Да навакольнага — з эканоміяй і беражлівасцю

- 14:47Навіны рэгіёнаў

Ва ўстановах адукацыі Магілёўшчыны зладжана працуюць над фарміраваннем у падрастаючага пакалення выразнай сацыяльнай пазіцыі ў дачыненні да рацыянальнага выкарыстання энергарэсурсаў і зберажэння навакольнага асяроддзя. Гэта пацвярджаюць вынікі рэгіянальнага этапу Рэспубліканскага конкурсу школьных праектаў па эканоміі і беражлівасці “Энергамарафон”.

— Вучні і педагагічныя работнікі ўстаноў адукацыі вобласці прадставілі на конкурс звыш 330 разнастайных работ. Адметна, што цікавасць да конкурсу не змяншаецца. Пашыраецца і геаграфія канкурсантаў.

І вельмі значна, што актыўна ўдзельнічаць у конкурсе сталі прадстаўнікі сельскіх школ. А ўвогуле, найбольшую зацікаўленасць рэсурсазберажэннем сёлета праявілі прадстаўнікі Магілёва, Бабруйска, Асіповіцкага, Крычаўскага, Мсціслаўскага, Магілёўскага, Клімавіцкага і Хоцімскага раёнаў, — адзначыла метадыст аддзела педагагічных інавацый МДАІРА Дзіна Лусцянкова.

Характэрна не толькі зацікаўленасць навучэнцаў эканомным рэсурсаспажываннем, а і тое, што канкурсанты сапраўды прадстаўляюць значныя праекты, якія заслугоўваюць увагі і рэалізацыі. Акрамя практычных распрацовак, дзеці прадстаўлялі сваё бачанне важнасці энергазберажэння ў плакатах, малюнках, лістоўках, відэароліках і выступленнях спецыяльных агітбрыгад.

Кампетэнтнае журы выбрала з усіх прадстаўленых работ самыя адметныя. Сярод практычных мерапрыемстваў па энергазберажэнні пераможным дыпломам адзначылі праект навучэнца Касцюковіцкай раённай гімназіі Яўгена Аўхачова. Лепшае культурна-відовішчнае мерапрыемства распрацавалі навучэнцы сярэдняй школы № 4 Касцюковіч. У намінацыі “Мастацкая работа па прапагандзе эфектыўнага і рацыянальнага выкарыстання энергарэсурсаў” адпаведна вызначылі некалькі пераможцаў. Самыя крэатыўныя відэаролік, лістоўку, плакат і малюнак прадставілі навучэнец Бяседавіцкага дзіцячага сада — сярэдняй школы Хоцімскага раёна Мікіта Северцаў, вучаніца Комсеніцкага дзіцячага сада — сярэдняй школы Круглянскага раёна Паліна Кротава, вучаніца сярэдняй школы № 39 Магілёва Валерыя Буракова, навучэнка Магілёўскага эканамічнага прафесійна-тэхнічнага каледжа Настасся Шунькіна. А вось пераможцам у намінацыі “Сістэма адукацыйнага працэсу і інфармацыйна-прапагандысцкай работы ў сферы энергазберажэння ва ўстанове адукацыі” прызнаны праект “Інтэлектуальная майстэрня ўстойлівых перамен”, які распрацавалі педагогі гімназіі Мсціслава.

Усе пераможцы атрымалі ганаровыя дыпломы ад галоўнага ўпраўлення па адукацыі аблвыканкама. Усяго ўзнагародамі былі адзначаны больш як трыццаць канкурсантаў.

Ганна СІНЬКЕВІЧ.
Фота прадастаўлена Магілёўскім дзяржаўным абласным інстытутам развіцця адукацыі.