9 красавіка клубу “Крыштальны журавель” — 10 гадоў. За гэты час клубаўцы сталі не проста аўтарамі “Настаўніцкай газеты”, а добрымі сябрамі, дарадцамі, экспертамі. Мы рады такому цеснаму супрацоўніцтву і спадзяёмся, што наша газета стала для вас адкрытай пляцоўкай для абмену думкамі, ідэямі і знаходкамі. Сябры, віншуем вас з юбілеем, жадаем далейшага прафесійнага росту і цеснага ўзаемадзеяння з нашым выданнем. Да нас далучаюцца вашы калегі, паплечнікі і аднадумцы.
Андрэй Пятровіч МАНАСТЫРНЫ, рэктар Акадэміі паслядыпломнай адукацыі:
— Конкурс прафесійнага майстэрства “Настаўнік года”, які праводзіцца ўжо некалькі дзесяцігоддзяў, зрабіў знакамітымі многіх таленавітых педагогаў. Фіналісты конкурсу, лаўрэаты, пераможцы — гэта настаўнікі, якія не проста паказваюць высокі вынік і высокую якасць сваёй работы, але і гатоўнасць дзяліцца назапашаным вопытам і майстэрствам. Калі кожны конкурс завяршаўся, мы ў акадэміі думалі, як вопыт лепшых настаўнікаў краіны зрабіць здабыткам усёй краіны. Мы працавалі з лаўрэатамі, пераможцамі, запрашалі іх на курсы павышэння кваліфікацыі, семінары.
Дзесяць гадоў назад у супрацоўнікаў акадэміі і пераможцаў конкурсу ўзнікла ідэя аб’яднаць такіх настаўнікаў у клуб, што дазволіла падняць нашу сумесную работу на новы ўзровень. Клуб аб’яднаў вакол сябе самых актыўных і і ініцыятыўных педагогаў. Дзейнасць клуба накіравана на развіццё прафесіяналізму беларускіх настаўнікаў. Адным са значных мерапрыемстваў, якія праводзіць клуб, з’яўляюцца выязныя семінары, майстар-класы. За час існавання ўдзельнікі клуба аб’ездзілі практычна ўсю нашу краіну, вялі прафесійную гутарку з калегамі на самыя розныя тэмы. Такім чынам, рэкламуецца і конкурс педмайстэрства, і дасягненні перадавых настаўнікаў. Многія адважваюцца на ўдзел у конкурсе пасля наведвання такіх выязных семінараў.
Настаўнікі любяць вучыцца адно ў аднаго. Такія формы работы, як майстар-клас або наведванне ўрока, маюць вельмі высокія рэйтынгі, а актыўны ўдзел у такой дзейнасці знакамітых і аўтарытэтных педагогаў матывуе да прафесійнай актыўнасці. Акадэмія паслядыпломнай адукацыі дапамагае клубу “Крыштальны журавель” арганізацыйна і інфармацыйна. Больш за тое, акадэмія стала для клуба домам. Выдатна, што клуб захоўвае пэўныя традыцыі і з’яўляецца жывой і дзейснай арганізацыяй. Увесь калектыў акадэміі жадае клубу далейшага развіцця і пашырэння, актыўнай дзейнасці, новых ідэй, прафесійнага росту і энтузіязму.
Ірына Віктараўна БАГАЧОВА, ганаровы член клуба “Крыштальны журавель”;
Іван Віктаравіч ФЁДАРАЎ, каардынатар клуба начальнік цэнтра развіццёвых педагагічных тэхналогій Акадэміі паслядыпломнай адукацыі:
— 9 красавіка 2007 года па ініцыятыве ўдзельнікаў і арганізатараў Рэспубліканскага конкурсу прафесійнага майстэрства педагагічных работнікаў “Настаўнік года” быў створаны клуб “Крыштальны журавель”, членамі якога з’яўляюцца ўдзельнікі і арганізатары конкурсу прафесійнага майстэрства педагогаў “Настаўнік года”.
Гісторыя клуба — гэта гісторыя конкурсу. Членамі клуба з’яўляюцца, напрыклад, Валерый Леанідавіч Варанцоў з сярэдняй школы № 10 Слуцка (1992), Сяргей Рыгоравіч Дубкоў з сярэдняй школы № 43 Гомеля (1995), Валянціна Васільеўна Гінчук, намеснік дырэктара Нацыянальнага інстытута адукацыі (1997), і іншыя.
