Цікавыя распрацоўкі гомельскіх школьнікаў

- 11:04Навіны рэгіёнаў

Чарговы конкурс навукова-тэхнічнай творчасці “ТэхнаІнтэлект” сабраў больш за 50 навучэнцаў устаноў адукацыі Гомеля — юнакоў і дзяўчат, якія захапляюцца даследчай дзейнасцю, робататэхнікай, канструяваннем і наогул любяць эксперыментаваць.

Задачай конкурсу з’яўляецца прыцягненне дзяцей і падлеткаў да навуковай і даследчай працы ў тэхнічным кірунку, выяўленне найбольш здольных і адораных навучэнцаў у галіне навукова-тэхнічнай творчасці і, безумоўна, прафесійная арыентацыя творчай моладзі. Вырашаюць жа гэтую задачу разам аддзел адукацыі, спорту і турызму Гомельскага гарвыканкама, гарадскі Цэнтр дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі і Гомельскі дзяржаўны ўніверсітэт імя Францыска Скарыны, дзе на базе фізічнага факультэта навучэнцы дэманструюць свае дасягненні.

Двухдзённае спаборніцтва прайшло ў форме асабістага першынства ў дзвюх намінацыях. У тэарэтычным туры школьнікі раздзяляліся на чатыры ўзроставыя групы і на працягу трох гадзін рашалі фізічныя задачы з тэхнічным зместам. Добра справіліся з няпростымі заданнямі навучэнцы гомельскіх гімназій №№ 14, 10, 56, сярэдніх школ абласнога цэнтра №№ 11, 19, 44, Гомельскага гарадскога ліцэя № 1, гарадскога Цэнтра дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі. Высокія вынікі ў абодвух турах паказаў дзесяцікласнік з Бранска, выхаванец Цэнтра тэхнічнай творчасці Бранскай вобласці. Удзел расійскай установы ў гомельскім конкурсе ўжо стаў добрай традыцыяй, якая адкрывае пэўныя магчымасці перад дзецьмі і служыць для абмену вопытам паміж педагогамі.

На наступны дзень у рамках навукова-практычнай канферэнцыі юнакі і дзяўчаты працавалі ў секцыях, дзе прадстаўлялі ўласныя распрацоўкі.

У секцыі “Навуковыя даследаванні і эксперымент” канкурсанты прадставілі вынікі ўласных прыродазнаўчых даследаванняў і эксперыментальных работ, праекты і арыгінальныя тэхнічныя рашэнні, уключаючы вучэбна-наглядныя дапаможнікі і распрацоўкі ў галіне энергазберагальных тэхналогій, арыгінальныя прыборы для эксперыментаў у навуцы і тэхніцы. Пераможцамі ў гэтай секцыі былі названы навучэнка сярэдняй школы № 44 Святлана Сяргеенка, выхаванка гарадскога Цэнтра дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі Аляксандра Масіянская і курсант Гомельскага гарадскога кадэцкага вучылішча Ягор Радчанка.

Уласныя распрацоўкі мадэлей і макетаў транспартнай і спецыяльнай тэхнікі, макеты прамысловых комплексаў і тэхналагічных ліній, эксперыментальныя мадэлі тэхнічных аб’ектаў, тэхнічныя цацкі — усё гэта можна было ўбачыць у секцыі “Тэхнічнае мадэляванне і канструяванне”. Лепшымі журы назвала работы навучэнца сярэдняй школы № 9 Міхаіла Свістунова, выхаванца гарадскога Цэнтра дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі Ільі Красоўскага і курсанта Гомельскага гарадскога кадэцкага вучылішча Мікалая Андрыянца.

Шмат цікавых рэчаў можна было ўбачыць у секцыі “Радыёэлектроніка, электратэхніка і энергетыка”. У ліку пераможцаў аказаліся Павел Касцянок з Гомельскага гарадскога ліцэя № 1, Павел Рафееў з гімназіі № 10 і Яраслаў Рагожнік з сярэдняй школы № 40.

Прыемна здзівілі сваімі распрацоўкамі ўдзельнікі секцыі “Інфармацыйныя тэхналогіі”. Па ўмовах конкурсу тут можна было дэманстраваць уласныя распрацоўкі камп’ютарных праграмных прадуктаў, вучэбных і даведачных інтэрактыўных праграм з выкарыстаннем лічбавага фота, відэа і гуку, вучэбных і даведачных праграм з элементамі мультымедыя, камп’ютарнай анімацыі, а таксама адукацыйныя відэаролікі ў інтэрнэце. Лепшымі былі названы працы канкурсанта з Цэнтра тэхнічнай творчасці Бранскай вобласці Ягора Сініцы, вучняў сярэдняй школы № 13 Максіма Давыдзенкі і сярэдняй школы № 26 Радзівона Жадоўцава.

Асобна арганізатары адзначылі выступленне ў ІТ-секцыі навукова-практычнай канферэнцыі самай юнай удзельніцы конкурсу вучаніцы 2 класа Ульяны Буй з гомельскай сярэдняй школы № 11.

Цяпер пераможцы рыхтуюцца да XVIII Адкрытага абласнога конкурсу навукова-тэхнічнай творчасці навучэнцаў “ТэхнаІнтелект”, дзе ім належыць паспаборнічаць з юнымі вынаходнікамі з розных устаноў адукацыі Гомельшчыны.

Наталля ЛУТЧАНКА.