Чвэрць стагоддзя каларыт палескіх рамёстваў натхняе на творчасць будучых настаўнікаў з Брэста

- 14:10Хранители традиций

Аўтэнтычныя пісанкі, жывапісныя палотны, лялькі, свістулькі… Студэнтаў і выкладчыкаў Брэсцкага дзяржаўнага ўніверсітэта імя А.С.Пушкіна аб’яднала народная творчая майстэрня выяўленчага і дэкаратыўна­прыкладнога мастацтва “Повязь”. Падрабязнасці — у матэрыяле карэспандэнта “Настаўніцкай газеты”.

Акцэнт на лакальнай культуры

Слоўнікі тлумачаць “повязь” як “пераемная сувязь”. Якраз гэта — пераймаць забытае мастацтва, каб не страціць сувязь з мінулымі пакаленнямі, — і ставяць сваёй задачай муж і жонка Валерый і Марына Марчук, старшыя выкладчыкі кафедры педагогікі і методык пачатковай адукацыі. Сваё аб’яднанне па інтарэсах “Повязь” яны стварылі больш за 25 гадоў назад для тых студэнтаў, якім было недастаткова вучэбнай праграмы і хацелася глыбей спазнаць каларыт палескіх рамёстваў. У вольны час маладыя творцы займаліся рэканструкцыяй ручнікоў Брэсцкага рэгіёна, семантыкай іх арна­менту, знаёміліся з народнымі строя­мі і інш. Паступова аб’яднанне шырылася і вырасла да творчай майстэрні, якой пазней было прысвоена званне народнага аматарскага калектыву.

Як расказала майстар народных мастацкіх рамёстваў Марына Марчук, зараз іх майстэрня працуе па двух асноўных напрамках — акадэмічным і народным. Першы ўключае ў сябе правядзенне пленэраў і арганізацыю выстаў па іх выніках. Падчас выездаў студэнты не толькі ўдасканальваюць мастацкае майстэрства, але і спазнаюць гісторыю роднага краю. Работа ў кірунку дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва звяртае студэнтаў да лакальнай культуры Брэстчыны (Кобрына, Маларыты, Давыд-Гарадка і іншых населеных пунктаў), і тыя ўзнаўляюць мясцовыя рамёствы ва ўніверсітэцкай майстэрні.

Каларыт вобразаў, самабытнасць рамёстваў, выкарыстанне прыродных матэрыялаў удзельнікамі “Повязі” заўсёды высока ацэньваюцца экспертамі падчас конкурсаў. Поспехі студэнтаў адзначаны дыпломамі і медалямі міжнароднага конкурсу выяўленчага мастацтва “Кубак Беларусі”, рэспубліканскіх конкурсаў “Грані творчасці”, “Погляд у нябёсы” і іншых.

Прыхільнікі выяўленчага мастацтва асвойваюць жывапіс, малюнак, графіку. Будучыя настаўнікі малодшых класаў вырабляюць лялек, працуюць з глінай, шамотам, гіпсам, займаюцца пластыкай, асвойваюць розныя тэхнікі мастацкай апрацоўкі тканіны і саломы, вышыўку, выцінанку, пісанку і інш.

Цвічок-пісачок і трубачка-леечка

У ліку самых захопленых пісанкай — другакурсніца Лізавета Чубінашвілі. Дзяўчына працуе ў тэхніцы графіка, і якраз у пісанцы, дзе спалучаюцца лініі і кропкі, яе прыхільнасць аказалася вельмі дарэчы. Мы трапілі на заняткі па роспісе, дзе Лізавета прадэманстравала нам сваё майстэрства.

Наносячы расплаўленым воскам узоры на вараныя яйкі, Лізавета рас­казвае:

— Для мяне пісанка — гэта ўспаміны пра дзяцінства. Мае мама і бабуля распісвалі яйкі для нас, дзяцей. Калі я падрасла, стала сама вучыцца роспісу. Кожны год шукала новыя спосабы фарбавання яек, і мы з мамай перад Вялікаднем іх прымянялі. Калі я паступіла ва ўніверсітэт, адразу ж прыйшла займацца і ў мастацкую студыю “Повязь”. Спачатку прымала ўдзел у конкурсах са сваімі графічнымі работамі, але Марына Уладзіміраўна прапанавала прымяніць гэтыя тэхнікі ў пісанцы.

Мне цікава і самой вучыцца, і ву­чыць гэтаму іншых. Напрыклад, нядаўна мы з Марынай Уладзіміраўнай праводзілі майстар-клас па пісанцы ў мастацкім музеі Брэста — філіяле Брэсцкага абласнога краязнаўчага музея. У будучыні планую глыбей асвойваць і пісанку, і іншыя кірункі. Мне як будучай настаўніцы малодшых класаў хочацца вывучыць як мага больш кірункаў, каб некалі паказаць іх усе дзецям. Так яны змогуць выбраць для сябе тое, у чым захочуць развівацца глыбей. І абавязкова сярод мноства варыянтаў для выбару будзе пісанка.

