Да прафесійнага росту — разам

Асаблівую ўвагу ў Дрыбінскім раёне ўдзяляюць падтрымцы педагагічных калектываў навучальных устаноў і прафесійнаму развіццю настаўнікаў.

— Агульная якасць адукацыі напрамую залежыць ад майстэрства кожнага асобнага педагога. Менавіта таму мы ўсебакова падтрымліваем настаўнікаў у прафесійным росце. Больш за тое, пастаянна стымулюем іх да ўдасканалення, — расказала загадчыца раённага вучэбна-метадычнага кабінета Любоў Тарасенка.

Па яе словах, для дрыбінскіх педагогаў рэгулярна праводзяцца майстар-класы, прэзентацыі вопыту, панарамныя ўрокі, фестывалі і конкурсы, вучэбныя семінары. Падчас чарговай такой сустрэчы настаўнікі пачатковых класаў, беларускай і рускай мовы, намеснікі дырэктараў школ раёна абмяркоўвалі метадычныя асновы сучаснага ўрока. У форме стэндавай прэзентацыі “Вазьмі з сабой на ўрок” лепшыя настаўнікі беларускай мовы падзяліліся з прысутнымі алгарытмамі правядзення паспяховых заняткаў. Яны прадставілі калегам дзейсныя спосабы арганізацыі структуры ўрока, метады павышэння засваення вучэбнага матэрыялу вучнямі, актывізацыі іх пазнавальнай актыўнасці.

Як адзначылі ў раённым вучэбна-метадычным кабінеце, падобная падтрымка звонку вельмі дапамагае настаўнікам у працы.

— Разнастайныя метадычныя сустрэчы садзейнічаюць распаўсюджванню эфектыўных адукацыйных распрацовак, спрыяюць павышэнню прафесійнага ўзроўню педагогаў, развіццю іх творчай ініцыятывы, імкненню да самаўдасканалення. Таксама гэтыя мерапрыемствы — добрая магчымасць для зносін. Падчас выступленняў і майстар-класаў настаўнікі атрымліваюць неабходную ў працы кансультатыўна-метадычную дапамогу, што спрыяе адточванню іх прафесійнага майстэрства, — адзначыла Любоў Васільеўна.

Ганна СІНЬКЕВІЧ.
Фота прадастаўлена Дрыбінскім раённым вучэбна-метадычным кабінетам.

Пакінуць каментарый

Ваш электронны адрас не будзе апублікаваны. Абавязковыя палі пазначаны *