Хутка празвініць першы школьны званок — і навучэнцы і педагогі стартуюць на доўгую дыстанцыю пад назвай “Новы навучальны год”. Каб выйсці на старт у сваёй лепшай форме, педагогам неабходна настроіцца: зверыць арыенціры, прадумаць тактыку, узгадаць свае моцныя і слабыя бакі. Жнівеньская канферэнцыя — гэта і ёсць перадстартавая падрыхтоўка педагогаў.
Канферэнцыя педагагічных работнікаў Мінскай вобласці ў гэтым годзе прысвечана тэме “Якасць адукацыі: сучасныя кантэксты — эфектыўныя рашэнні”. Для правядзення сёлета быў выбраны новы фармат. Работа падзелена на два дні: дзень плённай працы і дзень прыемных урачыстасцей. Таксама ўпершыню важная роля ў арганізацыі работы жнівеньскай канферэнцыі была адведзена абласным рэсурсным цэнтрам інфармацыйных тэхналогій (АРЦІТ). Цэнтры былі створаны для арганізацыі сеткавага ўзаемадзеяння педагогаў і навучэнцаў, метадыстаў і педагогаў, бацькоў са спецыялістамі ва ўмовах стварэння і выкарыстання высокатэхналагічнага адукацыйнага асяроддзя. Аб’ядналі яны і ўдзельнікаў канферэнцыі.
Папярэдне ў рэгіёны былі накіраваны матэрыялы па канферэнцыі, у тым ліку і даклад начальніка ўпраўлення адукацыі Мінаблвыканкама Г.М.Казак, каб кіраўнікі ўстаноў адукацыі і педагагічная грамадскасць маглі азнаёміцца з ім, а пасля непасрэдна на канферэнцыі разам абмеркаваць і прааналізаваць інфармацыю.
Абмеркаванне было арганізавана на інтэрактыўных пляцоўках, створаных на базе АРЦІТ. Тут і быў дадзены старт канферэнцыі. Спачатку работа вялася лакальна і дыстанцыйна: прадстаўнікі ўсіх раёнаў, якія адносяцца да пэўнага рэсурснага цэнтра, разам абмяркоўвалі некалькі найбольш важных і надзённых пытанняў: рабілі аналіз вынікаў работы ўстаноў агульнай сярэдняй адукацыі за 2014/2015 навульны год па матэрыялах даклада начальніка ўпраўлення адукацыі; вызначалі прыярытэтныя кірункі і задачы на новы навучальны год з улікам асаблівасцей раёнаў; абмяркоўвалі праект рэзалюцыі канферэнцыі. На ўсіх без выключэння пляцоўках асаблівую ўвагу звярнулі на пытанне ўвядзення профільнага навучання і яго мадэлей у раёнах.
Пасля завяршэння дыстанцыйнай часткі пачалася вочная работа. Яна ладзілася ў лабараторыях і секцыях рэсурсных цэнтраў. І калі тэмы для работы падчас папярэдняй, дыстанцыйнай, часткі былі вызначаны аднолькавыя для ўсіх удзельнікаў канферэнцыі, то кірункі і форму для вочнай работы рэгіёны выбіралі самі ў залежнасці ад патрабаванняў і запытаў раёнаў.
Так, напрыклад, у абласным рэсурсным цэнтры інфармацыйных тэхналогій “Пошук”, які аб’ядноўвае Любанскі, Слуцкі, Салігорскі і Старадарожскі раёны, другая частка мерапрыемства прайшла ў форме дыялогавых пляцовак на базе чатырох лабараторый. Выкладчыкі замежных, а таксама рускай і беларускай моў сабраліся ў Старых Дарогах на пасяджэнні “Лабараторыі моўнага пагружэння”. Падчас работы ў лабараторыі ўдзельнікі пазнаёміліся з вопытам работы ўстаноў адукацыі раёна па міжнародным супрацоўніцтве, даведаліся аб новых адукацыйных магчымасцях міжнародных інтэрнэт-праектаў і пабывалі на майстар-класе “Мая краіна”. Адначасова настаўнікі фізікі, гісторыі, матэматыкі, біялогіі, геаграфіі прынялі ўдзел у рабоце тэматычнай пляцоўкі “Інтэрактыўнай лабараторыі” ў Любані і разглядалі пытанні распаўсюджвання дыстанцыйнай формы навучання, інфарматызацыі адукацыі, стварэння віртуальных музеяў. “Лабараторыя пачатковых класаў” сабрала ў Салігорску педагогаў, якія вучаць самых маленькіх школьнікаў. Яны ў творчай форме заглыбіліся ў тэмы падыходаў да планавання дзейнасці ўстаноў адукацыі на 2015/2016 навучальны год і нарматыўнага забеспячэння сучаснага адукацыйнага працэсу. Лабараторыя Lego працавала ў Слуцку, і тут педагогі даведаліся аб магчымасцях выкарыстання канструктара на ўроках і ў пазаўрочнай рабоце, а таксама аб актуальнай праектнай дзейнасці ў гендарным выхаванні і эфектыўнасці інтэрактыўных форм работы ў выхаванні экалагічнай актыўнасці дзяцей. Такім чынам, работа лабараторый рэсурснага цэнтра “Пошук” дала магчымасць удзельнікам пазнаёміцца з вопытам педагогаў, якія дасягнулі высокіх вынікаў у прафесійнай дзейнасці. Лабараторыі і секцыі, арганізаваныя ў пяці астатніх АРЦІТ, працавалі над іншымі, але не менш цікавымі тэмамі.
