Да работы на Віцебшчыне прыступяць 380 маладых педагогаў

- 11:07Новости

Звяртаючыся да ўдзельнікаў жнівеньскай абласной канферэнцыі, старшыня Віцебскага аблвыканкама, доктар біялагічных навук, прафесар Аляксандр Субоцін падкрэсліў, што ключавой фігурай у працэсе навучання і выхавання з’яўляецца высокакваліфікаваны і дысцыплінаваны, адказны і творчы настаўнік. Такімі педагогамі і славіцца Віцебшчына. Падрабязнасці – у матэрыяле карэспандэнта “Настаўніцкай газеты”.

Асноўная задача адукацыі, сям’і і грамадства застаецца нязменнай: якасна вучыць і выхоўваць дастойных грамадзян, патрыётаў Беларусі. У школах і гімназіях вобласці дзейнічаюць 132 музеі, музейныя пакоі, куткі і экспазіцыі, размешчаны стэнды, прысвечаныя генацыду беларускага народа ў гады Вялікай Айчыннай вайны. Педагогі ў музейнай працы імкнуцца задзейнічаць кожнага навучэнца, вялікую ўвагу ўдзяля­юць вывучэнню лёсаў герояў, чые імёны носяць 140 устаноў адукацыі. Актыўна развіваецца сетка ваенна-патрыятычных клубаў і класаў, экскурсійная дзейнасць. Полацкае кадэцкае вучылішча ўзнагароджана прэміяй Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь “За духоўнае адраджэнне”.

— Найважнейшым аспектам дзейнасці ўстаноў агульнай сярэдняй адукацыі ў Год якасці з’яўляецца работа па выбудоўванні індывідуальнай адукацыйнай траекторыі кожнага вучня, накіраваная на раннюю прафарыентацыю і прафесійнае самавызначэнне, павышэнне прэстыжу айчыннай адукацыі і папярэджанне адтоку моладзі за мяжу, — адзначыў начальнік галоўнага ўпраўлення па адукацыі аблвыканкама Дзмітрый Хома. — Фактычна 30 працэнтаў навучэнцаў наведвалі класы прафесійнай накіраванасці. На ўмовах мэтавай падрыхтоўкі ва ўстановы прафадукацыі на педспецыяльнасці паступілі 249 чалавек, у тым ліку ў рэгіянальныя УВА і каледжы — 221.

Другі раз выпускнікі 11-х класаў прайшлі атэстацыю ў форме цэнтралізаванага экзамену, сярэдні бал якога ў вобласці складае 63,8. Віцебшчына трымае лідарства ў краіне па рускай мове, хіміі, гісторыі Беларусі, грамадазнаўстве і геаграфіі, займае 2-е месца па беларускай, англійскай мовах, фізіцы, матэматыцы, біялогіі. Лепшыя вынікі паказалі навучэнцы Наваполацка, Кастрычніцкага раёна Віцебска, Браслаўскага раёна. Стабальных сертыфікатаў атрымана 117. Найбольшая колькасць з іх — у Віцебску і Наваполацку, сярод устаноў адукацыі абсалютным лідарам з’яўляецца гімназія № 2 абласнога цэнтра: 16 стабальнікаў. На заключным этапе рэспубліканскай алімпіяды па вучэбных прадметах каманда вобласці заваявала 103 дыпломы (3-е месца ў краіне).

Каледжы Віцебшчыны сёлета накіравалі на работу 1765 выпускнікоў узроўню сярэдняй спецыяльнай і 2412 выпускнікоў узроўню прафесійна-тэхнічнай адукацыі дзённай формы навучання. Штогод павялічваецца колькасць мэтавікаў. Так, у 2023 годзе на ўмовах мэтавай падрыхтоўкі навучанне праходзілі 806 чалавек; план на 2024 год — 1439 навучэнцаў — выкананы. Якасць адукацыйнага працэсу пацвярджаюць вынікі ўдзелу ў конкурсах: атрымана 397 узнагарод рэспубліканскіх і 241 — міжнародных конкурсаў, з іх прафесійнай накіраванасці 51 і 123 адпаведна. Сістэмна ўдасканальваецца матэрыяльна-тэхнічная база каледжаў. За першае паўгоддзе 2024 года на яе развіццё асвоена 3,6 млн рублёў, у тым ліку на набыццё абсталявання і іншых асноўных сродкаў — 1,3 млн рублёў. На базе каледжаў працу­юць 7 цэнтраў кампетэнцый, якія знахо­дзяцца ў распараджэнні галоўнага ўпраўлення па адукацыі аблвыканкама, уключаючы два па падрыхтоўцы кадраў для АПК. За апошнія пяць навучальных гадоў тут прайшлі пад­рыхтоўку звыш 15 000 навучэнцаў і студэнтаў.

Да работы ўпершыню на Віцебш­чыне прыступяць 380 маладых педагогаў. Па словах Дзмітрыя Хомы, у шэраг устаноў адукацыі прыйшлі па некалькі такіх спецыялістаў. А ў новай пачатковай школе № 48 Віцебска, якая адкрыецца 2 верасня, дзяцей ра­зам з вопытнымі калегамі сустрэнуць больш за 30 маладых выхавальнікаў і настаўнікаў.

У рэгіёне выканана значная работа па падрыхтоўцы да новага навучальнага года, у тым ліку па правя­дзенні капітальных, бягучых рамонтаў, набыцця абсталявання і сродкаў навучання, школьных аўтобусаў — аўтапарк сур’ёзна абноўлены. На капітальныя і бягучыя рамонты ўстаноў адукацыі ў абласным бюджэце прадугледжана 26,2 і 35,2 млн рублёў адпаведна, на ўмацаванне матэрыяльна-тэхнічнай базы (у частцы набыцця абсталявання) устаноў адукацыі — 14,4 млн рублёў.

У Віцебску, Наваполацку, Оршы і Лепелі ў новых жылых мікрараёнах працягваецца будаўніцтва дзіцячых садоў. Абноўленай пасля рэканструкцыі прыме навучэнцаў сярэдняя школа № 2 імя А.І.Дубасарскага ў Шуміліне. Завяршаюцца рамонты вялікіх знакавых аб’ектаў у рамках падрыхтоўкі да абласных “Дажынак” у Бешанковічах, спартыўных пляцовак у школах Паставаў і Бігосава Верхнядзвінскага раёна. Сёлета будуць пабудаваны дзіцячыя дамы сямейнага тыпу ў Полацкім і Пастаўскім раёнах, а ў наступным годзе — у Віцебску, Глыбокім, Лепелі.

Таццяна БОНДАРАВА
Фота Вячаслава БАРЫСЕНКІ і  БелТА