Да сацыяльнай сферы асаблівы падыход

- 10:31Актуально, Апошнія запісы

Актуальныя пытанні развіцця сацыяльнай сферы абмеркавалі на выязным семінары-нарадзе ў Талачыне Віцебскай вобласці кіраўнікі міністэрстваў і рэспубліканскіх органаў кіравання разам з намеснікамі старшынь рай(гар)выканкамаў, якія курыруюць сацыяльныя пытанні. У семінары-нарадзе прыняла ўдзел намеснік Прэм’ер-міністра Рэспублікі Беларусь Наталля Качанава.

Аб развіцці сістэмы адукацыі Віцебшчыны расказаў намеснік міністра адукацыі Рэспублікі Беларусь Віктар Якжык. У прыватнасці, ён паведаміў, што вобласць дэманструе пазітыўную дынаміку па шэрагу паказчыкаў, у тым ліку па забяспечанасці месцамі ў дашкольных установах, змяншэнні колькасці дзён, прапушчаных выхаванцамі гэтых устаноў па прычыне хваробы, павышэнні эканамічнай эфектыўнасці сістэмы агульнай сярэдняй адукацыі, вяртанні ў родныя сем’і дзяцей, якія засталіся без апекі бацькоў, пазабюджэтнай дзейнасці ўстаноў адукацыі. Станоўчая ацэнка была дадзена рабоце з таленавітымі і адоранымі дзецьмі. Так, у 2016 годзе навучэнцы Віцебшчыны заваявалі чатыры медалі міжнародных алімпіяд (гімназіі №№ 1 і 8 Віцебска і сярэдняй школы № 16 Полацка) і сем медалёў на рэспубліканскім этапе WorldSkills Belarus. Разам з тым Віктар Віктаравіч указаў на такія праблемныя моманты, як дэфіцыт работнікаў пэўных спецыяльнасцей, нізкая напаўняльнасць класаў на ўзроўні агульнай сярэдняй адукацыі, невысокія вынікі цэнтралізаванага тэсціравання (толькі па гісторыі Беларусі Віцебская вобласць прадэманстравала паказчык вышэйшы за сярэднерэспубліканскі), нізкія тэмпы аптымізацыі аб’ёмаў і структур падрыхтоўкі рабочых і служачых, недастатковая работа па павышэнні прэстыжу рабочых прафесій.

Наталля Качанава ў размове з журналістамі адзначыла:

— Калі супадае жаданне чалавека рэалізавацца ў канкрэтнай прафесіі і ўменне працаваць з людзьмі, тады атрымліваецца цудоўны вынік. У сацыяльнай сферы кадравая работа патрабуе асаблівага падыходу. Наша задача — выбудаваць кадравую сістэму ў сацыяльнай сферы так, каб тыя маладыя людзі, якія абралі для сябе шлях урача або педагога, ішлі сюды па закліку душы. Безумоўна, важна, каб іх жаданне гарманічна спалучалася з характарам і чалавечымі якасцямі. Мы вельмі сур’ёзна ставімся да пытання, хто прыйдзе на педагагічныя спецыяльнасці ва ўстановы вышэйшай адукацыі. Без добрага педагога не будзе ні добрага ўрача, ні слесара.

Асаблівая ўвага была акцэнтавана на павышэнні эфектыўнасці работы ўстаноў сацыяльнай сферы па ўсіх напрамках. Сярод прыярытэтных рэсурсаў паляпшэння матэрыяльна-тэхнічнай базы і матэрыяльнага стымулявання работнікаў — пазабюджэтная дзейнасць.

— Хаця бюджэт 2017 года сфарміраваны па такіх галінах, як ахова здароўя і адукацыя, разлічваць толькі на бюджэтныя сродкі няправільна, — лічыць Наталля Іванаўна. — Разам з тым гэта не азначае, што ўсе паслугі трэба зрабіць платнымі. Сістэма адукацыі павінна працаваць так, каб у адпаведнасці з тым фінансаваннем, якое прадугледжана дзяржавай, нашы ўстановы адукацыі працавалі эфектыўна.

У той жа дзень у Талачыне Наталля Качанава прыняла ўдзел у выязным пасяджэнні камісіі па справах непаўналетніх пры Савеце Міністраў Рэспублікі Беларусь. На сёння ў Беларусі назіраецца тэндэнцыя зніжэння злачыннасці непаўналетніх. На жаль, Віцебская вобласць тут не ў лідарах. Больш за тое, павялічылася колькасць учыненых падлеткамі асабліва цяжкіх злачынстваў. Звяртаючыся да ўдзельнікаў пасяджэння, віцэ-прэм’ер падкрэсліла, што прафілактыка проціпраўных паводзін непаўналетніх павінна будавацца на індывідуальнай рабоце з кожным канкрэтным дзіцем у адпаведнасці з узроставымі асаблівасцямі. Важная роля тут належыць педагогам-псіхолагам і сацыяльным педагогам устаноў адукацыі, якія працуюць у цесным кантакце з настаўнікамі і класнымі кіраўнікамі. Пры неабходнасці менавіта яны абавязаны даць своечасовую параду бацькам, адкарэкціраваць паводзіны школьніка. Бацькі не заўсёды правільна ацэньваюць сваё дзіця, часта не ведаюць, як яно паводзіць сябе ў класе, у калектыве, у грамадстве. Пры гэтым сям’ю варта інфармаваць не толькі аб праблемах, але і аб дасягненнях дзіцяці, яго адоранасці, здольнасцях, якія трэба развіваць.

Таццяна БОНДАРАВА.
Фота аўтара і Аляксандра ХІТРОВА, БелТА.