У палонку па здароўе. Педагогі расказалі пра свой шлях да маржавання

- 12:28Увлечения

Калі зімой слупок тэрмометра імкліва падае, не заўсёды гэта нагода апрануць самую цёплую вопратку. Для некаторых марозныя дні — лепшы падарунак прыроды, і яны спяшаюцца да найбліжэйшага вадаёма, каб удосталь паплаваць. Ёсць аматары такога экстрыму і сярод педагогаў. З імі пазнаёмілася карэспандэнт “Настаўніцкай газеты”.

Не дрыжы! Плывуць маржы

Нядаўна пад Мінскам самых загартаваных плыўцоў вызначалі на Кубку краін СНД па зімовым плаванні. Сярод 150 удзельнікаў адным з самых багатых на медалі стаў Віталь Селістроўскі, кіраўнік фізічнага выхавання Віцебскага дзяржаўнага каледжа электратэхнікі. 

Віталь Селістроўскі практыкуе плаванне ў ледзяной вадзе ўжо больш за 20 гадоў. Ён вядучы спартсмен Віцебскай абласной федэрацыі загартоўвання і зімовага плавання і вядомы морж не толькі на Віцебшчыне, але і ў маштабах Беларусі. Не прапусціў ніводных рэспубліканскіх спаборніцтваў па зімовым плаванні і ні разу не вярнуўся з іх без узнагарод. Дзякуючы сваёй любові да спорту і таму, што актыўна далучае да яго сваіх навучэнцаў, педагог — лаўрэат праекта “Імі ганарыцца малая радзіма”.

— Асабіста ў мяне страху халоднай вады ніколі не было, бо я з дзяцінства бачыў, як абліваецца халоднай вадой мой бацька, і да гэтага ён прывучыў і мяне. А кантрасны душ стаў для мяне штодзённым прыемным рытуалам, — адзначае Віталь Уладзіміравіч.

Віталь Селістроўскі мае нагрудны залаты значок “Фізкультурнік Беларусі”. Каманда Віцебскага дзяржаўнага каледжа электратэхнікі, якую ён трэніруе, неаднаразова станавілася пераможцай абласнога і рэспубліканскага этапаў летняга мнагаборства “Здароўе”.

Паспрыяў ледзяной жарсці майго суразмоўніка і Станіслаў Шумякоў, заўзяты морж і нязменны трэнер СДЮШАР № 8 Віцебска на працягу амаль 40 гадоў.

— Тады я быў студэнтам апошняга курса ВДУ імя П.М.Машэрава і навучэнцам СДЮШАР № 8. Нам было цікава назіраць, як наш трэнер Станіслаў Мікалаевіч свабодна адчувае сябе ў ледзяной вадзе, ставіць уласныя рэкорды. Напрыклад, ён праплыў па Дзвіне 2,5 км за 31 мінуту пры тэмпературы вады ўсяго +2 ⁰С. На яго рахунку і 20-метровы заплыў пад лёдам. За такія заплывы ён нават атрымаў галоўны прыз — відэакамеру — у тэлеперадачы “Сам сабе рэжысёр”. Аднойчы трэнер прапанаваў і нам, навучэнцам, акунуцца ў ваду зімой. Мы з хлопцамі рызыкнулі і паспрабавалі. І неяк паціху ўпадабалі гэта. Спачатку плавалі зрэдку, у асноўным калі Станіслаў Мікалаевіч ла­дзіў купанні на Вадохрышча, а потым, калі стаў праводзіцца Кубак Беларусі па зімовым плаванні і наша каманда пачала ў ім пастаянна ўдзельнічаць, такія заплывы сталі частымі. Нават калі ў Станіслава Мікалае­віча не хапала часу на нашы трэніроўкі, мы ўжо самі хадзілі зімой на вадаёмы і плавалі, — расказвае Віталь Селістроўскі.

Відавочна, што гэтыя трэніроўкі былі эфектыўнымі: з 5-га адкрытага чэмпіянату Беларусі і горада Мінска па спартыўным зімовым плаванні Віталь Селістроўскі прывёз адразу 4 медалі і дыпломы за 1-я месцы. У сакавіку 2023 года ў Брэсце праходзіў Міжнародны кубак Садружнасці па зімовым плаванні — Віталь Селістроўскі ў заплывах на 25 і 50 м заваяваў бронзавы і сярэбраны медалі. На гэты раз канкурэнцыя была мацнейшая, бо яшчэ больш прафесійных спартсменаў і чэмпіёнаў свету ўдзельнічалі ў спаборніцтвах, але гэта не пера­шкодзіла Віталю Уладзіміравічу заваяваць 4 сярэбраныя медалі ў заплывах на 25 і 50 м вольным стылем і брасам.

Амаладзіцца зімовай вадзіцай

Выхавальніца сталічнага дзіцячага сада № 128 Вольга Сынавец аднойчы ў ледзяной вадзе пакінула ўсе свае хваробы. З таго часу яна рэгулярна наведваецца зімой на вадаёмы Мінска і наваколля.

