаў камень. Па сведчанні сучаснікаў, быў ён чырвона-бурага колеру, як бы набраклы крывёй. “Строгае навуковае даследаванне гэтага помніка ў археалагічных адносінах, — заўважыў Адам Кіркор, — несумненна, растлумачыць нам яго значэнне”. На жаль, ні ў ХІХ ст., ні пазней ніхто з археолагаў Рагвалодаў камень так і не даследаваў. Яшчэ ў пачатку ХІХ ст. над валуном была пабудавана Барысаглебская царква. Але падчас напалеонаўскага нашэсця яна была спалена. У 1830-х гадах намаганнямі сялян з навакольных вёсак над Рагвалодавым камянём зноў паўстала невялікая драўляная царква. А 7 мая штогод у ёй праводзілася ўрачыстае набажэнства ў памяць пра князя Рагвалода, асвячалася крыніца, размешчаная побач з царквой.

Але ўнікальнаму помніку эпіграфікі (бо гэта была адзіная старажытнаславянская пісьмовая крыніца з дакладнай датай!) не пашанцавала. У пачатку 1930-х гадоў на хвалі ваяўнічага атэізму царква, якая абараняла камень ад снегу і дажджу, была разабрана, перавезена ў вёску Дзятлава, дзе прыстасавана пад калгасны клуб. І, нарэшце, 10 чэрвеня 1936 года Рагвалодаў камень быў узарваны падрыўнікамі, якія рыхтавалі друз для пабудовы аўтамагістралі Масква — Мінск. Пра абставіны знішчэння помніка расказаў у сваіх успамінах “Наша спадчына прамаўляе” Юрка Віцьбіч, які ў 1939 годзе ўзначальваў Віцебскую абласную навуковую экспедыцыю па ахове помнікаў рэвалюцыі, гісторыі і мастацтва. Наведаўшы Аршаншчыну, ён склаў са слоў члена Тумініцкага сельсавета жыхара вёскі Дзятлава Рамана Мікалаевіча Палагоўскага “Дэфектны акт”. “Па сваіх тэхнічных якасцях (крокхі) Рагвалодаў камень яўна не надаваўся да будаўніцтва і быў падарваны выключна дзеля свавольства”, — занатаваў Ю.Віцьбіч. “Паглядзім, як святое паляціць у паветра”, — заўважыў адзін з падрыўнікоў.

Па сведчанні даследчыка, на плошчы ў 40 кв.м у 1939 годзе яшчэ ляжалі 28 буйных і дробных кавалкаў каменя, з якіх на 12 можна было разгледзець сляды крыжа і надпіса. Экспедыцыя тады ж прапанавала неадкладна абвясціць месца, дзе ляжаць рэшткі, дзяржаўным заказнікам, а таксама склеіць іх і пабудаваць над узятым пад дзяржаўную ахову каменем будынак — музей. Але гэтыя слушныя прапановы рэалізаваны тады не былі. “У 1920 — 30-я гады — часы татальнай барацьбы з рэлігійнымі вераваннямі, — піша археолаг Людміла Дучыц, — камяні, якім пакланяліся, вельмі часта разбівалі, але народ іх зноў складаў, і ім надавалася яшчэ большая цудадзейная моц. Вялікай сілай пачыналі валодаць нават маленькія кавалачкі тых камянёў”. На жаль, нічога падобнага з Рагвалодавым камянём не адбылося. Праз колькі гадоў Ю.Віцьбіч са скрухай зазначыў: “Так загінула найвыдатнейшая святыня беларускага народа… І ці разумеюць тамтэйшыя падрыўнікі, што ўся магістраль Масква — Мінск каштуе менш за Рагвалодаў камень”.

У пошуках святыні

Пасля вайны навукоўцы, згадваючы пра выдатны помнік эпіграфікі, абыходзілі факт яго наўмыснага знішчэння маўчаннем. Вядомы расійскі археолаг Леанід Аляксееў, які доўгі час вывучаў старажытны Друцк, пісаў, што рэшткі Рагвалодавага каменя былі выкарыстаны для пабудовы ўжо згаданай магістралі. Ёсць, праўда, згадкі ў краязнаўчай літаратуры, што асобныя кавалкі святыні трапілі ў падмуркі жылых і гаспадарчых пабудоў навакольных вёсак. Праўда, ніводны з іх не быў выяўлены.

Некалькі гадоў назад аўтар гэтых радкоў паспрабаваў пашукаць сляды святыні. Пагутарыў тады з доўгажыхаркамі вёскі Дзятлава. Марыя Карпаўна Новікава аказалася роднай пляменніцай таго самага Рамана Палагоўскага. “Калі рыхтавалі друз, — сведчыла яна, — узрывалі камяні ў кар’еры, аж шыбы дрыжалі ў вокнах. А царкву перавезлі спачатку ў Дзятлава, у ёй быў клуб, а сцэну зрабілі, дзе раней быў алтар. Потым зруб перавезлі ў вёску Галошаўка (цяпер Талачынскага раёна.Заўв. аўт.), дзе прыстасавалі пад жыллё нейкім пагарэльцам. Яшчэ 20 гадоў назад дом той быў цэлы. Але рэшткаў каменя не бачыла”. На жаль, і зруба таго ўжо няма.

