«Чорны ліс», «Зарніца» і «Юны спецназавец»: як выхоўваюць патрыётаў у мар’інагорскай школе №3

- 13:17Образование

“Вучыць дзяцей любіць і паважаць Радзіму — ідэя, якой мы верныя шмат гадоў”, — падкрэслівае дырэктар сярэдняй школы № 3 Мар’інай Горкі Пухавіцкага раёна Святлана Швачко. Падрабязнасці – у матэрыяле карэспандэнта “Настаўніцкай газеты”.

Па школьным статуце

Юныя патрыёты з сярэдняй школы № 3 Мар’інай Горкі займаюцца ў ваенна-патрыятычным клубе “Чорны ліс”, штогод перамагаюць у абласных спаборніцтвах “Абаронца Айчыны”. Яшчэ адна адметнасць установы — бездакорны парадак і дысцыпліна на ўроках і перапынках. Гэта адчуваецца адразу, як уваходзіш у школу. А інакш і не можа быць: тут вучыцца шмат дзяцей з сем’яў ваеннаслужачых — установа адукацыі доўгі час знаходзілася на тэрыторыі ваеннага гарадка. Побач размяшчаецца 5-я асобная брыгада спецыяльнага назначэння, якая цесна супрацоўнічае са школай. Ды і сама навучальная ўстанова жыве па сваім ненапісаным статуце, які, як лічаць настаўнікі, нядрэнна было б і напісаць, бо дысцыпліна і паслухмянасць — галоўнае, з чаго трэба пачынаць выхаванне дастойнага грама­дзяніна краіны.

— Вернасць традыцыям у патрыятычным выхаванні — наш нязменны прынцып на працягу дзесяцігоддзяў, — адзначае Святлана Швачко. — Школе, якой, дарэчы, у гэтым годзе споўніцца 87 гадоў, ёсць чым ганарыцца: сёння тут дзейнічаюць ваенна-патрыятычныя класы на другой ступені навучання, ёсць профільны ваенна-патрыя­тычны клас. Асаблівая ўвага ўдзяляецца фізічнай падрыхтоўцы школьнікаў, якая ў нас заўсёды на высокім узроўні. Право­дзяцца факультатыўныя заняткі “Гатовы Ра­дзіме служыць!”. Таксама на базе школы знаходзіцца рэсурсны цэнтр дапрызыўнай падрыхтоўкі. Гэты год для нас, як і для ўсёй краіны, асаблівы: адзначаем 80-годдзе вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў. З гэтай нагоды ўжо запланаваны шэраг мерапрыемстваў.

А зараз ідзе актыўная падрыхтоўка да слаўных лютаўскіх свят: Дня юнага героя-­антыфашыста, Дня памяці воінаў-інтэрнацыяналістаў, Дня абаронцаў Айчыны і Узброе­ных Сіл Рэспублікі Беларусь. У лютым у школе традыцыйна прахо­дзіць месячнік грамадзянска-патрыятычнага выхавання. Па словах дырэктара, у мерапрыемствах задзейнічаны амаль усе навучэнцы, класныя кіраўнікі, педагогі-арганізатары. Так, 15 лютага школьнікі пойдуць на патрыятычны мітынг, які традыцыйна праводзіць 5-я асобная брыгада спецыяльнага прызначэння. Потым у клубе ваеннай часці № 89417 адбудзецца сустрэча з ветэранамі ваеннай службы, а ў школе на працягу ўсяго месяца будуць праводзіцца ўрокі мужнасці.

— Найбольш маштабныя мерапрыемствы мы праводзім у шосты школьны дзень, — паведамляе намеснік дырэктара па выхаваўчай рабоце Людміла Тужыкава. — Напрыклад, конкурсы “Армейскі экспрэс”, “Будучы абаронца Айчыны”, “Зарнічка” і “Зарніца”, а таксама “Юны спецназавец”.

“Чорны ліс” і “лісяняты”

Ваенна-патрыятычны клуб “Чорны ліс”, які створаны на базе 5-й асобнай брыгады спецыяльнага назначэння, яшчэ зусім малады: яму ўсяго паўтара года. Але папулярнасць сярод мар’інагорскіх школьнікаў ён атрымаў неверагодную. Дзецям тут цікава: традыцыі мужнасці байцы перадаюць школьнікам у захапляльнай форме. У межах клуба працуюць спартыўныя секцыі, дзяцей вучаць аказваць першую дапамогу, праводзяць заняткі па агнявой, страявой падрыхтоўцы. Вучні трэніруюцца збіраць і разбіраць аўтамат, складваць парашут. Сумных лекцый тут не чытаюць — усё адпрацоўваецца на практыцы ў гульнявой форме. З вялікай ахвотай ідуць сюды не толькі хлопчыкі, але і дзяўчынкі. Адна з іх — дзесяцікласніца Дар’я Андраюк.