Мэта дзейнасці клуба — стварэнне ўмоў для развіцця ініцыятывы творча працуючых педагогаў, павышэнне прэстыжу настаўніцкай прафесіі, распаўсюджванне педагагічнага вопыту, а таксама садзейнічанне ўмацаванню прафесійных зносін. Клуб працуе ў рамках праграмы “Настаўнік года — адукацыі Рэспублікі Беларусь” на 2014—2018 гады.
За час работы клуба было 55 метадычных выездаў у розныя рэгіёны рэспублікі, перш за ўсё сельскія. У рамках выездаў праведзена больш за 500 адкрытых урокаў і майстар-класаў. У гэтых мерапрыемствах прыняло ўдзел каля 8000 педагагічных работнікаў краіны. Пры актыўным удзеле членаў клуба праведзены 9 педагагічных фестываляў (3 з іх — для маладых педагогаў; Мінск, Гродна). У фестывалях удзельнічала звыш 2000 педагагічных работнікаў.
Створаны сайт клуба “Крыштальны журавель”, дзе размяшчаюцца метадычныя матэрыялы для педагогаў. Члены клуба прымаюць удзел у правядзенні экспертызы праграм па вучэбных прадметах, вучэбна-метадычных комплексаў, электронных сродкаў навучання, у распрацоўцы навукова-метадычных рэкамендацый у дапамогу арганізатарам конкурсаў, у рэспубліканскіх семінарах для ўдзельнікаў і арганізатараў конкурсаў на базе Акадэміі паслядыпломнай адукацыі, у вучэбных курсах (тэматычных семінарах) для педагагічных работнікаў па актуальных пытаннях педагагічнай практыкі.
Члены клуба пастаянна выступаюць у педагагічным друку, дзе прадстаўляюць вопыт уласнай педагагічнай дзейнасці па вырашэнні актуальных праблем павышэння якасці адукацыі. Яны з’яўляюцца пастаяннымі лектарамі на курсах павышэння кваліфікацыі ў Акадэміі паслядыпломнай адукацыі, абласных інстытутах развіцця адукацыі (І.Р.Клявец, А.Б.Пратасевіч, Д.Г.Мацкевіч, І.В.Якіменка і іншыя). Акрамя таго, у акадэміі, інстытутах развіцця адукацыі праводзяцца аўтарскія курсы членаў клуба: Д.Г.Мацкевіча, І.В.Якіменкі, І.Р.Клявец, С.І.Гін, І.У.Зубрылінай, Г.А.Сухавай і іншых.
Члены клуба рыхтуюць пераможцаў абласных, рэспубліканскіх, міжнародных алімпіяд, фестываляў, конкурсаў з ліку вучняў сваіх устаноў адукацыі (Т.Л.Амбрушкевіч, А.М.Сарока, А.Я.Гарбар, Д.Г.Мацкевіч і іншыя). Для многіх настаўнікаў конкурс і сяброўства ў клубе сталі прыступкай прафесійнага і кар’ернага росту. Валянціна Васільеўна Гінчук — намеснік дырэктара па навукова-метадычнай дзейнасці Нацыянальнага інстытута адукацыі. Вадзім Паўлавіч Шпетны — намеснік старшыні Маларыцкага райвыканкама Брэсцкай вобласці. Вольга Аляксандраўна Блажко — прарэктар Гомельскага інстытута развіцця адукацыі. Дырэктарамі школ і гімназій сталі Віталь Мікалаевіч Дудко, Ігар Сяргеевіч Маслаў, Яўген Анатольевіч Грыгор’еў, Таццяна Янаўна Даўгун, намеснікамі дырэктара — Галіна Мікалаеўна Бяляева, Алена Мікалаеўна Аскірка. Алег Аляксандравіч Клунін з’яўляецца намеснікам дырэктара Брэсцкага абласнога цэнтра маладзёжнай творчасці.
Ці шмат хто з намеснікаў старшыні райвыканкама можа ўвайсці ў клас і правесці ўрок? Вадзім Паўлавіч Шпетны гэта зрабіў (і зрабіў класна) падчас прыезду клуба ў Маларыцкі раён. Ці многія настаўнікі робяць 3—4 варыянты аднаго і таго ж урока? Члены клуба гэта робяць кожны раз падчас сваіх выездаў.
