Да маці на “вы”

- 14:58Культура

Напярэдадні Дня маці ў кабінеце-музеі беларускай традыцыйнай культуры філалагічнага факультэта БДУ адкрылася выстава “Пакроў Прасвятой Багародзіцы”, арганізаваная пры падтрымцы ГА “Саюз жанчын БДУ” і пярвічнай суполкі БДУ РГА “Белая Русь”.

Цэнтральнае месца экспазіцыі якраз і займае абраз “Пакроў Прасвятой Багародзіцы”, выраблены ў іканапіснай майстэрні Свята-Елізавецінскага манастыра. Таксама тут можна ўбачыць абразы, зробленыя жанчынамі, супрацоўніцамі Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта: Алены Леанідаўны Атрушкевіч (абразы Жыровіцкай Маці Боскай і Маці Боскай “Неўвядальны цвет” у тэхніцы лічыльны крыж), Ліі Сямёнаўны Кучко (абразы Багародзіцы Напы, Прасвятой лесу, і Маці Боскай Віфлеемскай у тэхніцы папера-акрыл) і інш. Тут жа прадстаўлены абразы з Вільнюса, Ноўгарада, Грузіі, а таксама абразы Маці Боскай, якія часцей за ўсё сустракаюцца ў беларускіх храмах.

Яшчэ адзін відавочны экспазіцыйны акцэнт — пакрыты золатам абраз Маці Боскай Віфлеемскай у традыцыйным стылі візантыйскага іканапісу з уласнай калекцыі загадчыка кабінета-музея беларускай традыцыйнай культуры, доктара філалагічных навук, прафесара, старшыні грамадскага аб’яднання “Саюз жанчын БДУ” Ірыны Казаковай, прывезены ёй з Іерусаліма. Ірына Валер’еўна заўважае, што абраз Маці Боскай Віфлеемскай — адзіны, на якім Прасвятая Багародзіца ўсміхаецца. “Мы бачым, што яна выпраменьвае шчасце мацярынства, — гаворыць прафесар. — Гэта самы шанаваны абраз у праваслаўі. Ёсць некалькі версій яго паходжання. Паводле самай распаўсюджанай, ён быў напісаны Святым Лукой яшчэ пры жыцці Багародзіцы, і якраз па гэтай прычыне лічыцца, што вобраз Віфлеемскай Багародзіцы выяўляе рэальны выгляд Божай Маці”. Дарэчы, на выставе “Пакроў Прасвятой Багародзіцы” можна пазнаёміцца з гісторыяй і апісаннем кожнага з існуючых абразоў Багародзіцы з адпаведных кніг і альбомаў.

“Гэта вялікае шчасце, што ў нашай краіне супадаюць афіцыйны Дзень маці і народна-рэлігійнае свята Пакрову Прасвятой Багародзіцы, — сцвярджае Ірына Казакова. — Маці-карміцелька, маці родная зямелька — у народнай культуры спрадвеку прысутнічаў гэты зварот да жаночага пачатку. Потым з прыняццем хрысціянства гэты культ жаночага пачатку трансфармаваўся ў культ Прасвятой Багародзіцы. Гэта, калі можна так сказаць, самая вялікая маці, да якой звяртаюцца менавіта жанчыны. Бо яна, Багародзіца, жанчын зразумее лепш, чым хто, бо яна сама была маці. І невыпадкова і ў народнай культуры, і ў афіцыйнай царкоўнай традыцыі лічыцца, што ў дзень Пакрову ўсе малітвы будуць пачуты. Дарэчы, дзяўчаты напярэдадні Пакрову заўсёды варажылі на будучае замужжа — набіралі ў фартух лісця, выкідвалі яго з прыполу. Куды паляціць лісце — адтуль і будзе жаніх. А яшчэ была прыкмета, што калі на Пакроў пойдзе снег, то будзе добры ўраджай і ўсе нявесты пойдуць замуж. І гэтаму ўсе радаваліся, разумеючы, што галоўнае прызначэнне жанчыны — стварыць шчаслівую сям’ю, нарадзіць і выхаваць дзіця… Сёння далёка не ўсе нашы дзяўчаты займаюцца варажбой на Пакроў, але, дзякуй богу, у нашай краіне намаганнямі дзяржавы робіцца ўсё, каб жанчына змагла выканаць сваю самую галоўную місію — місію маці”.

Цікава, дарэчы, што самым першым наведвальнікам выставы “Пакроў Прасвятой Багародзіцы” стала не дзяўчына-студэнтка, а… малады мужчына Чжан Хуншань, які нядаўна скончыў аспірантуру філалагічнага факультэта БДУ, напісаў дысертацыю па традыцыйных беларускіх і кітайскіх сямейных абрадах і выкладае на кафедры кітаязнаўства. “Мяне вельмі зацікавіла гэтая выстава, — падзяліўся Хуншань. — У нас у Кітаі таксама, як і ў вас, вельмі шануюць маці. Афіцыйна мы святкуем Дзень маці ў другую нядзелю мая, абавязкова дорым сваім маці на гэтае свята кветкі і падпісваем паштоўку. Але і ў любы іншы дзень для нас гонар — сказаць маці шчырыя добрыя словы. Сваіх маці мы называем на “вы”. Я родам з горада Ічунь з правінцыі Хэйлундзян на паўночным усходзе Кітая. Мяне з маёй маці раздзяляюць сёння 8 тысяч кіламетраў, але не праходзіць, бадай, і дня, каб я не пазваніў ёй ці хаця б не паслаў смску…”

Мікола ЧЭМЕР.
Фота аўтара.