Цягнік да Хогвардса

- 11:33Навіны рэгіёнаў

Хтосьці спытае: “Навошта патрэбны дзецям Тыдзень замежнай мовы ў школе?” Адказ просты. Гэты тыдзень актывізуе пазнавальную і творчую дзейнасць навучэнцаў, прыўносіць святочны настрой у школьныя будні, дае магчымасць кожнаму дзіцяці, незалежна ад узроўню валодання мовай, праявіць сябе, на практыцы прымяніць веды і здольнасці, паверыць у свае сілы ў вывучэнні замежнай мовы. “А навошта гэта педагогу?” — падумае яшчэ хто-небудзь. Усё гэта дапамагае настаўніку заставацца ў выдатнай педагагічнай форме: развіваць свае арганізатарскія здольнасці, творчы падыход да працы, а яшчэ павышаць цікавасць да свайго прадмета не толькі ў школьнікаў, але і ў дашкалят.

У Тыдні англійскай мовы ў Масалянскім яслях-садзе — пачатковай школе ўдзельнічалі ўсе навучэнцы 1—4 класаў і выхаванцы рознаўзроставай групы, якія знаёмяцца з англійскай мовай у рамках адукацыйнай паслугі звыш базавага кампанента на платнай аснове.

Перад пачаткам прадметнага тыдня была праведзена падрыхтоўчая работа: распрацаваны план мерапрыемстваў, падрыхтаваны матэрыялы для правядзення конкурсаў, віктарын, віртуальных падарожжаў, аформлены кабінеты і калідоры ўстановы. Увесь тыдзень быў прысвечаны цікавым мерапрыемствам, выкананню творчых работ, а самае галоўнае — пашырэнню кругагляду школьнікаў праз прэзентацыі, геаграфічныя карты, фатаграфіі і нататкі на рускай (для тых, хто толькі пачынае вывучаць замежную мову) і англійскай мовах. Большасць мерапрыемстваў праводзілася з мультымедыйным суправаджэннем, што рабіла іх яшчэ цікавейшымі.

Усе дзеці змаглі адправіцца на віртуальную прагулку па Лондане, пазнаёміцца з творчасцю Уолта Дыснея і знакамітым Дыснейлэндам, а потым паўдзельнічаць у выставе работ “Героі Дыснея” ці ў музычна-паэтычным конкурсе Song&Рoems. Кожны дзень праходзілі віктарыны і конкурсы: “Знаўцы англійскай мовы”, “Містар Знайка”, “Цягнік да Хогвардса”, “Крыжаванкі, рэбусы, лабірынты”.

Вялікую цікавасць у вучняў выклікала выстава кніг на англійскай мове, якія дзеці маглі ўзяць дадому або пачытаць у школе. У канцы тыдня падвялі вынікі, і самыя актыўныя атрымалі салодкія прызы, а ўсе астатнія — зарад пазітыву пасля наведвання тэатра ценяў з пастаноўкай “Рэпка”, якую паказалі навучэнцы 4 класа.

Святлана ПАТАПЧЫК,
настаўніца англійскай мовы
Масалянскага ясляў-сада — пачатковай школы Бераставіцкага раёна.