Пасля такой плённай і разнастайнай работы ў рэгіёнах паасобку прадстаўнікі ўсіх раёнаў вобласці сабраліся разам на абласны педагагічны савет, які прайшоў у фармаце відэаканферэнцыі. У студыі залы пасяджэнняў Мінаблвыканкама шчыравалі супрацоўнікі ўпраўлення адукацыі, а таксама Міністэрства адукацыі, БДПУ імя Максіма Танка, Нацыянальнага інстытута адукацыі, Рэспубліканскага інстытута прафесійнай адукацыі, дэпартамента кантролю якасці адукацыі Міністэрства адукацыі, Мінскай абласной арганізацыі Беларускага прафсаюза работнікаў адукацыі і навукі. А ў студыях у раёнах сабраліся работнікі аддзелаў адукацыі, спорту і турызму рай(гар)выканкамаў і вучэбна-метадычных кабінетаў, кіраўнікі ўсіх устаноў адукацыі, а таксама намеснікі старшынь рай(гар)выканкамаў, якія курыруюць сацыяльную сферу.
Відэаканферэнцыя пачалася з даклада начальніка ўпраўлення адукацыі. Паколькі педагагічная грамадскасць з поўным дакладам пазнаёмілася раней, Галіна Мікалаеўна Казак скіравала ўвагу калег на найбольш праблемныя моманты, якія патрабуюць асэнсавання і вырашэння, а таксама адзначыла дасягненні, якія павінны стаць станоўчым прыкладам для ўсіх. Так, вобласць ганарыцца першым у гісторыі прадстаўніком Міншчыны, які стаў пераможцам конкурсу прафмайстэрства “Настаўнік года Рэспублікі Беларусь” В.Э.Жуком, настаўнікам гісторыі сярэдняй школы № 11 Маладзечна. Браць прыклад трэба і з педагагічных калектываў гімназіі № 1 Барысава і Слуцкага дзяржаўнага каледжа, якія па выніках работы ў 2014 годзе занесены на рэспубліканскую Дошку гонару. Сярод праблем, якія неабходна неадкладна вывучаць і аператыўна вырашаць, начальнік упраўлення адукацыі адзначыла некаторае зніжэнне вынікаў выступленняў вучняў на заключным этапе прадметнай алімпіяды, нарастаючае старэнне кадраў, рост колькасці правапарушэнняў сярод непаўналетніх. Аляксандр Іванавіч Жук, рэктар БДПУ імя Максіма Танка, у сваім выступленні адзначыў, што ўніверсітэт і Міншчыну звязвае цеснае супрацоўніцтва, якое дае вынікі. Так, у гэтым годзе студэнтамі БДПУ сталі 677 выпускнікоў устаноў адукацыі Мінскай вобласці. А гэта, дарэчы, трэцяя частка ўсяго сёлетняга набору. 70 працэнтаў, а менавіта 105 чалавек, якія паступілі па мэтавым накіраванні, таксама з Міншчыны. З ліку 132 медалістаў 38 чалавек зноў жа з Мінскай вобласці. Але працаваць яшчэ ёсць над чым. Аляксандр Іванавіч расказаў, што высокі запыт вобласці ў педагагічных работніках сёння ўніверсітэт здавальняе толькі на трэць. Вырашацца гэтая праблема будзе ў тым ліку і з дапамогай стварэння педагагічных класаў. Міншчына працуе актыўна ў гэтым кірунку, і ў новым навучальным годзе плануецца работа 18 профільных педкласаў і 38 груп.
Раіса Станіславаўна Сідарэнка, намеснік міністра адукацыі, прапанавала разам задумацца аб вытоках некаторых праблем, з якімі сутыкнулася не толькі вобласць, але і краіна, і разам шукаць выйсце з сітуацыі. Так, Раіса Станіславаўна звярнула ўвагу на той факт, што ў дашкольных установах памяншаецца колькасць педагогаў, якія маюць адукацыю па профілі. Таксама намеснік міністра адзначыла наступную неадпаведнасць: колькасць гімназій і ліцэяў расце, але пры гэтым сёлета некаторыя з гэтых устаноў не выканалі кантрольных лічбаў прыёму пры наборы навучэнцаў у 5 клас. У некалькіх гімназіях адсутнічае конкурс пры паступленні ў 5 клас, у некаторых такіх установах надзвычай нізкі прахадны бал. Гэтыя і іншыя пытанні патрабуюць глыбокага аналізу і эфектыўнага вырашэння.
Відэасувязь на абласным педсавеце не была аднабаковай. Удзельнікі відэаканферэнцыі з раённых студый таксама мелі магчымасць звярнуцца да калег, задаць пытанні, выказаць прапановы. Адкрыты дыялог завяршыў першы дзень жнівеньскай канферэнцыі на Міншчыне. У другі дзень прыгожым і ўрачыстым працягам канферэнцыі стала свята “Мы ўшаноўваем цябе, настаўнік”, якое сабрала педагогаў у Маладзечне.
Дар’я РЭВА.
Фота аўтара.