Занатаваў тады і ўспаміны

90-гадовай Еўдакіі Гаўрылаўны Давыдзенка. Неаднойчы была яна ў тым невялікім, але ўтульным храме. Памятае, што Рагвалодаў камень быў абнесены невысокай металічнай агароджай, якую ўпрыгожвалі ручнікамі. А ў дзень прастольнага свята з’язджаліся сюды вернікі з Оршы, Шклова, Коханава, навакольных вёсак. Калі царква была ўжо закрыта, у яе акенца пралез Сёмка, жвавы хлопчык 8 гадоў. Ці яму хто параіў, ці сам дадумаўся выкалаць вочы святым на абразах. Праз некалькі месяцаў, якраз на Спаса, ён быў задушаны вупражжу — конь чамусьці падбрыкнуў. “Бог пакараў”, — казалі тады людзі.

Марыя Іванаўна Грачыха (1924 г.н.), бадай, адзіная на сённяшні дзень жывая сведка тых падзей, сказала: “Узрывала камень брыгада зняволеных — “турэмшчыкаў” (відаць, з аршанскай турмы.Заўв. аўт.). Іх нават прыводзілі мыцца ў нашу лазню. Калі ўзрывалі камень, то таго зэка, што падкладваў узрыўчатку, смяротна параніла (ці то праўда, ці ўжо легенда? Заўв. аўт.). А яшчэ памятаю, што побач з царквой біла крыніца, вада ў ёй была такая смачная, што п’еш, не нап’ешся”.

Пра месца, дзе ляжаў камень, даведаўся ад жыхара суседняй вёскі Лісуны сувязіста Рамана Чарліна, чалавека апантанага і вельмі дасведчанага ў мінулым родных мясцін. У пачатку 1990-х гадоў ён вырашыў саматугам заняцца піваварэннем. А для піва патрэбна адпаведная вада, якую і пачаў шукаць. Некалькі крыніц б’юць у вялікай парослай хмызняком лагчыне, што цягнецца да вёскі Дзятлава. Ад адной з вясковых доўгажыхарак Раман даведаўся, што там некалі стаяла царква, побач з якой біла крыніца. Нарэшце ён натрапіў у сваіх пошуках на яму, якая засталася на месцы царквы ад узрыву. Яшчэ гадоў 10 назад нават былі бачныя падмуркі храма. Напрыканцы ХІХ стагоддзя вакол царквы была выкапана канаўка для сцёку вады (бо зямля тут балоцістая), якая ішла ў роў. Яна захавалася да нашых дзён. Па словах лісуноўца, пакуль ля вёскі не асушылі балота, крыніцы ў рове былі больш моцныя (ёсць нават сярод іх, па сцвярджэнні Чарліна, крыніцы з жывой і мёртвай вадой), а вада і цяпер стаіць кожнай вясной у яме на месцы колішняй царквы. Паказаў Раман Леанідавіч і зарослы імхом камень, які ляжыць непадалёк ямы. Па сваіх якасцях ён нагадвае Рагвалодаў камень. І добра відаць, што ён менавіта кавалак ад валуна, які ўтварыўся пасля механічнага ўздзеяння (узрыву?). Калі вясковец яго знайшоў, адзін бок быў абпалены (успомнім пажар 1812 года). На вонкавай паверхні ёсць і нейкі штучны выступ.

Дарэчы, у вёсцы Лісуны сустрэўся і пагутарыў з Васілём Сцяпанавічам Лапаценкам. Ён нарадзіўся якраз у год знішчэння Рагвалодава каменя. “У 1947 годзе, — узгадвае вясковец, — разам з бацькам мы разбівалі кавалкі каменя і звозілі іх для падмуркаў сваёй новай хаты”. На жаль, падмуркі тыя зараз затынкаваны. Агледзеў я і падмуркі суседніх хат. У некаторых добра бачны кавалкі камянёў, якія па фактуры нагадваюць Рагвалодаў. Але літары нідзе не відаць…

З надзеяй на вяртанне

Застаецца спадзявацца, што месца, дзе некалі размяшчалася адна са святынь беларускага народа, будзе ўсё ж абвешчана археалагічным запаведнікам і ўзята пад ахову дзяржавы. Хочацца верыць, што зноў паўстане на гэтай зямлі царква, у якой размесціцца дакладная копія Рагвалодавага каменя (адпаведных памераў валуны ёсць у найбліжэйшым кар’еры). Нарэшце, ёсць надзея, што будуць знойдзены і рэшткі самой святыні. А месца гэтае павінна стаць аб’ектам паломніцтва — як рэлігійнага, так і гісторыка-культурнага.

Віктар ЛЮТЫНСКІ,
выкладчык гісторыі Аршанскага дзяржаўнага механіка-эканамічнага каледжа, краязнавец.