Чым дапамагае навучэнцам праект «Прафесійны навігатар»

- 16:16Новости

У сучасным свеце чалавеку складана вызначыцца ў прафесійным плане. Асабліва цяжка гэта зрабіць выпускніку школы.

Пошук прафесійнага шляху — задача складаная і вельмі важная. Варта параіцца з бацькамі, сябрамі, знаёмымі. Але парады іншых толькі адлюстроўваюць, як правіла, іх уласныя жаданні і запатрабаванні. Выбар свайго прафесійнага шляху кожны павінен зрабіць сам.

Вырашыць гэтую задачу заклікана прафарыентацыя, у рэалізацыі якой вядучую пазіцыю займае ўстанова адукацыі. Ёсць два спосабы выбраць прафесію. Адзін — метад спроб і памылак. На гэта можа спатрэбіцца шмат часу. Іншы — вывучыць свае інтарэсы і схільнасці, асаб­лівасці мыслення — усё тое, што робіць чалавека адзіным і непаўторным, затым азнаё­міцца са светам прафесій, даведацца патрабаванні прафесіі да чалавека і суаднесці іх са сваімі здольнасцямі.

З мэтай дапамагчы ма­ладым людзям у выбары прафесіі Бераставіцкім вучэбна-метадычным кабінетам
распрацаваны праект “Прафесійны навігатар” з прыцягненнем арганізацый і будучых патэнцыяльных работадаўцаў.

Асаблівая ўвага ўдзель­нікаў праекта накірава­на на вырашэнне пытанняў прафесійнай арыентацыі навучэнцаў на выбар педагагічных, медыцынскіх і сельска­гаспадарчых спецыяль­насцей, а таксама прафесій у сферы журналістыкі.

Для пошуку адказаў на пытанні “Кім быць?”, “Як знайсці сваё месца і прызначэнне ў жыцці?” праект прадугледжвае выкарыстанне патэнцыялу вольнага часу ў шосты школьны дзень.

Галоўная мэта праекта — стварэнне ўмоў для прафесійнага самавызна­чэння вучняў з улікам рэгіянальных запатрабаванняў у кад­рах. Рэалізацыя праекта ажыццяўляецца ў рамках дня працоўнага выхавання і прафесійнай арыентацыі, якім выбрана трэцяя субота месяца. Работа па прафарыентацыі вядзецца ў двух кірунках: тэарэтычным і практычным. У кожнай установе агульнай сярэдняй адукацыі арганізавана дзейнасць чатырох пляцовак. Кожная пляцоўка вядзе прафарыентацыйную работу па фарміраванні ў школьнікаў устойлівай прафесійнай цікавасці да педагогікі або сельскай гаспадаркі, да медыцыны або журналістыкі.

Праект прадугледжвае інфармаванне ўдзельнікаў аду­кацыйнага працэсу аб педагагічных, медыцынскіх і сельскагаспадарчых спецыяль­насцях, а таксама ў сферы журналістыкі; знаёмства падлеткаў з відамі прафесій праз прафпагружэнні, трэнінгі па прафесіях, прафлайфхакі, дзелавыя гульні, брэйн-рынгі, прафарыентацыйныя тэсціраванні, экскурсіі на прадпрыемствы, спробы пяра, прафесійнае канапэ, квесты; тэматычныя бацькоўскія схо­ды, арганізацыя бацькоўскіх лекторыяў па пытаннях прафарыентацыі, індывідуальныя гутаркі, сумесныя дзіцяча-бацькоўскія праф­арыентацыйныя гульні і г.д.

Школа аказвае дапамогу ў разумным выбары будучай прафесіі. Дапамагаючы навучэнцам у выбары пэўнага шляху, мы імкнёмся да таго, каб работа па прафарыентацыі знайшла лагічны працяг у далейшай працы з выкарыстаннем ведаў і навыкаў, атрыманых за час навучання ў школе. Гэты праект дазваляе арганізаваць мэтанакіраваную работу ў арыентаванні навучэнцаў на паступленне на спецыяльнасці найбольш актуальныя і запатрабаваныя ў канкрэтным рэгіёне. Выбар прафесіі падлетак павінен зрабіць свядома, а не ўслед за сябрамі, па пара­дзе дарослых ці “куды прасцей паступіць”. Цікавасць да будучай прафесіі з’яўляецца важным стымулам і ўмовай больш хуткага яе асваення, а пасля — плённай працы.

 Наталля ЛАПІНСКАЯ,
загадчыца Бераставіцкага вучэбна-метадычнага кабінета