Цяпер Лізавета Чубінашвілі засяродзілася на традыцыйнай дамачаўскай пісанцы. Калекцыі распісных яек, якія стварае ў гэтай тэхніцы, яна прадстаўляе на рэспубліканскіх конкурсах і выставах, мае шэраг перамог. Выдатнае валоданне названай тэхналогіяй паспрыяла таму, што нядаўна Лізавета стала ўдзельніцай Беларускага саюза майстроў народнай творчасці, прычым адной з самых маладых у краіне.

Марына Уладзіміраўна адзначыла, што некалі на Палессі дэкарыравалі роспісам не толькі велікодныя, але і так званыя сёмушныя пісанкі. Гэтае мас­тацтва творчая каманда пераймала ад жыхарак вёсак Дамачава і Астрамечава Брэсцкага раёна.

— На Тройцу (інакш гэтае свята называюць Сёмуха, а ў нашай мясцовасці — яшчэ і Зелянец) нашы продкі ўпрыгожвалі дамы і цэрквы зялёнымі галінкамі, а яйкі, у адрозненне ад чырвоных велікодных, фарбавалі ў адценні зялёнага. Мы цалкам страцілі традыцыю сёмушнай пісанкі, пра тое, што яна тут была, не ведаюць нават навукоўцы, этнографы, але яна яшчэ жыве ва ўспамінах жыхароў. Мы са студэнтамі і імкнёмся яе аднавіць, — адзна­чае Марына Ула­дзіміраўна.

Выкладчыца расказала, што на свята Зелянец вакол усё расцвітае, таму галоўны сюжэт у роспісе — раслінныя матывы: кветкавыя разеткі і паўразеткі, гірлянды з кветак, каласкі. Асноўнымі элементамі здаўна былі архаічныя сімвалы — кропка і выцягнутая кропля.

— У мінулых пакаленняў нашых продкаў з Дамачава кропкі на пісанцы сімвалізавалі засеяную раллю, а кроплі маглі ўтвараць каласкі як сімвал хлеба, трыліснікі як сімвал лапы бусла і інш. Галоўны сюжэт на астрамечаўскай пісанцы — стылізаваныя ветракі. Такія ў Астрамечаве малявалі яшчэ з часоў, калі там былі вадзяныя млыны. Мясцовыя майстрыхі раскрылі і сакрэты аўтэнтычных фарбавальнікаў. Для велікодных галоўны інгрэдыент — цыбульнае шалупінне. Калі даба­віць ржавыя цвікі, то цыбульны адвар атрымае залацістае адценне. Яркія пігменты для творчасці дае сок морквы, буракоў, ягад. Зялёны ж колер сёмушным пісанкам надаюць парасткі жыта — іх заварвалі, настойвалі і ў іх адварвалі яйкі. Кара дзікай яблыні і пупышкі бэзу надаюць салатава-жоўтае адценне, а больш цёмны колер — шышкі вольхі. Калі неабходна атрымаць вохрыстыя адценні, то ў адвар можна дабавіць кару дуба, — дзеліцца здабытымі сакрэтамі Марына Уладзіміраўна.

Па яе словах, не менш важны тут і інструмент. Такі нідзе не купіш, але стварыць яго зможа кожны:

— Галоўны інструмент, якім спрадвеку распісвалі пісанкі майстрыхі на нашай зямлі, — цвічок-пісачок. Ім наносілі ўсяго тры дэкаратыўныя элементы — кропку, коску і выцягнутую кроплю, але з іх складваецца неверагодная колькасць арнаментаў, узораў. Адна з самых пажылых жыхарак Астрамечава расказала, як робіцца пісачок для малявання ветрачкоў. Такі яна памятае з дзяцінства — ім стваралі пісанкі яшчэ яе бабулі. Бярэцца металічны наканечнік-трубачка са звычайнага шнурка і мацуецца на драўляную палачку. У гэтую трубачку набіраецца расплаўлены над свечкай воск, і з яе ён выліваецца, утвараючы роўныя графічныя лініі. Цікава, што ў кожнай майстрыхі быў свой стыль работы. Ад дыяметра трубачкі-леечкі, памеру, аддаленасці аднаго элемента ад другога залежыць мастацкі почырк аўтара.

Керамічнае цяпло

Валерый Марчук аддае перавагу кераміцы. За дзесяцігоддзі ён стварыў сотні скульптурных вырабаў, быў удзельнікам найбуйнейшых рэспублі­канскіх фестываляў, мае шэраг узнагарод як за ўласныя творчыя дасягненні, так і за поспехі вучняў.

Усе фігуркі Валерыя Іванавіча на­дзелены мастацкімі якасцямі і жыццёвай філасофіяй. Аўтар выкарыстоў­вае традыцыйныя керамічныя тэхналогіі: лепку, дэкарыраванне глазурай, дымленне, ваксаванне. Але ён не супраць і паэксперыментаваць. Таму ў яго вырабах смела спалучаюцца рознахарактарныя матэрыялы: да гліны дабаўляюцца шкло, камень, цэгла, метал і інш. Асабліва незвычайна выглядае яго калекцыя скульптур у стылі стымпанк, дзе ў керамічным фармаце спалучыліся рухавікі, шасцярэнькі, шрубы, цвікі і інш.

