Да прафесійнай свядомасці вучняў — разам

- 14:23Навіны рэгіёнаў

Выніковая прафарыентацыя — адна з галоўных задач па рабоце з моладдзю на Магілёўшчыне. Сёння значная частка не занятых у эканоміцы рэгіёна — маладыя людзі, якія маюць за плячыма толькі базавую або сярэднюю адукацыю і неканкурэнтаздольныя на рынку працы. Таму прафесійнай падрыхтоўцы навучэнцаў удзяляюць адпаведную ўвагу на ўсіх узроўнях. Асаблівая адказнасць за свядомы прафесійны выбар выпускнікоў — на ўстановах адукацыі.

Падбору прафесійна арыентаваных абітурыентаў вельмі садзейнічала адкрыццё класаў педагагічнай і сельскагаспадарчай накіраванасці. Іх функцыянаванне станоўча адбіваецца на выніковасці прафарыентацыі. Сёлета ў педагагічных класах вучацца 475 дзяцей, у аграрных — 273 вучні. Арганізацыя навучання ў такіх профільных класах вартая пашырэння, таму гэтая тэма была разгледжана на адпаведным семінары.

Удзельнікамі практыкуму сталі першы намеснік начальніка галоўнага ўпраўлення па адукацыі аблвыканкама Сяргей Сыранкоў, начальнікі і метадысты раённых аддзелаў па адукацыі, кіраўнікі магілёўскіх устаноў агульнай сярэдняй адукацыі, прадстаўнікі Беларускай сельскагаспадарчай акадэміі. На базе Цэнтра сельскага развіцця Асінаўскага ВПК Чавускага раёна яны абмеркавалі навукова-метадычныя і кіраўніцкія падыходы да навучання ў аграрных класах.

— Стварэнне аграрных класаў у школах з’яўляецца неабходнасцю не толькі для падрыхтоўкі навучэнцаў да паступлення, але і для папулярызацыі сельскагаспадарчых прафесій. Таму нам вельмі патрэбна выпрацоўка далейшай стратэгіі развіцця і пашырэння класаў сельскагаспадарчай накіраванасці, — адзначыў у пачатку сустрэчы Сяргей Сыранкоў.

Падчас мерапрыемства былі абмеркаваны актуальныя пытанні развіцця сучаснай сельскагаспадарчай вытворчасці, намечана адзіная стратэгія арыентацыі навучэнцаў на выбар сельскагаспадарчых прафесій у кантэксце прыярытэтных задач Магілёўскай вобласці.

— Наспела неабходнасць развіцця аграрных класаў не толькі ў сельскай мясцовасці, але і ў гарадах. Не толькі падобныя класы і выкладчыкі павінны прыцяг­нуць навучэнца да выбару сельскагаспадарчай прафесіі. У гэтым павінны быць зацікаўлены таксама кіраўнікі прадпрыемстваў, якія маюць патрэбу ў спе­цыялістах, — адзначыў начальнік аддзела прафарыентацыйнай работы БДСГА Андрэй Гарноўскі.

Асобна ўдзельнікі разгледзелі праблемы, з якімі сутыкаюцца педагогі падчас арганізацыі вучэбнага працэсу ў аграрных класах. Галоўная з іх — праграма навучання.

— Праграма перанасычана інфармацыяй, якая выкладаецца ва ўніверсітэтах на старшых курсах. Адна з мэт семінара — выявіць мінусы праграмы, недахопы, а таксама прыняць да ведама прапановы па яе ўдасканаленні, — паведаміла дацэнт БДСГА Наталля Дуктава, якая з’яўляецца адным са стваральнікаў вучэбнай праграмы для аграрных класаў.

Удзельнікі семінара наведалі факультатыўныя заняткі аграрнага класа Асінаўскага ВПК, на якіх вучні 10 класа пад кіраўніцтвам настаўніцы Алены Багданавай прадэманстравалі практычнае і тэарэтычнае веданне вучэбнага матэрыялу. Дырэктар навучальнай установы Дзяніс Нікіфараў падзяліўся інфармацыяй, як у школе ствараўся профільны клас аграрнай накіраванасці, рэалізоўваліся праекты па развіцці сельскагаспадарчай га­лі­ны аграгарадка.

 — На сённяшні дзень у нашай навучальнай установы ёсць зямельныя ўчасткі, на іх навучэнцы аграрных класаў могуць замацоўваць пройдзены матэрыял. Мы набылі невялікі трактар, на якім хлопцы самі апрацоўваюць зямлю. У нас таксама створаны Цэнтр сельскага развіцця і самабытны Цэнтр дэгустацыі і гатавання страў традыцыйнай кухні нашай мясцовасці, — расказаў калегам Дзяніс Нікіфараў.

Семінар атрымаўся практыка-арыентаваным і інфармацыйна насычаным. Важна, што ён прайшоў у форме канструктыўнага дыялогу. Па выніках мерапрыемства былі прыняты рашэнні спрасціць вучэбную праграму, правесці ў БДСГА павышэнне кваліфікацыі для педагогаў, якія працуюць у аграрных класах, арганізаваць конкурс даследчага характару сярод навучэнцаў 9—11 класаў вобласці. Адна з ключавых прапаноў — праходжанне навучэнцамі практыкі на базе сельскагаспадарчай акадэміі, каб яны маглі больш ­усвядомлена выбіраць прафесію.

Ганна СІНЬКЕВІЧ.
Фота прадастаўлена
Асінаўскім дзіцячым садам — сярэдняй школай Чавускага раёна.