Чэмпіён Еўропы з Мсціслава

- 14:11Спартыўныя падзеі

У сакавіку ў эстонскім Тарту прайшоў чэмпіянат Еўропы па класічным паўэрліфтынгу. Удзел у ім прынялі 358 спартсменаў, сярод якіх быў і мсціслаўчанін Арцём Савельеў, навучэнец 10 класа сярэдняй школы № 2 горада. Юнаму спартсмену ўдалося ўстанавіць 5 рэкордаў Еўропы і 4 сусветныя. Старанныя трэніроўкі пад кіраўніцтвам трэнера Аляксандра Ласякова прывялі юнака да такой важнай перамогі.
Спортам Арцём захапіўся даўно. Асновы спартыўных навыкаў і фізічнай трываласці былі заложаны ў юнаку настаўнікам Барысам Фёдаравічам Мельнікам, фанатычна адданым сваёй прафесіі. Сам настаўнік фізічнай культуры ў розны час станавіўся пераможцам абласных і рэспубліканскіх спаборніцтваў па лыжных гонках, чэмпіёнам Рэспублікі Беларусь па зімнім паліятлоне, неаднаразовым прызёрам чэмпіянату Еўропы па лясным біятлоне.
Спачатку Арцём паспрабаваў сябе ў лыжным спорце пад кіраўніцтвам Барыса Фёдаравіча, дзе дасягаў пэўных вынікаў. Адначасова займаўся лёгкай атлетыкай у дзіцяча-юнацкай спартыўнай школе, і ў 2013 годзе юны спартсмен упершыню стаў прызёрам першынства Рэспублікі Беларусь па лёгкай атлетыцы ў бегу на дыстанцыі тры кіламетры.
Цікавым і карысным з’яўляецца для юных спартсменаў летні адпачынак у спартыўных і палатачных лагерах. Знаходзячыся летам 2014 года ў палатачным лагеры ў аграгарадку Курманава Мсціслаўскага раёна, Арцём сустрэўся з чалавекам, які вызначыў яго далейшы жыццёвы і прафесійны выбар. Гэтым чалавекам стаў Альберт Ласякоў, кіраўнік аб’яднання па інтарэсах “Сілавое трохбор’е”, якое Арцём пачаў наведваць падчас лагернай змены. Трэнер пазнаёміў зацікаўленага юнака з азамі паўэрліфтынга і прапанаваў паспрабаваць свае сілы ў падыманні штангі. Тады Арцём упершыню падняў без цяжкасці стакілаграмовую штангу. Педагог парэкамендаваў яму звярнуць асаблівую ўвагу на гэты від спорту.
Пасля вяртання дадому хлопец працягнуў заняткі паўэрліфтынгам з трэнерам Аляксандрам Ласяковым (бацькам Альберта Ласякова), майстрам спорту па гіравым спорце, які падрыхтаваў не аднаго чэмпіёна. У кастрычніку 2015 года Арцём Савельеў прыняў удзел у раённых спаборніцтвах, дзе заняў 1 месца ў сваёй вагавой катэгорыі. У красавіку 2015 года юны спартсмен перамог сваіх сапернікаў у абласных спаборніцтвах, дзе яго заўважыў першы намеснік старшыні Беларускай федэрацыі паўэрліфтынга Канстанцін Бурыкін. Ён запрасіў Арцёма на кубак Рэспублікі Беларусь па паўэрліфтынгу, дзе наш хлопец змог паказаць сябе. Так Арцём увайшоў у зборную каманду Рэспублікі Беларусь па гэтым відзе спорту і пачаў трэніравацца ў алімпійскім спарткомплексе “Стайкі”. Сустрэча са знакамітымі цяжкаатлетамі Андрэем Рыбаковым, Яўгенам Жарнасекам, Дзіянай Сазанавец і іншымі вельмі натхніла яго і навяла на думку, што той сур’ёзны ўзровень падрыхтоўкі, якую ён праходзіць тут, павінен прывесці яго да запаветнай мэты — перамогі ў чэмпіянаце Еўропы па паўэрліфтынгу.
Трэнер Аляксандр Ласякоў, сваякі, сябры, аднакласнікі, ды і ўсе беларускія балельшчыкі сачылі за ходам спаборніцтваў і поспехамі юнага спартсмена ў анлайн-рэжыме.
Арцём заняў 1 месца ў вагавой катэгорыі да 59 кг сярод юнакоў і стаў чэмпіёнам Еўропы, а таксама заваяваў 2 месца ў абсалютным заліку сярод 45 удзельнікаў чэмпіянату Еўропы і ўстанавіў пяць рэкордаў Еўропы: тры ў станавой цязе (187,5 кг, 198 кг, 200 кг) і два ў суме (483 кг, 285 кг), а таксама чатыры рэкорды свету: два ў станавой цязе (198 кг, 200 кг) і два ў суме (483 кг, 485 кг).
— Я рад, што дасягнуў такіх высокіх вынікаў, — гаворыць Арцём. — Быў упэўнены ў сваіх сілах. Калі падымаўся на п’едэстал, з гордасцю трымаў сцяг Беларусі. А зараз у мяне новая мэта — чэмпіянат свету, які пройдзе ў ЗША ў штаце Тэхас.
Скончыць 10 клас роднай школы Арцёму не дазволілі ўстаноўленыя ім еўрапейскія і сусветныя рэкорды. Зусім нядаўна Арцём прыняў запрашэнне на навучанне ў школе алімпійскага рэзерву Наваполацка Віцебскай вобласці, дзе ў цяперашні час працягвае свае трэніроўкі. Мы вельмі спадзяёмся, што Арцём зрабіў правільны выбар і вяршыні чэмпіянату свету таксама пакорацца яму, а маленькі горад Мсціслаў праславіцца яшчэ і асілкамі сусветнага ўзроўню.

Ала ФАМІНОВА,
намеснік дырэктара
па вучэбнай рабоце
сярэдняй школы № 2 Мсціслава.