Чытаем па… гадзінніку. У школе № 18 Брэста ведаюць, як павысіць цікавасць падлеткаў да чытання

- 12:02Образование

У сярэдняй школе № 18 Брэста ведаюць, як павысіць цікавасць падлеткаў да чытання. Падрабязнасці — у матэрыяле карэспандэнта “Настаўніцкай газеты”.

— Друкаваныя кнігі суправа­джаюць нас з дзяцінства, знаёмячы з казачнымі героямі, далёкімі краінамі і гістарычным мінулым, — гаворыць настаўніца рускай мовы і літаратуры Святлана Гладун. — Чытанне — гэта не толькі спосаб атрымання рознай інфармацыі і адукацыі, але і крыніца эстэтычнага задавальнення, форма зносін, забаў і сацыялізацыі. Сённяшнія школьнікі ўсё радзей звяртаюцца да кніг, аддаючы перавагу камп’ютарным гульням, сацыяльным сеткам. Гэта прыводзіць да сур’ёзных праблем, звязаных з канцэнтрацыяй увагі, кліпавым успрыманнем і мысленнем, зніжэннем кагнітыўных здольнасцей: паглыбленае аналітычнае мысленне падмяняецца павярхоўным праглядам электронных тэкстаў. А калі яшчэ і ў сям’і ніхто і нічога не чытае, то дзеці тым больш не бу­дуць гэтага рабіць, нягледзячы на вялікую колькасць кніг у магазінах.

Па выніках міжнароднага параўнальнага даследавання PISA-2018, Беларусь па чытацкай адукаванасці знаходзіцца на 35—36 пазіцыі ў сусветным рэйтынгу сярод 79 краін. Можа, дарэмна хвалюемся? Святлана Гладун так не лічыць.

— Мы назіраем сістэмны крызіс чытацкай культуры: некаторыя людзі ўвогуле не бяруць у рукі кнігі, страчваюцца традыцыі сямейнага чытання, зніжаецца цікавасць да друкаванай прэсы і чытацкія густы, прымітывізуецца маўленне, павялічваецца колькасць англамоўных слоў у ім, — тлумачыць педагог. — Большасць вучняў не чытае ні кніг, ні газет, ні часопісаў. Такая сітуацыя патрабуе стварэння ва ўстановах адукацыі чытацкага асяроддзя, якое дапамагала б фарміраваць адпаведныя інтарэсы і патрэбы.

У школе рэалізавалі праект “Час чы­таць”. Ён дазволіў не толькі выя­віць чытацкія густы дзяцей і ўзровень іх агульнай чытацкай культуры, але і падштурхнуць да чытання.

— Праект рэалізоўваўся ў некалькі этапаў, — працягвае Святлана Гладун. — Падчас першага вывучалася навуковая літаратура па гісторыі ўзнікнення і развіцця кнігі, абгрунтоўвалася неабход­насць чытання з навуковых пазіцый, аналізаваліся даныя сучасных даследаванняў, звязаных з чытацкімі праблемамі. Так, з псіхалагічнага пункту гле­джання чытанне развівае шэраг важных якасцей, у тым ліку ўяўленне, якое з’яўляецца важным фактарам інтуітыўных адкрыццяў і істотна ўплывае на псіхічнае здароўе чалавека. Як правіла, начытаныя людзі больш упэўненыя ў сабе і эрудзіраваныя, умеюць абазначаць і аргументаваць уласныя меркаванні ў дыскусіях. Акрамя таго, чытанне адыгрывае важную ролю ў павышэнні канцэнтрацыі ўвагі, развіцці памяці і мыслення, пашырэнні кругагляду і слоўнікавага запасу. 

На другім (практычным) этапе праводзілася анкетаванне сярод 100 вучняў 9—11 класаў. Гэтая ўзроставая катэгорыя выбрана наўмысна з-за пэўных псіхалагічных асаблівасцей. На трэцім этапе былі прааналізаваны атрыманыя вынікі, падрыхтаваны рэкамендацыі і сфармуляваны высновы, якія маюць практычную значнасць для далейшай работы па асвеце вучняў, класных кіраўнікоў і бацькоў.