Хто пагодзіцца на працягу 10 гадоў ездзіць па рэспубліцы, даваць урокі, майстар-класы, дзяліцца сваімі напрацоўкамі? І ўсё гэта бясплатна. Шмат у каго з “жураўлёў” такіх выездаў па 15—20. Як спяваюць “жураўлі”: “Нам сваёй працы мала, мы ў вас яе знойдзем”. Хто можа ўзначальваць грамадскае аб’яднанне 10 гадоў? А Ірына Рамуальдаўна Клявец гэта робіць. І робіць якасна, нягледзячы на сваю занятасць у школе.
Ірына Рамуальдаўна КЛЯВЕЦ, настаўніца біялогіі гімназіі Смаргоні, настаўнік-метадыст, старшыня рэспубліканскага клуба “Крыштальны журавель”:
— За 10 гадоў існавання наш клуб стаў вядомым, заваяваў прызнанне педагогаў рэспублікі. Члены клуба праводзяць кансультацыі, семінары, майстар-класы, адкрытыя ўрокі, аказваюць дапамогу ў падрыхтоўцы настаўнікаў да ўдзелу ў конкурсах прафесійнага майстэрства. Члены клуба адстойвалі інтарэсы педагогаў на самым высокім дзяржаўным узроўні. У складзе беларускай дэлегацыі прымалі ўдзел у рабоце з’ездаў настаўнікаў і работнікаў адукацыі дзяржаў — удзельніц СНД. Выйшаў у свет зборнік урокаў фіналістаў Рэспубліканскага конкурсу прафесійнага майстэрства педагагічных работнікаў “Настаўнік года. “Крыштальны журавель” распраўляе крылы”, у якім змешчана каля 40 урокаў-артыкулаў.
Па сутнасці, усё, што робяць члены клуба, накіравана найперш на рэкламу конкурсу “Настаўнік года” і пад’ём прэстыжу настаўніцкай прафесіі. Прэстыж настаўніцкай прафесіі — балючае пытанне. Што мы можам зрабіць? Толькі працаваць, сваёй працай паказваць годныя ўзоры педагагічнай творчасці. Нам прыемна, калі ў вачах педагогаў падчас нашых семінараў-акцый пачынаюць загарацца агеньчыкі жадання тварыць і працаваць. Будучыня сапраўды залежыць ад настаўніка, але, як бы гэта высакамоўна ні гучала, якіх дзяцей выхаваем і навучым — у такім грамадстве праз некаторы час будзем жыць. А яшчэ хочацца змяніць грамадскае меркаванне пра школу, каб грамадзяне нашай краіны не думалі, што ў школах працуюць толькі тыя, хто не змог рэалізавацца ў жыцці.
Клуб — гэта асаблівая атмасфера педагагічных зносін, дзе ў педагога ёсць магчымасць выказацца і быць пачутым. Пасля наведвання адкрытых урокаў і майстар-класаў у клубе нараджаюцца і адточваюцца новыя ідэі, якія потым укараняюцца ў школах, перадаюцца іншым настаўнікам. Ад членаў клуба вельмі часта зыходзіць ініцыятыва. Так, калядны фестываль, фестываль маладых педагогаў упершыню былі праведзены клубаўцамі, і гэта стала добрай традыцыяй. Мы ўдзельнічалі ў распрацоўцы і першымі апрабавалі такія формы работы, як майстар-класы, урокі для дарослых, абагульненне педагагічнага вопыту.
Сваю місію ў клубе як старшыня бачу ў стварэнні спрыяльных умоў для аб’яднання прафесіяналаў у галіне адукацыі, нефармальнай суполкі таленавітых і актыўных практыкаў, прадастаўленне магчымасці кожнаму члену клуба для самавыяўлення, самавызначэння, творчага росту і супрацоўніцтва. Пасля ўдзелу ў Рэспубліканскім конкурсе “Настаўнік года” набываецца вялізны вопыт. Важна не толькі не разгубіць яго, але і пастаянна ўзбагачаць. Хочацца, каб зносіны ў клубе былі свабодныя і кожны, улічваючы свае магчымасці і патрэбы, добраахвотна рабіў тое, што важна самому, клубу і нашай адукацыі, каб наша дзейнасць дастаўляла радасць не толькі сабе, але і ўсім членам клуба.
