Да майстэрства — праз творчасць

- 11:22Навіны рэгіёнаў

Амаль 600 разнастайных экспанатаў было прадстаўлена на абласным конкурсе інавацыйнай і тэхнічнай творчасці навучэнцаў і работнікаў устаноў прафесійна-тэхнічнай і сярэдняй спецыяльнай адукацыі.

Конкурс, накіраваны на ўдасканаленне работы па прыцягненні навучэнцаў і педагогаў устаноў гэтага профілю да творчасці, а таксама прапаганду іх дасягненняў, сёлета праводзіўся на базе Магілёўскага прафесійнага ліцэя № 7. Паглядзець на конкурсных выставах сапраўды было на што.Толькі ў зале дэкаратыўна-прыкладнога напрамку ўдзельнікі прадставілі больш за 480 работ, кожную з якіх можна без перабольшання назваць шэдэўрам. Навучэнцы і педагогі паказалі сваё майстэрства ў розных відах і жанрах творчасці. Разнастайныя работы з саломкі, творы бісерапляцення, лозапляцення, мастацкія вырабы з дрэва і металу, калажы, фотаздымкі, карціны і малюнкі, дэкаратыўныя пано, аплікацыі і вышыўка, керамічныя вырабы — разнастайнасць прадстаўленых удзельнікамі агляду тэхнік і іх талент уражвалі. Здзіўляла і тое, што з самага простага матэрыялу яны змаглі стварыць сапраўдныя творы мастацтва, якія вызначаліся высокай якасцю выканання і адметнай эстэтыкай.Напрыклад, педагог дадатковай адукацыі Магілёўскага прафесійнага ліцэя № 7 Яўген Зайцаў — выдатны мастак.Акрамя карцін у традыцыйных тэхніках, ён прыдумаў яшчэ і аўтарскую — малюе на старых газетах. Прадстаўнікі Магілёўскага прафесійнага агралесатэхнічнага каледжа ствараюць цудоўныя драўляныя вырабы. Стэнд Магілёўскага машынабудаўнічага каледжа прывабліваў прыгожымі каванымі прадметамі. Наогул, кожная навучальная ўстанова на выставе дэкаратыўна-пракладной творчасці вылучалася нечым сваім, адметным і непаўторным.Не менш цікавых работ можна было ўбачыць і ў другой выставачнай зале, дзе размясціліся 111 экспанатаў тэхнічнай творчасці. У адрозненне ад першай выставы, дзе пераважала эстэтыка, тут былі прадстаўлены разнастайныя вынаходствы і распрацоўкі практычнага характару. Яны ўключалі ў сябе рацыяналізатарскія прапановы ў галіне машынабудавання, будаўніцтва, транспарту, эканоміі рэсурсаў, энергазберагальных тэхналогій, сельскай гаспадаркі, інфармацыйна-тэлекамунікацыйных сістэм.Навучэнец Магілёўскага прафесійнага электратэхнічнага каледжа Арцём Ганжураў зрабіў наглядны макет Магілёва будучыні. Хлопец прыдумаў і стварыў на макеце аб’екты інфраструктуры, якія не толькі зробяць горад прыгожым і зручным для пражывання, але і змогуць прыцягнуць турыстаў. Яшчэ адным экспанатам установы была атамная электрастанцыя ў мініяцюры, якая рэалістычна дэманстравала прынцыпы работы сучасных АЭС.Распрацоўкамі макетаў актыўна займаюцца і ў Магілёўскім прафесійным ліцэі № 2. Па словах намесніка дырэктара па вучэбна-вытворчай рабоце Мікалая Нікіценкі, сёння гурток тэхнічнай творчасці “Умелыя рукі” аб’ядноўвае каля 150 навучэнцаў. Сумесна з майстрамі вытворчага навучання яны вырабляюць макеты разнастайнай тэхнікі, якія ўжо неаднаразова адзначаліся прызавымі дыпломамі шматлікіх конкурсаў. Прадстаўнікі Клічаўскага аграрна-тэхнічнага каледжа дэманстравалі прылады, якія будуць даспадобы аматарам агародніцтва. Культыватар для міжраднай апрацоўкі глебы і сеялку для пасеву агароднінных культур можна выкарыстоўваць на малагабарытных трактарах ці ўручную, што вельмі актуальна для апрацоўкі невялікіх прысядзібных зямельных участкаў. У планах установы — супрацоўніцтва з арганізацыямі і прадпрыемствамі для наладжвання масавай вытворчасці такой тэхнікі і далейшага яе ўкаранення ў сельскую гаспадарку.А ў сацыяльна-гуманітарным каледжы пры МДУ імя А.Куляшова распрацавалі мабільную праграму “Прафесія — праграміст”, якая спрыяе павышэнню эфектыўнасці прафарыентацыйнай работы.— Сучасная моладзь практычна не расстаецца са сваімі мабільнымі тэлефонамі. Загрузіўшы на смартфон праграму, якая ўжо знаходзіцца на вядомым інтэрнэт-сэрвісе, падлеткі атрымаюць усю патрэбную інфармацыю аб прафесіі і нашай навучальнай установе. Такім чынам, распрацоўка спрыяе прыцягненню абітурыентаў у каледж, — расказала навучэнка ўстановы Вікторыя Калаусава.
Канкурсанты на справе пацвердзілі, што ў прафесійна-тэхнічных і сярэдніх спецыяльных навучальных установах можна не толькі атрымаць прафесію, але і развіць свае творчыя здольнасці, знайсці справу для душы. Журы вызначала пераможцаў на працягу амаль цэлага тыдня. У выніку прызавых дыпломаў удастоіліся больш за 140 удзельнікаў. Лепшыя з іх у хуткім часе прадставяць свае дасягненні ў сталіцы на заключным этапе конкурсу.

Ганна СІНЬКЕВІЧ.
Фота аўтара.