— Анкетаванне паказала, што большасць школьнікаў усё ж такі чытае кнігі (87 чалавек супраць 13), — расказвае Святлана Гладун. — Толькі 10 вучняў назвалі ў якасці прычыны нежадання чытаць сум. Астатнія спаслаліся на недахоп часу, выкліканы ўрокамі ці іншымі, больш цікавымі заняткамі. 59 дзяцей прызналіся, што ім падабаецца чы­таць, 30 чытаюць таму, што гэта прадугле­джана вучэбнай праграмай, 3 хочуць здавацца разумнымі, а 8 прымушаюць бацькі. У чытанні школьнікі аддаюць перавагу фантастыцы, дэтэктывам, прыгодам, містыцы і любоўным раманам. Цікавасць да рэалістычнай і сямейна-бытавой літаратуры невысокая. Некаторыя назвалі ў якасці любімых антыўтопіі, трылеры, фанфікі, манга, коміксы, анімэ і інтэрнэт-мемы. Віртуальны свет больш прыцягальны для падлеткаў, чым рэальны. І гэта нядзіўна, бо многія з іх лічаць класічныя творы нямоднымі і нецікавымі для вывучэння на ўроках, прапануючы ўключыць у курс сучасных аўтараў.

Калі ж гаварыць пра частату чытання, то палова вучняў чытае толькі раз у ты­дзень, 26% — некалькі разоў у тыдзень, а 5% увогуле раз у год. Анкетаванне паказала, што ва ўзятай узроставай катэгорыі назіраецца няўхільнае зніжэнне чытацкіх інтарэсаў. 64% чытаюць кнігі ў друкаваным выглядзе, астатнія — у электронным. Пра сучаснае жыццё і равеснікаў школьнікі шукаюць інфармацыю найперш у інтэрнэце і сярод знаёмых.

— На жаль, больш за палову вучняў лічаць, што быць паспяховым у жыцці можна і без кніг, але многія згодны: неабходна абавязкова павышаць прэстыж друкаванай кнігі рознымі спосабамі, — заўважае Святлана Гладун. — Адна з цікавых форм работы — літаратурныя гадзіны. Здаецца, што ў іх незвычайнага, чым яны могуць здзівіць і ўразіць сучасных вучняў? Аказваецца, могуць! Так, дзеці прыдумалі арыгінальны спосаб, як прыцягнуць увагу і нагадаць іншым, што надышоў час перачытаць любімую кнігу.

Гэта імправізаваны гадзіннік, дзе лічбы замяняюць вокладкі кніг, у назвах якіх сустракаюцца лічбы ад 1 да 12. Напрыклад: 12 — “Дванаццаць крэслаў” І.Ільфа і Я.Пятрова, 3 — “Тры мушкецёры” А.Дзюма, 4 — “Чацвёртая вышыня” А.Ільіной, 5 — “Пяць тыдняў на паветраным шары” Ж.Верна, 6 — “Дзівак з 6 “Б” У.Жалезнікава, 7 — “Сем падземных каралёў” А.Волкава…

Але гэтым цікавая задума не абмяжоўваецца. Да кожнай кнігі складзены заданні ў залежнасці ад класа. Так, пры вывучэнні п’есы “Дванаццаць месяцаў” С.Маршака дзецям прапаноўваецца ўрок-квест, а па выніках прачытання кнігі “Дзівак з 6 “Б” — літаратурны турнір. А вось пасля прачытання кнігі “Пяць тыдняў на паветраным шары” быў распрацаваны ўрок-падарожжа па маршруце галоўных герояў і створаны буктрэйлер.

— У рамках праекта з’явілася цэлая база кніг, у назвах якіх ёсць словы ці выразы, якія абазначаюць лічбы гадзінніка, вывучаны чытацкія інтарэсы вучняў 5—11 класаў, створана “залатая палічка” кніг (базавыя і варыятыўныя чытацкія спісы сучаснай літаратуры для ўсіх узроставых груп) і праведзены бацькоўскі сход на тэму “Як прывіць дзецям любоў да чытання і патрэбу ў ім” з паказам літаратурных гадзін, — гаворыць Святлана Гладун. — Праект паказаў, што маладыя чытачы ідуць у нагу з часам, яны мабільныя і пастаянна вучацца чамусьці новаму. На жаль, многія ўжо не ма­юць маральнага ідэалу, як папярэднікі, але сучасны чытач упэўнены: добрая паспяховасць і пісьменнасць дапамогуць паступіць у прэстыжны ўніверсітэт і атрымаць любімую прафесію. Для вольнага часу многія выбіраюць інтэрнэт і зносіны з сябрамі, але цалкам развітвацца з кнігай на збіраюцца. У такой сітуацыі многае залежыць ад творчых педагогаў, іх здольнасці зацікавіць і захапіць.

Сяргей ГРЫШКЕВІЧ
Фота на прэўю pixabay.com