Члены клуба з задавальненнем будуць адгукацца на запрашэнні раёнаў і здзяйсняць новыя метадычныя выезды. Толькі запрашайце! Ёсць магчымасць рабіць і вузкаспецыялізаваныя выезды, напрыклад, на метадычныя аб’яднанні настаўнікаў па пэўным прадмеце. У клубе нямала кіраўнікоў устаноў адукацыі, і мы можам для дырэктараў і завучаў праводзіць мэтавыя выязныя заняткі. Перспектывы клуба — выхад на міжнародны ўзровень, умацаванне сувязей з педагагічнымі клубамі і асацыяцыямі іншых краін.
Хочацца пажадаць усім клубаўцам акружаць сябе пазітывам, пускаць у сэрца толькі добрае, праграмаваць сябе на радасць, шчасце, удачу. Людзі павінны разумець, што вы паспяховыя і супрацоўніцтва з вамі прынясе ім карысць. Стварайце! Спрабуйце! Не замыкайцеся ў межах аднаго віду дзейнасці! Удача любіць тых, хто не топчацца на адным месцы, не цураецца новага і нестандартнага. Не згубіце смак да жыцця і захавайце дакладнасць разліку і ўсведамленне, што вы робіце і навошта!
Галіна Анатольеўна СУХАВА, настаўніца беларускай мовы і літаратуры гімназіі № 5 Віцебска, настаўнік-метадыст:
— Клубу — 10, а мне ў клубе — 8. Кожны член клуба прайшоў праз конкурс “Настаўнік года”, праз публічнасць, што нас вельмі яднае. Не кожны чалавек можа прадэманстраваць сваю прафесійную дзейнасць. Мы адважыліся. Калі конкурс заканчваецца, то ты ў нейкі момант разумееш, што страчваеш нешта важнае. Я вельмі ўдзячна ініцыятыве Ірыны Рамуальдаўны Клявец, якая знайшла магчымасці не згубіць гэтае важнае. Конкурс у нас адкрыў шмат добрых якасцей (запал барацьбы, прафесійную актыўнасць, імкненне да творчасці), і выдатна, што ў клубе мы можам іх развіваць.
Мне падабаецца жыццё пасля конкурсу. Работа клуба значная, бо яна спрыяе прасоўванню новых педагагічных тэхналогій, педагагічных ідэй. Гавораць, што лепш сініца ў руках, чым журавель у небе. Гэта народны практыцызм. Наш клуб — не практычная ініцыятыва, а ідэйная. Мне вельмі падабаецца працаваць за ідэю. У клубе пануюць шчырыя, сапраўдныя пачуцці, а гэта тое, што дае магчымасць натхніцца. Клуб — гэта той журавель, гэта тая мара, ідэал, да якога мы ўвесь час імкнёмся. Вакол клуба аб’ядналіся рэфлексіўныя людзі, якія не ўпэўнены, што ўсяго дасягнулі. Гэта людзі, якія разумеюць, што ідэальных урокаў не бывае, што ў нашай прафесіі вельмі няпроста.
Існуе меркаванне, што мы выязджаем некага вучыць, але падчас такіх выездаў я вучуся сама. На такіх мерапрыемствах перш за ўсё выпрабоўваеш сябе. Для спартсменаў самая лепшая падрыхтоўка — спаборніцтвы. Дык вось гэтыя спаборніцтвы — спаборніцтвы з самім сабой. Кожны новы выезд ты імкнешся, каб твой майстар-клас быў лепшы за папярэдні. Такі працэс абсалютна нармальны, бо дэманструе рост. Я даўно гаварыла і паўтараю цяпер: клуб важны не толькі для тых, каму адрасуецца наша дзейнасць, але і самім членам. Цікава і прыемна сачыць за аднаклубаўцамі, якія пастаянна самаўдасканальваюцца і растуць. Калі рост спыніцца, то працаваць будзе нецікава, хаця прыйдзе час, калі трэба будзе перадаць вахту.
Рэальныя жыццёвыя ўмовы вымушаюць настаўнікаў проводзіць 5 урокаў кожны дзень. Гэта многа. Я не гавару, каб нам скарацілі нагрузку, тут гаворка пра тое, што гэтыя пяць урокаў цягнуцца праз гады. Прафесійнае выгаранне непазбежнае. Каб яго пазбегнуць, патрэбна ўнутраная энергія. Нам яе забяспечвае клуб, нашы сумесныя выезды. Не кожны быў бы шчаслівым ад такой напружанай работы, але нам гэта падабаецца. Мы бачым карысць для сябе і для тых, да каго прыязджаем. Усё гэта дае магчымасць развівацца і жыць нашаму клубу. Не ўсякі некамерцыйны праект можа так доўга жыць. Жадаю нашаму клубу духоўнага здароўя, здаровай канкурэнтнай атмасферы, няспыннага росту кожнаму клубаўцу. Жадаю, каб мы сумеснымі намаганнямі рабілі так, каб урокі нашых калег па ўсёй краіне станавіліся лепшымі. Гэта асноўная місія нашага клуба. Якасная адукацыя — гэта калі кожны дзень кожны настаўнік праводзіць якасныя ўрокі.
