Чый робат лепшы?

- 10:34Навіны рэгіёнаў

Адкрыты турнір па робататэхніцы “РобаФэст-Гомель” прайшоў у Гомельскім абласным палацы творчасці дзяцей і моладзі.

Турнір адбыўся ў выніку супрацоўніцтва абласнога палаца творчасці з адукацыйным цэнтрам Парка высокіх тэхналогій. Ён праводзіўся ўпершыню і сабраў навучэнцаў з сямі ўстаноў адукацыі Гомельшчыны —хлопчыкаў і дзяўчынак ад 7 да 14 гадоў, якія захапляюцца робататэхнікай. Усяго налічвалася амаль паўсотні ўдзельнікаў, якія былі аб’яднаны ў 33 каманды.

Суддзямі турніру выступілі намеснік дырэктара адукацыйнага цэнтра Парка высокіх тэхналогій, выкладчык фізікі і інфармацыйных тэхналогій, заснавальнік робататэхнічнага руху ў Беларусі і распрацоўшчык вучэбных праграм па праграмаванні для дзяцей Ігар Шаўчэнка, а таксама яго калега, трэнер па робататэхніцы, аўтар факультатыўных праграм па робататэхніцы ў школах нашай краіны, выкладчык кафедры інфарматыкі і методыкі выкладання інфарматыкі БДПУ імя Максіма Танка, трэнер каманды Беларусі на Сусветнай алімпіядзе па робататэхніцы Аляксандр Францкевіч.

Журы падзяліла ўдзельнікаў на дзве ўзроставыя катэгорыі. Па выніках спаборніцтваў у малодшай узроставай групе (дзеці да 10 гадоў) пераможцамі сталі дзевяцігадовы навучэнец гімназіі № 56 Гомеля Ігар Шмыгалёў, які атрымаў дыплом I ступені. На другім і трэцім месцы адпаведна хлопчыкі з клуба робататэхнікі “Аксіёма”, які дзейнічае пры гімназіі № 51 Гомеля: Максім Лагвіненка і Антон Шыпавалаў.

У старшай узроставай групе дыплом I ступені дастаўся Андрэю Малаеву, а дыплом II ступені — Лізавеце Самусевай, якія таксама займаюцца ў клубе робататэхнікі “Аксіёма”. Дыплом III ступені атрымаў выхаванец светлагорскага камп’ютарнага цэнтра дзяцей і моладзі Мікіта Голуб (трэнер Станіслаў Жырыкаў). Цікава, што амаль усе дзеці, якія аказаліся сярод пераможцаў, — вучні трэнера Наталлі Тамашэнка. Добры вынік паказалі і выхаванцы Гомельскага абласнога палаца творчасці дзяцей і моладзі. Каманда трэнера Кацярыны Маскалёвай, у якую ўвайшлі Ягор Доўгі і Аляксандр Руснак, заняла чацвёртае месца ў старшай узроставай групе. Суддзі вызначылі і наймацнейшага робата-сумаіста турніру. Абсалютным жа пераможцам спаборніцтва стаў Ігар Шмыгалёў.

Наталля ЛУТЧАНКА.