Да новых спраў пад гукі гімна

- 11:24Навіны рэгіёнаў

Шляхі ўдасканалення дзейнасці Мінскага абласнога савета БРПА абмеркавалі на пасяджэнні арганізацыі. У мерапрыемстве ўзялі ўдзел старшыні раённых і гарадскіх саветаў, а таксама ганаровыя госці — старшыня Цэнтральнага савета БРПА Вікторыя Вільеўна Мяннанава і першы намеснік начальніка ўпраўлення адукацыі Мінаблвыканкама Таццяна Валянцінаўна Апраніч.

На Міншчыне вялікая ўвага ўдзяляецца развіццю дзіцячага і маладзёжнага руху, стварэнню і дзейнасці грамадскіх аб’яднанняў дзяцей і моладзі. Даць моладзі навыкі адказных адносін да традыцый, далучыць іх да сацыяльна значных спраў, напоўніць высокім сэнсам іх штодзённае жыццё — задачы маладзёжных і дзіцячых арганізацый. У Мінскай вобласці такіх арганізацый 11. Найбольш масавай з іх з’яўляецца БРПА. Мінская абласная піянерская арганізацыя складаецца з 559 дружын, членамі якіх сталі больш як 100 тысяч дзяцей ва ўзросце ад 7 да 18 гадоў. Працуюць 22 раённыя і адзін гарадскі савет БРПА. Для таго каб уся гэтая вялікая дзіцячая грамада стала стваральнай, моцнай сілай, неабходна дакладная арганізацыя іх дзейнасці, а таксама цікавыя прапановы і ініцыятывы, здольныя шчыра зацікавіць дзяцей. Пошук такіх ідэй здзяйсняецца бесперапынна.

Вікторыя Мяннанава, вітаючы прысутных, высока ацаніла дзейнасць Мінскага абласнога савета і актыўнасць піянераў Міншчыны. Таксама старшыня Цэнтральнага Ссавета акрэсліла кола перспектыўных напрамкаў сумеснай дзейнасці ў рамках святкавання 95-годдзя БРПА, засяродзіла ўвагу на неабходнасці папулярызацыі дзейнасці грамадскага аб’яднання, а таксама нагадала, што для паспяховай і эфектыўнай работы з піянерамі неабходна падыходзіць да справы са шчырым сэрцам.

— Быць лідарам — няпростая задача, але калі ты “гарыш” справай, любіш яе, за табой пойдуць людзі рознага ўзросту і прафесіі, — адзначыла Вікторыя Вільеўна.

Асабліва актуальнымі былі гэтыя словы ў сувязі з выбарамі новага старшыні абласнога савета БРПА, якія таксама адбыліся ў рамках пасяджэння. Усе старшыні раённых і гарадскіх саветаў падтрымалі кандытатуру Святланы Анатольеўны Ярашэнка, якая і будзе цяпер узначальваць арганізацыю піянераў Мінскай вобласці. Наваяўленая старшыня савета расказала, што ў яе сэрцы і сёння захоўваюцца ўспаміны аб тым, як яе саму некалі прымалі ў піянеры. І ўспаміны гэтыя шчаслівыя і хвалюючыя. Святлана Анатольеўна гатова працаваць, каб мноства дзяцей Мінскай вобласці захавала ў сваіх сэрцах шматлікія добрыя піянерскія справы.

— Я лічу, што нам неабходна захаваць традыцыі, што склаліся ў нашай вобласці, і памножыць іх, працягнуць гісторыю добрых спраў і прадэманстраваць фірменны почырк піянерскай арганізацыі Міншчыны. Упэўнена, што ён ёсць, — падзялілася меркаваннем Святлана Анатольеўна Ярашэнка.

І сапраўды, на Міншчыне ўжо ініцыіравана і праведзена шмат цікавых мерапрыемстваў. Напрыклад, больш за 10 гадоў праводзіцца абласны форум дзіцячых і маладзёжных ініцыятыў — эфектыўная і сучасная форма дыялогу моладзі і дарослых. Незабыўнай падзеяй для піянераў Міншчыны стала грандыёзнае абласное піянерскае свята “Салют, піянерыя!”, якое прайшло вясной ля Кургана Славы. Шмат цікавага адбываецца і ў раёнах. Так, Вераніка Валер’еўна Алісіевіч, старшыня Барысаўскага раённага савета БРПА, падзялілася вопытам работы раёна па фарміраванні здаровага ладу жыцця і навыкаў бяспечнай жыццядзейнасці ў фармаце сеткавага ўзаемадзеяння дзіцячых і маладзёжных грамадскіх аб’яднанняў. Штогод у раёне праводзіцца “Кірмаш валанцёрскіх ініцыятыў”, дзе больш за 200 актывістаў абменьваюцца вопытам цімураўскай і валанцёрскай дзейнасці, прапагандуюць здаровы лад жыцця, мерапрыемства становіцца пляцоўкай для знаёмства, планавання і рэалізацыі сумесных праектаў. Старшыня Любанскага раённага савета БРПА Галіна Іванаўна Іокша расказала аб вопыце фарміравання лідарскіх якасцей навучэнцаў сродкамі праектных методык. Ужо 8 гадоў запар на базе дзіцячага аздараўленчага лагера “Арэса” рэалізуецца навучэнскі лідарскі праект “Лідар-лэнд”, у рамках якога была створана “Майстэрня добрых спраў”. Сацыяльна значныя дзіцячыя праекты, умела арганізаваныя педагогамі, дапамагаюць дзецям паверыць у сябе і адкрыць у сабе новыя магчымасці, здольнасці і найлепшыя якасці. Жодзінскім гарадскім саветам БРПА сёлета была арганізавана работа профільнай змены “Вольны час, творчасць і здароўе па-піянерску” ў рамках летняга аздараўленчага лагера дзённага знаходжання. Аб гэтым вопыце калегам расказала прадстаўнік гарсавета Тамара Аляксандраўна Казак. 32 піянеры, якія на працягу года праявілі найбольшую актыўнасць, атрымалі магчымасць адпачыць у лагеры. Бясконцая колькасць цікавых і змястоўных мерапрыемстваў настолькі спадабалася дзецям, што на наступную піянерскую змену лагера ўжо зараз утварылася чарга з жадаючых.

Удзельнікаў пасяджэння чакала не толькі цікавая інфармацыя, але і сюрпрыз — прэм’ера гімна піянерыі Міншчыны, які напісаў Вячаслаў Рыгоравіч Бабкоў. Калегі цёпла ўспрынялі твор і падпявалі аўтару і выканаўцу. Пад гукі гімна на Міншчыне будзе здзейснена яшчэ больш годных піянерскіх спраў.

Дар’я РЭВА.
Фота аўтара.