Святлана Пятроўна ЕМЯЛЬЯНАВА-РАМАНОЎСКАЯ, настаўніца пачатковых класаў сярэдняй школы № 19 Оршы, настаўнік-метадыст:
— Я фіналіст Рэспубліканскага конкурсу “Настаўнік года — 2009”, уладальнік гран-пры VI Рэспубліканскага конкурсу метадычных распрацовак “Адкрыты ўрок”, выдатнік адукацыі, настаўнік-метадыст, чалавек года Віцебшчыны — 2012. Думаеце я хвалюся? Не. Я пералічваю вынікі сваёй работы ў клубе “Крыштальны журавель”. І ўпэўнена, што без клуба ў мяне нічога гэтага не было б. Так, я працую і працавала б, але не такім чынам.
Самая адказная і складаная работа ў межах клуба — гэта метадычны выезд. На выездах члены клуба праводзяць адкрыты ўрок у незнаёмым класе і майстар-клас для педагогаў. Я пабывала ў многіх куточках нашай краіны (каля 18 выездаў). Кожны такі выезд — гэта самааддача: бяссонныя ночы, пошук і пакуты, хваляванні і перажыванні. Гэта крышталізацыя свайго вопыту: асобасны рост, новыя падыходы, шліфоўка індывідуальнага почырку выкладання. Гэта зарад энергіі, жаданне працаваць яшчэ лепш. А яшчэ гэта вялікая адказнасць. Зараз місія кожнага з нас, а значыць і мая, заключаецца ў наступным: садзейнічаць павышэнню статусу настаўніка, быць генератарам уласных педагагічных ідэй, натхняць сваіх калег, вучняў на пастаяннае развіццё, прыцягваць у творчую дзейнасць, павышаць узровень іх крэатыўнасці. Значыць, перад намі стаіць задача не проста ўтрымаць планку майстэрства, а ўзнімаць яе вышэй і вышэй.
Клуб акрэсліў новы віток у прафесійнай дзейнасці кожнага з нас і асабіста маёй. Я скрупулёзна рыхтуюся да кожнага ўрока штодзённа. Разумею: чым больш метадычных знаходак у мяне з маімі вучнямі, тым цікавей і карысней будзе чарговы выезд. Упэўнена, усе “жураўлі”працуюць такім чынам. І мы чуем у свой адрас словы ўдзячнасці ад калег, перад якімі выступаем ці з якімі супрацоўнічаем пры правядзенні ўрокаў у незнаёмых класах, нас запрашаюць у свае ўстановы адукацыі. Мы разумеем, за што нам дзякуюць: мы шчодра дзелімся сваімі напрацоўкамі, раскрываем сакрэты майстэрства, дэманструем на практыцы тое, што ўмеем рабіць добра.
Дзякуючы выездам, я не толькі шліфую сваё майстэрства, але і авалодваю прамоўніцкім мастацтвам. Я па-майстэрску будую свае выступленні перад аўдыторыяй, гатова да дыялогу, не баюся пытанняў і маю свой пункт гледжання, які магу аргументавана адстаяць. А яшчэ мы вучымся адно ў аднаго. Ніколі не думала, што мне, настаўніцы пачатковых класаў, будзе так цікава прысутнічаць на ўроках матэматыкі, англійскай мовы, гісторыі ў старшых класах. А гэта ўжо іншыя падыходы, іншыя метады і прыёмы, якія ты можаш прымяніць і ў сваёй практыцы, а не варыцца ва ўласным соку толькі пачатковай школы. Не менш карысныя і майстар-класы маіх калег. І якіх калег! За плячыма ў кожнага — вопыт, майстэрства і творчасць.