Але найбольш у яго калекцыях гліняных цацак-свістулек. Развіццю гэтага народнага рамяства ён прысвячае большую частку свайго часу.

Валерый Марчук упэўненымі і дакладнымі рухамі з камячка гліны стварае птушку, якая напрыканцы нашай размовы набывае меладычны галасок. Побач падобная свістулька нара­джаецца ў руках студэнткі 3 курса Паліны Кашальковай.

— На Палессі было шмат выдатных майстроў, якія працавалі з глінай. Зігмунд Жылінскі — у Ружанах, Антон Такарэўскі — у Пружанах, Мац­вей Пячонка — у Гарадной. Хацелася б, каб іх майстэрства працягвала жыць. Мы гаворым пра лакальную культуру, якую пераймаем ад мінулых пакаленняў. Не абагульняем, а бяром чыстыя прыёмы ад вытокаў. Бо для нас важна захоўваць рэгіянальную культуру. Напрыклад, сёлета мы заняліся рэканструкцыяй творчасці Зігмунда Жылінскага. У нас ёсць адна яго арыгінальная работа, якую нам перадала дачка вядомага кераміста. Паліна Кашалькова нават стварыла цэлую калекцыю гліняных свістулек па матывах работ Зігмунда Жылінскага і выканала курсавую работу “Развіццё творчых здольнасцей у дзяцей малодшага школьнага ўзросту на прыкладзе традыцыйнай глінянай цацкі”, — рас­казвае Валерый Іванавіч.

Сярод яго выпускніц і мастак-педагог Ганна Абрамчык. Цяпер у яе свая ўзорная студыя “Крокі” ў Цэнтры дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі Брэста. Яна таксама зазірнула ў майстэрню:

— Я з дзяцінства люблю кераміку, працягнула яе асвойваць і ва ўніверсітэце, выбраўшы з шэрага іншых кірункаў, і працягваю ёй займацца да гэтага дня. Мая студыя “Крокі” — гэта працяг таго, чаму я навучылася ва ўніверсітэце. Мае навучэнцы асвойваюць кераміку, ладзяць свае выставы. Гліна — гэта прыродны, жывы, цёплы матэрыял, таму і гісторыя, якая развіваецца ў цацках і скульптурах, — гэта жывыя эмоцыі. Цацка — першае, што ляпілі дзеці, таму формы ў вобразах наіўныя і зразумелыя. Часта яны застаюцца такімі ж, нават калі ствараюцца дарослымі людзьмі. І гэта выдатна: варта заўсёды заставацца крыху дзецьмі, прасцей ставіцца да навакольнага свету.

Ноткі аўтэнтыкі

Марына і Валерый Марчук робяць усё, как перадаць сваё стаўленне да народных рамёстваў студэнтам. Але адзначаюць, што ім хацелася б, каб яшчэ ў школе іх падапечныя мелі магчымасць атрымліваць на ўроках мастац­тва больш трывалую аснову ў выяўленчым мастацтве і дэкаратыўна-прыкладной творчасці. У такім выпадку, калі яны стануць студэнтамі, выкладчыкі змогуць пачынаць не з элементарных асноў, а адразу з больш грунтоўнай, адмысловай падрыхтоўкі. Так будучыя настаўнікі за чатыры курсы паспеюць куды больш.

Але пры гэтым педагогі адзначаюць, што стаўленне да аўтэнтыкі ў моладзі мяняецца да лепшага і жадаючых да яе дакрануцца з кожным годам усё больш. Марына Уладзіміраўна разважае:

— Надыходзіць час рэнесансу, адраджэння забытых рамёстваў. Запыт ёсць, разуменне — таксама, але пакуль не хапае глыбіні пазнання, самааданнага паглыблення ў кірунак. Доўгі час мы забывалі пра захаванне аўтэнтычнага мастацтва, але сёння сітуацыю выпраўляюць школы рамёстваў, мастацкія студыі. Праўда, у сучасных выкладчыкаў не заўсёды ёсць накіраванасць на аўтэнтыку. Часам дзейнасць маладых майстроў і іх вучняў нацэлена выключна на “А я хачу рабіць так!”. Яны арыентуюцца толькі на ўласны густ, таму ў іх вырабах парушаны законы кампазіцыі, раўнавагі, не працуюць сродкі мастацкай выразнасці… Яны не гатовы вярнуцца да традыцыі, імкнуцца толькі да самавыяўлення. Мы ж сваіх вучняў пераконваем, што самавыяўленне пачынаецца толькі тады, калі ёсць вопыт, веды пра традыцыі. Толькі на базе разумення асноў, умення, глыбокага пазнання можна дазволіць сабе самавыяўленне. Нам ёсць чаму вучыцца ў продкаў, што захоўваць, чаму вучыць моладзь і чым ганарыцца.

Святлана НІКІФАРАВА
Фота аўтара