Да рэсурсу «ПРАФБібліятэка.by» падключыліся 45 навучальных устаноў краіны

- 11:00Образование

Год назад Рэспубліканскі інстытут прафесійнай адукацыі стварыў электронную бібліятэчную сістэму. Пачыналі з 30 карыстальнікаў, цяпер іх больш за 3,5 тысячы з усіх рэгіёнаў краіны. Падрабязнасці – у матэрыяле карэспандэнта “Настаўніцкай газеты”.

Карыстальнікамі ЭБС сталі таксама грамадзяне краін СНД, ЗША, Кітая, Германіі. Колькасць карыстальнікаў істотна павялічылася і за кошт чытачоў Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі. 45 навучальных устаноў нашай краіны падключыліся да рэсурсу бібліятэкі як юрыдычныя асобы.

Алена Яўгенаўна Сакалова, начальнік цэнтра вучэбнай кнігі і сродкаў навучання РІПА, паведаміла, што электронная бібліятэчная сістэма “ПРАФБібліятэка.by” — інструмент лічбавізацыі навукова-метадычнага забеспячэння. Рэсурс змяшчае падручнікі, вучэбна-метадычныя дапаможнікі, вучэбныя планы, праграмы і адукацыйныя стандарты для прафесійнай адукацыі. Каталог увесь час папаўняецца новымі выданнямі, што дазваляе кожнаму карыстальніку атрымаць максімум інфармацыі. Перш чым кнігі трапляюць у электронным выглядзе ў бібліятэку, яны з’яўляюцца на папяровым носьбіце.

Бібліятэка мае шырокі спектр падключэння, таму ўстановы самі выбіраюць той ці іншы варыянт. Хтосьці выказвае жаданне мець усю калекцыю літаратуры, створанай у цэнтры вучэбнай кнігі і сродкаў навучання, іншыя падпісваюцца ў чытальнай зале сваёй бібліятэкі на асобную літаратуру. Ёсць установы, якія падключылі да рэсурсу толькі педагагічных работнікаў, каб яны азнаёміліся з ЭБС і навучыліся прымяняць яе платформу непасрэдна ў сваім асабістым кабінеце. Выкладчык як фізічная асоба можа самастойна набыць асобныя выданні, калі на іх яго навучальная ўстанова не падпісана. Што тычыцца сістэмы аплаты, то яна вельмі гібкая: чым больш карыстальнікаў падключаецца, тым танней гэта абыхо­дзіцца для навучальнай установы. Кошт на аднаго навучэнца можа дахо­дзіць да 50 капеек на ўвесь камплект падручнікаў, на які падпісалася навучальная ўстанова. Што наконт інфармацыі, якая знахо­дзіцца на платформе ЭБС, то яна, як кажуць, не мае меж.

— Напрыклад, калі ўвесці ў пошукавік “спецыяль­насць па грамадскім харчаванні”, то ўсё, што ёсць па гэтай тэме на платформе, бу­дзе адлюстравана ў пошукавай сістэме, — растлумачыла Алена Яўгенаўна. — Каб захоў­ваць аўтарскія правы, тэкст спампоўваць нельга, а толькі можна выкарыстоўваць яго ў час работы на самім рэсурсе бібліятэкі. У ЭБС можна зра­біць закладкі ў кніжцы, капіраваць часткі тэксту для далейшага выкарыстання, раздрукаваць асобныя старонкі, дабавіць у выбранае. Калі кніга мае электронныя дадаткі, то прапаноўваецца закладка “Мультымедыя” і ўсе тыя медыйныя рэсурсы, якія ёсць у гэтай кнізе, таксама будуць даступныя для чытача.

Для фізічных асоб мы стварылі тэматычны рубрыкатар. Калі, напрыклад, адкрыць рубрыку “Выяўленчае мастацтва”, то можна пачытаць адпаведныя выданні па гэтай тэматыцы, незалежна ад спецыяльнасці, па якой ты вучышся, а проста для агульнага развіцця. Таксама мы выдалі шмат кніг па прафлексіцы англійскай мовы, якія можна выкарыстоўваць для тых спецыяльнасцей, дзе патрэбна ўжыванне замежнай мовы.