Не скажу, што быць членам клуба лёгка. Не. Каб прыйсці да таго, што пералічана вышэй, трэба вельмі многа працаваць. Гэта каласальная падрыхтоўка. Але ўсё гэта — нішто ў параўнанні з той радасцю і захапленнем, якія ты адчуваеш, калі ўсё атрымалася, таму з упэўненасцю заяўляю: “Я ганаруся тым, што я не проста фіналіст конкурсу прафесійнага майстэрства.
Я член клуба “Крыштальны журавель”.
Інеса Уладзіміраўна ЗУБРЫЛІНА, старшы выкладчык кафедры паслядыпломнай моўнай адукацыі ІПКіПК МДЛУ, настаўніца англійскай мовы гімназіі № 24 Мінска, настаўнік-метадыст:
— Клуб “Крыштальны журавель” для мяне — гэта кубік Рубіка з незвычайнымі і кожны раз новымі гранямі. Я маю права круціць яго так, як дазваляе мне мой вопыт, майстэрства, кампетэнтнасць, спосабы дзеяння і жыццёвыя прынцыпы. Безумоўна, не заўсёды ўсе грані адразу складваюцца правільна і прыгожа. Сумненні ва ўласных сілах, сумненні перад прыняццем рашэнняў, сумненні ў правільнасці выбару… Усё гэта прымушае шукаць шляхі вырашэння праблем, якія ўзнікаюць на ўроку, у зносінах з дзецьмі, бацькамі, калегамі. І гэты пошук прымушае развівацца, рухацца наперад і, нават спатыкаючыся і падаючы, набываць бясцэнны вопыт.
“Жураўлі” — унікальная суполка прафесіяналаў, людзей, якія ўсім сэрцам любяць сваю справу, якія разумеюць адно аднаго з паўслова. Гэта сапраўды чарада, якая разам рухаецца да новых вышынь. Мы разам шукаем і знаходзім рашэнні, працягваем дыялог пасля ўрокаў і майстар-класаў, дзелімся адкрыццямі і назіраннямі, вучымся разумець і прымаць адно аднаго. Часам мы памыляемся, але не падаем духам, таму што верым у таямніцу вялікага яднання і настаўніцкага братэрства.
Віктар Эдуардавіч ЖУК, настаўнік гісторыі і грамадазнаўства сярэдняй школы № 11 Маладзечна :
— У самым пачатку я баяўся ўступаць у клуб “Крыштальны журавель”. Там жа адны масцітыя педагогі! Але, напэўна, ужо на першым выездзе зразумеў, што гэта не проста высакакласныя настаўнікі, але і вельмі добрыя людзі, заўсёды гатовыя дапамагчы парадай. Калі бываў на іх уроках, заўсёды адкрываў для сябе новае, якое пасля імкнуўся прымяніць на практыцы. Цяпер у асяроддзі гэтых прафесіяналаў я адчуваю сябе ўжо сваім, хаця мне да іх прафесійнага ўзроўню яшчэ далёка.
Тым не менш падчас выездаў клуба “Крыштальны журавель” праводжу ўрокі ў незнаёмым класе і даю майстар-клас “Думаць, мысліць, разважаць” па актывізацыі пазнавальнай дзейнасці навучэнцаў на ўроках гісторыі. Запомніўся выезд у Шаркаўшчыну, дзе разглядалі адну праблему з усіх бакоў.
У полі нашага зроку былі балоты, іх захаванне. Увогуле, імкнуся быць актыўным удзельнікам клуба.
Клуб дапамог стаць больш упэўненым у сабе. Пасля конкурсу мне гэтага не хапала (нягледзячы на перамогу). Адкрытыя ўрокі ў незнаёмых класах, выезды клуба дапамагаюць трымаць сябе ў тонусе. Насамрэч конкурс не скончыўся пасля суперфіналу. Ён працягваецца па сённяшні дзень. Любы выезд — усе конкурсныя этапы ў мініяцюры. Канечне, я прыслухоўваюся да сваіх вопытных калег, бяру на ўзбраенне іх метадычныя падказкі. І калі “жураўлі” прысутнічаюць на маіх уроках, пасля заўсёды стараюся іх распытаць пра плюсы і мінусы свайго ўрока. З боку гэта бачна куды лепш.
Напрыклад, Ірына Рамуальдаўна Клявец падчас выезду ў Тамашоўку звярнула ўвагу на асаблівасці арганізацыі групавой работы на ўроку. Пасля кожнага выезду набываю новыя парады і ідэі. Метадычныя выезды — добры будзільнік ад штодзённасці. Да таго ж спрацоўвае ланцуговая рэакцыя, калі я гэты будзільнік прывожу ў сваю школу і мы разам з калегамі ў межах метадычных аб’яднанняў абмяркоўваем новыя ідэі.
