Цуды дзіцячай творчасці

- 7:42Навіны рэгіёнаў

Чароўныя пано і калажы, дэкаратыўныя ёлкі і навагоднія цацкі, зімовыя букеты, гірлянды і сувеніры… Разнастайныя вырабы з простых матэрыялаў прадставілі на выставу-конкурс “Зімовыя сны старажытнага горада” магілёўскія школьнікі.

Арганізатарамі выставы з’яўляюцца ўпраўленне адукацыі, спорту і турызму гарвыканкама і эколага-біялагічны цэнтр дзяцей і моладзі горада. Конкурс праводзіцца ўжо больш за дзесяць гадоў, але папулярнасць яго не згасае. Сёлета ў ім прымае ўдзел звыш двухсот хлопцаў і дзяўчат з сарака сямі ўстаноў адукацыі абласнога цэнтра. Зробленыя імі рэчы ўражваюць палётам фантазіі, якасцю выканання, разнастайнасцю тэхнік і кампазіцый.

Павольна разглядаючы работы, не перастаеш здзіўляцца майстэрству і таленту юных аўтараў. На выставе прадстаўлены самыя неверагодныя вырабы. Навагоднія ёлкі з бярвення, моху, тканіны, галінак і нават кукурузных рыльцаў. Незвычайныя казачныя істоты з драўляных карчоў. А чаго варты сімвал гэтага года — пеўнік, выраблены з бяросты вучнямі Цэнтра творчасці дзяцей і моладзі “Эверэст”, навагоднія цацкі ў сплеценай з газет упакоўцы, якія стварылі сваімі рукамі прадстаўнікі сярэдняй школы № 40, ці кампазіцыя “Пеўневы двор”, над якой працавалі навучэнцы спецыяльнай агульнаадукацыйнай школы для дзяцей з парушэннямі псіхічнага развіцця! Крэатыўныя вырабы прадставілі на выставу таксама дзеці з сярэдніх школ №№ 28, 4, 39 горада і шэрага іншых навучальных устаноў.

Вельмі цікавую работу прадставіў навучэнец эколага-біялагічнага цэнтра дзяцей і моладзі Валерый Папкоў. Ён зрабіў сувенір — навагоднія валёнкі, упрыгожыў іх шышкамі, ніткамі, мініяцюрнымі шапачкамі. Гэтая работа стала адной з лепшых на выставе. Дарэчы, як адзначыла метадыст Марыя Лонская, Валерый Папкоў — адзін з самых таленавітых навучэнцаў цэнтра. Хлопчык пастаянна ўдзельнічае ў розных творчых конкурсах, прыдумляе арыгінальныя ідэі і ўвасабляе іх у жыццё.

— Надоечы Валерый стаў прызёрам Рэспубліканскага конкурсу “Лёд. Кветкі. Фантазія”, дзе атрымаў дыплом І ступені сярод работ групы “Этнаграфічная цацка”. Разам са сваім педагогам Ларысай Царыкавай хлопчык стварыў выдатнага беларускага міфічнага персанажа — Зюзю, які вельмі спадабаўся журы, — адзначыла Марыя Ягораўна.

Што ж тычыцца выставы “Зімовыя сны старажытнага горада”, то дзіцячыя работы са звычайных матэрыялаў радавалі сваім хараством жыхароў і гасцей горада на працягу ўсіх святочных дзён, пасля чаго былі вызначаны лепшыя ў шасці намінацыях. Усе пераможцы выставы-конкурсу, а таксама ўладальнікі другіх і трэціх месцаў былі ўзнагароджаны ганаровымі дыпломамі.

Ганна СІНЬКЕВІЧ.
Фота аўтара.