Сёння на платформе ЭБС размешчаны кнігі не толькі выдавецтва РІПА. Заключаны дагавор з выдавецтвам “Вышэйшая школа”, што дало права размясціць больш за 300 выданняў выдавецтва. У сваёй большасці гэта ўніверсітэцкая літаратура для выкладчыцкага складу УВА, студэнтаў, абітурыентаў. Рэсурсам карыстаюцца таксама школьнікі і іх бацькі.

На сёння ў ЭБС знаходзіцца больш за 1100 выданняў. Істотны прырост узнік за кошт размяшчэння на платформе адукацыйных стандартаў новага пакалення, прыкладных вучэбных праграм. На платформе бу­дуць не толькі стацыянарныя падручнікі, але і з пераходам на тэсціраванне. Усе навацыі будуць закладзены ў тэхнічнае заданне па развіцці бібліятэкі ў далейшым.

Выдаць свой дапаможнік

Цэнтр вучэбнай кнігі і сродкаў навучання РІПА за 20 гадоў існавання набыў вялікі вопыт у сферы кнігавыдання для прафесійнай адукацыі. Сёння выдавецтва выпускае разнапланавую літаратуру: падручнікі, дапаможнікі, рабочыя сшыткі — у год выхо­дзіць больш за 70 выданняў. Акрамя таго, цэнтр праводзіць разнастайныя выставы друкаванай прадукцыі, сустрэчы ў калектывах устаноў адукацыі, прадстаўляе свой вопыт за мяжой.

Для вучэбнага кнігавыдання аўтарства было і застаецца вельмі актуальным пытаннем. Менавіта ад аўтараў зале­жаць забеспячэнне адукацыйнага працэсу неабходнай вучэбнай літаратурай, паляпшэнне зместу і павышэнне якасці адукацыі. Але ў педагогаў няма асаблiвай падтрымкi, каб пісаць падручнікі і дапаможнікі. Аднак, дзякуючы новым нарматыўным дакументам, ёсць спадзяванне, што яна з’явіцца.

Каб пацвердзіць статус вядучай навучальнай установы, яе педагогі павінны мець публікацыі ў адпаведных выданнях, а таксама выдадзеную літаратуру пад грыфам Міністэрства адукацыі. Норма стане стымулам для напісання падручнікаў і за­ахвочвання з боку кіраўнікоў навучальных устаноў да іх напісання педагогамі. Гэты крок дасць свежы прыток аўтараў.

Наяўнасць вучэбных выданняў — ­адзін з галоўных крытэрыяў развіцця не толькі самой навучальнай установы, але і ў цэлым сістэмы адукацыі. Гатовы выдавецкі прадукт складае гонар і надае высокі статус самому педагогу, установе адукацыі, рэгіёну. Аўтару вучэбнага выдання прадугледжаны матэрыяльныя выплаты. Іміджавыя перавагі вельмі важныя і ўплываюць на прафесійную кар’еру і ўвогуле на лёс чалавека.

Дырэктар Мінскага каледжа гандлю і камерцыі Н.М. Ляўкевіч (справа) з аўтарамі вучэбных дапаможнікаў

Многія аўтары дапаўняюць свае кнігі электроннымі дадаткамі. Калі раней гэта быў кампакт-дыск, то цяпер ствараюцца больш сучасныя, уваход у якія адбываецца праз QR-коды. Дапамагаючы педагогу, які рыхтуе падручнік або дапаможнік, супрацоўнікі цэнтра вучэбнай кнігі і сродкаў навучання РІПА кансультуюць яго, арганiзоўваюць правядзенне экспертызы, займаюцца лiтаратурным рэдагаваннем матэрыялу, электронных дадаткаў, падборам i апрацоўкай ілюстрацый і непасрэдна выданнем.

