Чытаем з задавальненнем!

- 12:01Навіны рэгіёнаў

Сёлета ў нашай краіне праходзіць шмат мерапрыемстваў, прымеркаваных да 500-годдзя беларускага кнігадрукавання. Не застаўся ў баку ад гэтай важнай падзеі і аддзел адукацыі, спорту і турызму Жабінкаўскага райвыканкама, які правёў раённы конкурс рэкламных праектаў выхавальнікаў дзіцячых садкоў “Чытаем актыўна, ствараем крэатыўна”. Галоўная мэта спаборніцтва — папулярызацыя чытання і кніг сярод дашкольнікаў і іх бацькоў.

Вынікі конкурсу былі ўрачыста падведзены ў рамках святочнага мерапрыемства “Прывітанне, кніга” на базе раённай дзіцячай бібліятэкі. Удзельнікі паглядзелі відэаролік “Жабінка — горад, які чытае”, створаны метадыстам Жабінкаўскага раённага вучэбна-метадычнага кабінета Вольгай Данілюк. Відэаролік паказаў, што кніга па-ранейшаму актуальная і што яна надзейна жыве ў доме і ў сэрцы кожнага жыхара горада.

Надзвычай хвалюючым і адказным момантам мерапрыемства для канкурсантаў стала прэзентацыя і абарона сваіх работ перад аўдыторыяй. Педагогі расказвалі, як лепш праводзіць з дзецьмі заняткі па чытанні, як зацікавіць дашкольнікаў кнігай, як бацькам выхаваць цікаўных чытачоў.

Па рашэнні журы лепшым прызнаны відэаролік “Свет кнігі”, створаны творчым калектывам ясляў-сада № 3 Жабінкі ў складзе выхавальніцы Валянціны Гаўрыленка, настаўніка-дэфектолага Юліі Галавейка і кіраўніка фізічнага выхавання Алены Кадлубовіч. Прызёрамі конкурсу сталі творчы калектыў ясляў-сада № 2 Жабінкі ў складзе яго загадчыцы Таццяны Усціновіч і яе намесніка па асноўнай дзейнасці Вольгі Пінчук; намеснік загадчыка па асноўнай дзейнасці Ракітніцкага ясляў-сада Алена Ларыёнава; выхавальніца ясляў-сада № 4 Жабінкі Наталля Барацян; выхавальніца Якаўчыцкага дзіцячага сада Святлана Андраюк і загадчыца Азяцкага дзіцячага сада Людміла Яшчук.

Конкурс паказаў, што на Жабінкаўшчыне шмат таленавітых, актыўных і крэатыўных педагогаў, здольных стварыць цікавы рэкламны прадукт, які можа далучыць дзяцей да чытання і навучыць іх любіць кнігі.

Вольга ДАНІЛЮК,
метадыст Жабінкаўскага раённага вучэбна-метадычнага кабінета.