Выезды ў складзе клуба “Крыштальны журавель” мяне падштурхоўваюць да таго, каб урокі былі індывідуальныя, непаўторныя. Калі раней я рабіў стаўку на тэхналагічнасць урока, на актыўнае карыстанне гатовымі алгарытмамі, то цяпер больш схіляюся да таго, што кожны ўрок у кожнага настаўніка павінен быць аўтарскім.
А напрыканцы ўсім клубаўцам жадаю, каб іх дзейнасць заставалася такой жа прадукцыйнай і натхняльнай. Кожны званок ад Івана Віктаравіча ўспрымаю з радасцю. Для мяне членства ў клубе з’яўляецца вельмі важным і каштоўным.
Вольга Анатольеўна СЧАСНОВІЧ, настаўніца інфарматыкі Варатынскай сярэдняй школы Бабруйскага раёна, настаўнік-метадыст:
— 10 гадоў. Няўжо ўжо 10? Як, яшчэ толькі 10!
Клуб у маім жыцці… Ён непарыўна звязаны з ім. Сябры па клубе — “жураўлі” — гэта сябры і ў жыцці. Ведаю, што ў цяжкую хвіліну прыйдуць на дапамогу. У радасную — падтрымаюць, павіншуюць і раздзеляць радасць. Гэта вельмі важна.
Я проста ведаю, што яны ёсць. І ўдзячна ўсім за гэта.
Дзякуючы клубу, у мяне з’явілася магчымасць расці, бо без росту немагчымы палёт. Так, спачатку трэба было набраць разбег… І я вельмі добра памятаю свае першыя выезды, калі не ўсё ўдавалася, ідэі даводзілася падглядваць, а хвалявання было не схаваць… Але побач была падтрымка: “жураўлі” і куратары. Магчымасць абмеркаваць урок, ідэю майстар-класа, штосьці змяніць і перапісаць — гэта дарагога варта. Звычайна перад урокам вечарам усе заняты. Рыхтуемся… Кожны імкнецца прагаварыць свой урок, астатнія слухаюць. Абмяркоўваем і адказваем на пытанні, тут жа нараджаецца новая ідэя. Здорава! Разбег… Не, мне і зараз для палёту ён патрэбны, таму вельмі цаню вопыт “жураўлёў”, магчымасць абмеркаваць і папрасіць дапамогі. Цяпер рыхтуюся да чарговага выезду. Ідэі пакуль няма. Але! Ёсць магчымасць патэлефанаваць сябру. Ці некалькім сябрам. Думаеце, яны адмовяць? Не. Выслухаюць і дапамогуць. І што самае галоўнае — ніхто не запытае: “А навошта табе гэта трэба?”
Я дакладна ведаю, што “жураўлі” — народ асаблівы. Яны ўсе з разбегам.
Мы робім сваю справу. Імкнёмся рабіць добра. І рады, калі нашы ідэі дапамагаюць іншым настаўнікам зразумець, што яны робяць гэта не горш, а нават лепш. Дзякуючы гэтаму, у іншых педагогаў з’яўляюцца ідэі і крылы.
10 гадоў. Сумна. Мы расцём. Радасна. Мы расцём!
Дзіўна. Колькі пражыта сумесных выездаў. Вось і зараз адбыўся 55-ы. Памятаю, спачатку я добрасумленна лічыла іх. Потым неяк збілася і ўжо зусім не памятаю, які ж ён у мяне па ліку. У кожным выездзе бывае штосьці сваё, што запамінаецца.
Выезд у Свіслач. Год, мабыць, 2010. Мы так добра папрацавалі, што старшыня райвыканкама вырашыў узнагародзіць нас бясплатнай паездкай у Белавежскую пушчу. Вы думаеце, мы адмовіліся з-за таго, што ў кожнага ўжо былі білеты на паездку дадому? Канечне, не. Мы паехалі ў пушчу. А напярэдадні вечарам творчай групай складалі вершы для Дзеда Мароза і Снягуркі.