Абнаўленне вучэбна-праграмнай дакументацыі ўплывае на змест выданняў дапаможнай літаратуры. Напрыклад, нядаўна абноўленыя Кодэкс аб адукацыі, Агульнадзяржаўны класіфікатар “Спецыяльнасці і кваліфікацыі” патрабуюць стварэння новага пакалення падручнікаў і дапаможнікаў, якія адпавядалі б сённяшнім патрабаванням да падрыхтоўкі кадраў. У найбліжэйшы час плануецца стварэнне інструменту, з дапамогай якога аўтары змогуць на платформе ЭБС распрацоўваць тэсты, інтэграваныя з падручнікамі.

У Мінскім каледжы гандлю і камерцыі аўтарства вучэбнай літаратуры вельмі распаўсюджана. Колькасць педагогаў, якія гатовы выдаць свой вучэбны дапаможнік, расце з кожным годам.

Па словах дырэктара Наталлі Мікалаеўны Ляўкевіч, быць аўтарам вучэбнага выдання, па якім вучацца твае выхаванцы, дарагога варта. Гандлёвая галіна — імклівая і разнастайная сфера, якая патрабуе такога ж падыходу ў навучанні.

…У кабінеце дырэктара — некаторыя з педагогаў, найбольш вопытных у выдавецкай дзейнасцi. Кожны з іх беражліва трымае ў руках сваё выданне, хтосьці — па некалькі. Алена Сяргеева, намеснік дырэктара каледжа, расказала, што выйшла на аўтарства асабістага дапаможніка не адразу. Усё пачыналася з вучэбна-метадычнага комплексу. Тады Алена Пятроўна выкладала эканоміку і стварыла ВМК па гэтай тэматыцы. Комплекс складаўся з некалькіх раздзелаў, але практычнага, дзе былі б матэрыялы з эканамічнымі задачамі для будучых таваразнаўцаў, не было. Таму і ўзнікла неабходнасць запоўніць гэтую нішу. Далей вялося цеснае супрацоўніцтва з РІПА па выданні вучэбнага дапаможніка, які ў далейшым быў выдадзены пад грыфам Міністэрства адука-
цыі.

— Перад тым як стала працаваць у каледжы, я была загадчыцай магазіна, — расказала Алена Сяргеева. — І гэты вопыт мне вельмі дапамагае. Практыка ў нашай сферы вызначальная, таму ёй мы надаём вялікае значэнне і імкнёмся да таго, каб гэтаму аспекту было прысвечана шмат вучэбнай літаратуры.

Намеснік дырэктара ўстановы Настасся Долгая — аўтар трох рабочых сшыткаў. Жаданне стварыць свае дапаможнікі ўзнікла падчас яе старшынства ў метадычнай камісіі і работы майстрам вытворчага навучання. Выданнямі Настассі Долгай могуць карыстацца як навучэнцы, так і маладыя спецыялісты. Выхаванцы педагога самі стваралі для іх ілюстрацыі, былі ўнесены тэставыя крыжаванкі, рэбусы, звязаныя з вучэбным матэрыялам. Усё гэта дапамагае ўспрымаць матэрыял з лёгкасцю і цікавасцю.

Хрысціна Філіпава выкладае ў каледжы спецпрадмет па таваразнаўстве. Яна стварыла вучэбны дапаможнік, дзе пералічаны практычныя навыкі па продажы тавараў, прадстаўлены таваразнаўчыя характарыстыкі, маркіровачныя сімвалы, іншыя інфармацыйныя знакі.

— Цяпер я працую над новымі распрацоўкамі па тых тэмах, якія даўно не асвятляліся, — дадала Хрысціна Віктараўна. — Мы ствараем вучэбную і дапаможную літаратуру з мэтай удасканаліць навучанне, зрабіць яго сучасным, адэкватным запатрабаванням заказчыкаў кадраў.

Ала КЛЮЙКО
Фота з інфармацыйнага рэсурсу РІПА і аўтара