— Гадоў пяць назад я працавала ў садзе № 329, і неяк у нашу групу памочнікам выхавальніка прыйшла жанчына ва ўзросце за 70 гадоў. Прычым яна сумяшчала дзве работы і пры гэтым цудоўна выглядала — была заўсёды бадзёрай, энергічнай, са свежым, маладжавым тварам. Мы з калегай (другім выхавальнікам у нашай групе) не маглі ўцяміць, як так можа быць. Кожны раз пасля работы Валянціна Васільеўна некуды спяшалася. Мы сталі дапытвацца: “Куды вы ўсё бяжыце? І дзе бераце мала­досць?” Аказалася, што яна шмат гадоў маржуе і пасля работы ездзіць на Вітаўскую крыніцу, што пад Дзяржынскам, — і вадзіцы ўзяць, і акунуцца. А ў мяне ў той час было нейкае захворванне, якое не маглі дыягнаставаць медыкі — паўтара года я хварэла, трымалася павышаная тэмпература, не дапамагалі ніякія антыбіётыкі. І Валянціна Васільеўна параіла мне наведаць гэтую крыніцу, — расказвае Вольга Сынавец.

Тады яна паехала не раздумваючы. З сабой за кампанію ўзяла мужа і калегу.

— Калі мы прыехалі, страх апанаваў неверагодны: на дварэ — лістапад, холадна… Але там закрытая капліца, ёсць дах над галавой, таму было быццам бы цяплей. І мы ўсе ўтраіх акунуліся. Добра, што рабілі гэта па чарзе, бо не маглі самастойна выйсці — выцягвалі адно аднаго за рукі. Вада там праточная, ключ б’е інтэнсіўна, таму вада сцюдзёная. Ды і не столькі вада нас халадзіла, колькі ўнутраны страх: ногі проста адмаўляліся ісці наперад. Але так было толькі першы раз. Мы вельмі хутка пераадолелі гэты страх. І настолькі захапіліся такімі акунаннямі, што “заразілі” імі ўсіх сваіх знаёмых, суседзяў. Хаця спачатку ў адказ на нашы відэа з палонак яны адказвалі: “Ненармальныя!” Але хутка і самі далучыліся да нас, бо на сабе адчулі, што зімовая ва­дзіца дапамагае амаладзіцца. Асаб­ліва ацанілі гэты лайфхак жанчыны. Акрамя таго, пасля купання лёгка сыходзіць лішняя вага, — заўважае Вольга Сынавец.

Пра галоўны вынік свайго захаплення яна расказвае:

— Ужо пасля першых некалькіх разоў я забылася пра сваё захворванне, пра антыбіётыкі, тэмпература ўнармавалася, і я нарэш­це стала адчуваць сябе выдатна. Значна палепшылася самаадчуванне і ў майго мужа. Мы з ім настолькі захапіліся, што ніводныя выхадныя не маглі выседзець дома — ехалі плаваць у любое надвор’е, у любы мароз. Нават -24 ⁰С для нас ужо не перашкода — галоўнае, каб вада была адкрытай. Цяпер толькі выхадных нам мала — ужо і сярод тыдня ездзім. З намі маржуе нават наш сабака — ды яшчэ і рыбу адначасова ловіць. Часам я складаю кампанію сваёй калезе.

А гады чатыры назад сямейная пара далучылася да гарадскога грамадскага аб’яднання “Маржы сталіцы”. Спачатку плавалі з яго ўдзельнікамі ў адкрытым басейне пры Палацы воднага спорту, а потым разам з імі выйшлі і на адкрыты вадаём — апошнія гады яны плаваюць найчасцей на Цне. Калі не дазваляе час, абмяжоўваюцца купеллю ў Вяснянцы. Любяць плаваць і ў Мінскім моры, рэгулярна разведваюць новыя месцы.

— Для навічкоў самы вялікі страх — распрануцца на марозе. Насамрэч тут няма нічога такога, бо страх толькі ў нашых галовах: “А раптам я замерзну, захварэю, памру?” Для мяне ж, наадварот, маржаванне стала адзіным эфектыўным лячэннем. Маржы ўвогуле не мерзнуць, асабліва пры выха­дзе з вады. Сэрца пачынае біцца мацней, становіцца горача. Калі выходзіш з вады, ад цела ідзе пара, быццам выйшаў з лазні. Мабыць, лепшага адчування ў прыродзе няма, — дзеліцца ўражаннямі суразмоўніца.

Парады для навічкоў ад Вольгі Сынавец

  • Калі вы адважыліся акунуцца зімой у ваду, ні ў якім разе не рабіце гэта ў адзіночку. І справа не толькі ў тым, каб было каму падаць вам руку і ручнік. Халодная вада можа быць небяспечнай, яна знянацку можа выявіць схаваныя захворванні, асабліва сардэчна-сасудзістыя. А ўвогуле пачынаць маржаваць трэба пасля кансультацыі з урачом і лепш пад прыглядам супрацоўнікаў Таварыства ратавання на водах.
  • Лазні ўстанаўліваюцца паводдаль ад вады. І гэта не выпадкова. Нельга выбегчы з парылкі і адразу скокнуць у ледзяную ваду — важнае значэнне мае якраз гэтая адлегласць, каб цела паспела крыху падстроіцца пад холад.

Святлана НІКІФАРАВА
Фота Алега ІГНАТОВІЧА і з архіва героя