Цікавая сустрэча

- 11:42Навіны рэгіёнаў

Мяне, класнага кіраўніка 11 класа, вельмі хвалююць пытанні “Па якой жыццёвай дарозе пойдуць выпускнікі?”, “Як правільна дапамагчы выбраць прафесію вучням, каб яна прыносіла ім задавальненне?”. Таму ў выхаваўчай рабоце шмат увагі ўдзяляю прафарыентацыі.

Спачатку прапанавала дзецям самім праводзіць класныя гадзіны па прафарыентацыі і рыхтаваць інфармацыю па прафесіях, якія ім падабаюцца. Завочна знаёміла з установамі адукацыі, дзе рыхтуюць спецыялістаў па выбраных прафесіях. Падчас такіх гутарак падлеткі знаёміліся з рознымі спецыяльнасцямі, выказвалі свае меркаванні і адносіны да пэўнай прафесіі, называлі прычыны, па якіх ім падабаецца менавіта гэтая прафесія. Але завочнага знаёмства з прафесіямі недастаткова. Абавязкова неабходны сустрэчы з іх прадстаўнікамі, прычым у рабочай атмасферы, каб дзеці не толькі з першых вуснаў пачулі пра асаблівасці пэўнай прафесійнай дзейнасці, але і ўбачылі працу людзей. Наладжваць такія сустрэчы дапамагаюць выпускнікі школы і бацькі вучняў.

Нядаўна адзінаццацікласнікі сустрэліся з супрацоўнікамі Камянецкага аддзела дэпартамента аховы. Своеасаблівы дзень адкрытых дзвярэй вучням арганізавалі начальнік аддзела А.У.Гарус (дарэчы, выпускнік школы і бацька двух нашых вучняў) і спецыяліст па кадрах Г.П.Юшкевіч. Галіна Пятроўна азнаёміла школьнікаў з правіламі прыёму ва УВА МУС, расказала пра парадак адбору і прыёму на службу ў аддзел дэпартамента аховы, назвала асноўныя якасці, якімі павінен валодаць супрацоўнік міліцыі. Камандзір узвода А.М.Пратасевіч паказаў відэаролікі пра работу і жыццё Камянецкага аддзела дэпартамента аховы. Вучням прапанавалі здаць экзамен на веданне правіл дарожнагу руху.

Старшакласнікі з вялікай цікавасцю пазнаёміліся з работай аддзела. А.У.Гарус падрабязна расказаў пра задачы аддзела, супрацоўнікаў і іх нялёгкую работу. Вучні ўбачылі сродкі сувязі і ўзбраенне, паслухалі пра прынцыпы іх выкарыстання. Юнакі з задавальненнем прымяралі бронекамізэлькі, з захапленнем разглядалі службовыя машыны. Затаіўшы дыханне дзеці назіралі за работай службовага сабакі Рэкса. Зразумела, што ў падлеткаў узнікала шмат пытанняў, якія яны задавалі начальніку аддзела і яго супрацоўнікам. На ўсе пытанні школьнікі атрымалі грунтоўныя адказы. Сустрэча атрымалася насычанай, цікавай, пазнавальнай і, спадзяюся, карыснай.

Ларыса КУЧУР,
настаўніца беларускай мовы і літаратуры
Відамлянскай сярэдняй школы Камянецкага раёна.