А ведаеце, колькі мы спазнаём пра гарады і мястэчкі, у якіх пабывалі? 55 выездаў — гэта як мінімум 50 розных гарадоў са сваёй гісторыяй і памятнымі мясцінамі. Я нават падборку заданняў па інфарматыцы па гэтых мясцінах раблю. Добра так атрымліваецца. Выезд — новая ідэя.
І, безумоўна, людзі — настаўнікі і вучні, магчымасць зносін. І новыя сустрэчы, і старыя. У Тамашоўцы, што ў Брэсцкім раёне, настаўнікі з’язджаліся ў школу за 100 кіламетраў! І там мне ўдалося перадаць прывітанне сваёй першай школе — Лышчыцкай сярэдняй, у якой я пачынала вучыцца.
Акрамя выездаў, вялізная пляцоўка для разбегу і далейшага палёту — Азёры, дзе праходзіць наш штогадовы семінар. Дзякуючы рабоце семінара, мы асвоілі такую форму работы, калі ў групах працуюць “жураўлі” розных прадметаў, надпрадметныя групы. Складана? Вельмі! Цікава? Так!
Я ўдзячна клубу. За магчымасць прафесійных і, самае галоўнае, непрафесійных зносін. За вашы ўсмешкі і бліскучыя вочы. За падтрымку і ўдзел. За Віталіну. За тое, што ў цяжкую хвіліну вы змаглі знайсці ў сабе сілы і рэсурсы, каб дапамагчы. Дзякуй вам! Я разумею, якія мы далёкія і розныя, але нас аб’ядноўвае адно — жаданне быць і працаваць у клубе.
Дзякуй вам, нашы любімыя куратары Ірына Віктараўна Багачова і Іван Віктаравіч Фёдараў! За тое, што вы з намі, за тое, што знаходзіце ў сабе сілы весці нас і падтрымліваць. За тое, што не баіцеся быць важакамі нашай чарады. Гэта вельмі важна для нас.
Клубу — жыць! Тварыць! Дзейнічаць!
А вам, паважаныя калегі, скажу адно: не бойцеся ўзляцець. Лятайце! Пераадольвайце сілу прыцяжэння! І тады ваша жыццё і ваша свабода набудуць зусім новае вымярэнне.
Дзве птушкі ляцелі ў нябеснай прасторы і раптам трапілі ў паветраны паток. Адна спужалася, склала крылы, прыціснула да грудзей галаву і аддалася на волю лёсу. Моцны паветраны струмень падхваціў абмяклае цела, закруціў у сваім кругавароце і панёс на скалы. Разляцелася пер’е ў розныя бакі як сімвал бязволля. Іншая ж птушка выпрастала крылы, выцягнула галаву, расправіла грудзі і паляцела насустрач ветру. Калі паветраная кругаверць засталася ззаду, яна адчула сілу ў крылах і ўпэўненасць у душы і зразумела, што зараз яна можа ляцець нават да сонца.
Дарагія калегі-“жураўлі”! Гэта прытча пра вас. У сваёй прафесійнай дзейнасці вы вытрымалі ўжо не адно выпрабаванне, галоўнае з якіх — конкурс “Настаўнік года”. Безумоўна, гэта далёка не адзіны шлях да вяршынь прафесійнага майстэрства, але гэта асаблівы шлях, які дорыць настаўніку магчымасць па-іншаму паглядзець на прафесію і на сябе ў ёй. Інакш і быць не можа… Вы вытрымалі гэтае выпрабаванне дастойна, набылі новы вопыт, новых сяброў і новыя арыенціры. Вы змаглі расправіць крылы і ўжо на працягу дзесяці гадоў без стомленасці ўсёй сваёй дружнай чарадой ляціце ўвышыню. Няхай жа гэты палёт будзе лёгкім і радасным! Трымайцеся людзей, з якімі вам па дарозе, будзьце адкрытымі і не пераставайце дзяліцца сваім бясцэнным вопытам з калегамі! Няхай ваша плённае супрацоўніцтва адкрывае новыя гарызонты прафесійнага росту, вядзе да новых перамог, поспехаў і задач, якія будуць падштурхоўваць вас да новых вышынь! Нездарма ж народная мудрасць гаворыць: “Бачна птушка па палёце”.
Вашы сябры і калегі, члены Асацыяцыі настаўнікаў-метадыстаў Рэспублікі Беларусь “Імкненне”.
Вольга ДУБОЎСКАЯ, Наталля КАЛЯДЗІЧ.
Фота Алега ІГНАТОВІЧА і з архіваў герояў.