Трэцяя чвэрць для вучняў Любчанскай сярэдняй школы пачалася з актыўнага ўдзелу ў тыдні беларускай мовы і літаратуры. Каляндар тыдня быў адкрыты сустрэчай з Міхаілам Дзмітрыевічам Ханевічам — заслужаным дзеячам навукі Расійскай Федэрацыі, заслужаным урачом Расійскай Федэрацыі, лаўрэатам прэміі расійскага ўрада ў галіне навукі і тэхнікі, доктарам медыцынскіх навук, прафесарам, аўтарам паэтычных зборнікаў “Па хвалі маёй памяці” і “Добры дзень і бывай”. Міхаіл Дзмітрыевіч нарадзіўся на Наваградчыне, працуе ў Санкт-Пецярбургу, але сваю малую радзіму не забывае. Аб радзіме, роднай вёсцы, блізкіх сэрцу людзях ён піша вершы. “Я жыву ў Пецярбургу, а душою ўсё роўна тут, на гэтай зямлі, дзе жывяце вы, мае юныя сябры”, — так звярнуўся паэт да любчанскіх школьнікаў. — Памятаю аднакласнікаў, дзяўчат, якімі захапляўся ў юнацтве… А сёння як зайшоў у бацькоўскую хату, дык і сыходзіць адтуль не хацелася”.
Старшакласнікі чыталі любоўную лірыку паэта, стараліся спасцігнуць таямніцы душы лірычнага героя. Удзельнікі сустрэчы пагадзіліся з думкай аўтара пра тое, што паэзія ўзвышае нас над светам штодзённасці, узбагачае духоўна.
М.Д.Ханевіч падарыў нашым дзецям свае зборнікі і разам з тым даў заданне сабраць вершы мясцовых аўтараў аб Любчы, аб яго роднай вёсцы Купіск, аб Нёмане. Сабраныя вершы ён абяцаў уключыць у свой новы зборнік, які будзе прысвечаны беларускай зямлі.
Сказаўшы “Добры дзень!” госцю з Пецярбурга, мы не змаглі сказаць яму “Бывай!”. Сустрэчы абавязкова будуць яшчэ.
Марына ЛЯЎША,
намеснік дырэктара па вучэбнай рабоце Любчанскай сярэдняй школы.