Да сустрэчы ў Казані

- 10:25World Skills

19 кастрычніка завяршыўся міжнародны чэмпіянат прафесійнага майстэрства WorldSkills Абу-Дабі 2017. На цырымонію ўрачыстага закрыцця спаборніцтва сабраліся тысячы людзей: каманды-удзельніцы, эксперты, трэнеры, ганаровыя госці, балельшчыкі. 1300 маладых людзей з 59 краін-членаў WorldSkills на працягу 4 дзён дэманстравалі сваё прафесійнае майстэрства па 51 кампетэнцыі.

Гэта першы конкурс WorldSkills, які праведзены ў рэгіёне Бліжняга Усходу і Паўночнай Афрыкі. У камандным заліку перамаглі прадстаўнікі Кітая, на другім месцы — Карэя, на трэцім —Швейцарыя. Гаспадары чэмпіянату, Аб’яднаныя Арабскія Эміраты, заваявалі тры спецыяльныя ўзнагароды за выдатныя дасягненні. Наша канкурсантка Надзея Кашцелян таксама стала ўладальніцай гэтай ганаровай узнагароды. Надзея выступала ў прафесійнай кампетэнцыі “Цырульніцкае майстэрства” і паказала добры вынік. Яна працуе ў адной з цырульняў Брэста, пастаянна ўдзельнічае ў міжнародных спаборніцтвах. Напрыклад, яна выдатна выступіла ў Нацыянальным чэмпіянаце “Маладыя прафесіяналы” (WorldSkills Расія) 2017, Чэмпіянаце Кітая, дзе выйграла медаль выдатніка. Астатнія нашы канкурсанты таксама выступілі дастойна і па выніках спаборніцтва абыйшлі многія краіны.

Адметны той факт, што чэмпіянат ў Абу-Дабі стаў самым масавым па колькасці наведвальнікаў. Конкурс наведалі больш за 125 тысяч чалавек. У конкурсныя дні можна было сустрэць амаль што натоўпы школьнікаў з розных навучальных устаноў як Абу-Дабі, так і іншых гарадоў ААЭ.

На закрыцці прэзідэнт WorldSkills International Сайман Бартлі падзякаваў кіраўніцтву Аб’яднаных Арабскіх Эміратаў, і непасрэдна арганізатарам спаборніцтваў — цэнтру па тэхнічнай і прафесійнай адукацыі і падрыхтоўцы кадраў (ACTVET) і EmiratesSkills за выдатнае правядзенне чэмпіянату.

У сваёй прамове кіраўнік гэтага цэнтра назваў тыдзень WorldSkills у Абу-Дабі незабыўнай і ганаровай падзеяй для ўсіх Аб’яднаных Арабскіх Эміратаў.

— Паколькі мы працягваем дыверсіфікаваць і развіваць нашу эканоміку, то для развіцця высокатэхналагічнай будучыні нашай краіны нам патрэбны выдатна падрыхтаваныя кадры.У гэтым нам, безумоўна, дапаможа рух WorldSkills, які мы будзем развіваць”, адзначыў кіраўнік цэнтра.

У рамках міжнароднага чэмпіянату па традыцыі былі праведзены шматлікія сустрэчы, канферэнцыі, семінары, у якіх прынялі ўдзел міністры галіновых міністэрстваў з многіх краін свету. Акрамя таго, упершыню быў праведзены маладзёжны форум, на якім сабраліся маладыя спецыялісты з розных сфер дзейнасці. Такім чынам усім жадаючым на чэмпіянаце была прадастаўлена ўнікальная магчымасць абмяркоўваць асноўныя пытанні сектара прафесійнай адукацыі. Наша беларуская каманда і госці чэмпіяната з Беларусі наведалі некалькі навучальных устаноў Абу-Дабі, сярод якіх вучэбны цэнтр Festo пры політэхнічным каледжы, тэхнічная школа Secondary і іншыя аб’екты. У прыватнасці ўдалося наведаць знакаміты эксперыментальны экагорад Masdar City.

Цырымонія закрыцця WorldSkills Абу-Дабі 2017 года закончылася перадачай сцяга WorldSkills новаму гаспадару. Ім стала Казань, якая з 29 жніўня па 3 верасня 2019 года будзе прымаць 45-ы конкурс WorldSkills.

Ала КЛЮЙКО, Абу-Дабі
Фота аўтара.