— Трэба вучыцца сёння, каб, калі што, заўтра абараняць Радзіму, — гаворыць яна і з гордасцю дэманструе значок клуба. — Не так даўно на дзень нараджэння нашага клуба мы ўдзельнічалі ў святочным канцэрце, паказвалі элементы рукапашнага бою. Ужо некалькі гадоў я займаюся ў ваенна-патрыятычным класе нашай школы, планую для сябе ваенную кар’еру. Магчыма, буду паступаць у Ваенную акадэмію Рэспублікі Беларусь. Сама я не з сям’і ваеннаслужачых, але мой дзед Анатоль Мікалаевіч Чарнак прайшоў усю афганскую вайну, яго прыклад мяне натхняе. Мы з ім лепшыя сябры, ён вельмі радуецца маім поспехам.

Дар’я — пераможца раённага этапу абласнога конкурсу “Вучань года Мінскай вобласці — 2023” у намінацыі “Ваенна-патрыятычная дзейнасць”.

Людміла Тужыкава: З дня заснавання школа верная сваім традыцыям — выхоўваць будучых абаронцаў краіны. Яшчэ ў савецкія часы вопыт нашай установы адукацыі ў ваенна-патрыятычным выхаванні распаўсюджваўся па ўсім Саюзе

Пад кіраўніцтвам ваеннаслужачых “лісяняты” рэгулярна выязджаюць у музеі, наведваюць ваенны палігон. Летам школьнікаў запрашаюць у паходы, а таксама ў палявы лагер, дзе яны маюць магчымасць пабачыць сапраўдны армейскі побыт.

Любімыя ўрокі

На занятках па ваенна-патрыятычным выхаванні, якія вядзе Мікалай Чагрынец, заўсёды цікава, весела і пазнавальна.

— Дзеці да яго цягнуцца, — падкрэслівае намеснік дырэктара па выхаваўчай рабоце. — Ён займаецца не толькі са старшакласнікамі, але і з сярэднім звяном, з малышамі — па ўласнай ініцыятыве. Вя­дзе заняткі па дапрызыўнай падрыхтоўцы, два гурткі — “Юны спецназавец” і “Трапны стралок”.

Сам настаўнік адзначае, што працаваць з дзецьмі не так проста:

— Са старшакласнікамі прасцей, яны добра ведаюць свае мэты і задачы, а з малодшымі прыходзіцца ўключаць фантазію. Лягчэй, вядома, з тымі, хто з сям’і ваенных. Самае галоўнае для мяне — дысцыпліна на ўроку, без яе нічога не атрымаецца. Працую нават з першакласнікамі, вяду ў іх урокі мужнасці. З захапленнем дзеці слухаюць гісторыі з маёй армейскай службы, якой я аддаў 17 гадоў. Я з сям’і ваенных. Баць­ка, старэйшыя брат і сястра, пляменнікі — ваеннаслужачыя. І сваім вучням я стараюся прывіць цікавасць да службы. На занятках па дапрызыўнай падрыхтоўцы задаю старшакласнікам пытанні, якіх няма ў падручніках, так што ў мяне не засумуеш. Нават тэлефоны не забіраю — у дзяцей проста няма ні часу, ні жадання займацца нейкімі іншымі справамі. Бывае, нават дазваляю пашукаць у інтэрнэце правільны адказ, але абмяжоўваю час, скажам, даю 5 мінут. Хто паспее, атрымае добрую адзнаку. Дык тэлефоны аж дымяцца — так вучні стараюцца паспець!

Слаўны прыклад

На базе школы ўжо шмат гадоў дзейнічае аддзел Пухавіцкага раённага краязнаўчага музея “Героі і подзвігі”.


Яго экспазіцыі прысвечаны героям Вялікай Айчыннай вайны. Тры пакоі, безліч экспанатаў, пра якія кіраўнік аддзела Любоў Фацьянава можа расказваць бяс­конца… Ды так цікава, што вучні прыходзяць сюды не толькі на музейныя заняткі, але і ў вольны час. З дзяцінства ўлюбёная ў гісторыю, яна чытае дзецям лекцыі, якія запамінаюцца надоўга.

Толькі што я праводзіла заняткі “Гэтых дзён не змоўкне слава”, прысвечаныя знакамітай аперацыі “Баграціён”, — дзеліцца суразмоўніца. — Вялікая радасць для педагога, калі дзеці праяўляюць цікавасць, задаюць пытанні. Значыць, мне ўдалося закрануць іх сэрцы, выклікаць эмоцыі.

Дарэчы, Любоў Андрэеўна працуе ў 3-й школе ўжо амаль 40 гадоў — з 1986 года. Доўгі час выкладала гісторыю, потым была кіраўніком музейнага аддзела. Зараз педагог на пенсіі, але справы сваёй не пакідае.

— Я наведваю ўсе школы горада з лекцыямі, — расказвае яна. — Якраз зараз збіраюся на выязную сустрэчу ў сярэднюю школу № 4. Буду расказваць дзецям пра гісторыю Пухавіцкага раёна пачынаючы са старажытных часоў: пра назвы населеных пунктаў, сацыяльнае і эканамічнае развіццё рэгіёна. Гэты раён для мяне родны, нягледзячы на тое, што нарадзілася я ў Расіі. Жыву тут ужо вельмі доўгі час.

Лізавета МІЦКЕВІЧ
Фота аўтара