Дабрачыннасць у моладзі ў пашане

“Наперад!” — скамандаваў айцец Аляксандр, і дружная каманда валанцёраў-старшакласнікаў Капцёўскай сярэдняй школы Гродзенскага раёна рушыла на чарговае мерапрыемства акцыі “Адновім святыні Беларусі” — навядзенне парадку каля мясцовай царквы.

З красавіка па кастрычнік Беларускі рэспубліканскі саюз моладзі і Беларуская рэспубліканская піянерская арганізацыя праводзяць акцыю, накіраваную на знаёмства моладзі з духоўнай і культурнай спадчынай, захаванне традыцый, выхаванне духоўна-маральных каштоўнасцей.

— Сёлета навучэнцы Гродзеншчыны дапамагалі падтрымліваць парадак каля 35 храмаў розных канфесій, даглядалі помнікі ў гонар герояў Вялікай Айчыннай вайны, — расказала загадчык аддзела праектнай дзейнасці Гродзенскага абласнога камітэта БРСМ Ганна Кісялеўская.

— Капцёўская школа актыўна супрацоўнічае з Беларускай Праваслаўнай Царквой, падпісана адпаведная дамова, — гаворыць дырэктар Капцёўскай сярэдняй школы Людміла Санюковіч. — На працягу года ладзяцца сустрэчы са святарамі, якія праводзяць кожны чацвер урокі маралі, выступаюць перад бацькамі на сходах, разам з настаўнікамі наведваюць сем’і нашых навучэнцаў. Дапамагаюць нам праводзіць Каляды, велікодныя кірмашы. Акрамя работ па добраўпарадкаванні тэрыторый каля царквы і касцёла ў вёсцы Капцёўка, школьнікі даглядаюць брацкую магілу, помнік воінам-афганцам, наводзяць парадак і на мясцовых могілках.

Пасля працоўнага дэсанта валанцёры і прадстаўнікі БРСМ зладзілі адкрыты дыялог “Духоўная культура моладзі”, дзе ішла размова аб дабрачыннасці, планах моладзі на ўдзел у далейшых акцыях. Удзел у размове прынялі дырэктар Капцёўскай школы Людміла Санюковіч і намеснік дырэктара школы па выхаваўчай рабоце Алена Цяпкевіч, загадчык аддзела праектнай дзейнасці Гродзенскага абласнога камітэта БРСМ Ганна Кісялеўская, першы сакратар Гродзенскага РК БРСМ Аляксандр Каваленка і настаяцель храма Успення Прасвятой Багародзіцы ў Капцёўцы Аляксандр Калацкі.

Як адзначыла навучэнка 10 класа старшыня сістэмы школьнага самакіравання “Садружнасць” Гродзенскага раёна Сняжана Клімашэвіч, такія акцыі і адкрытыя дыялогі вельмі патрэбныя, моладзь і далей будзе актыўна ўдзельнічаць у іх, вучыцца дапамозе і бескарыслівай працы.

Ганна Кісялеўская ўручыла дырэктару Капцёўскай сярэдняй школы падзяку Гродзенскага абласнога камітэта БРСМ за падтрымку валанцёрскага руху і актыўны ўдзел школьнікаў у акцыі “Адновім святыні Беларусі”. У жніўні 2017 года Л.М.Санюковіч была адзначана Архіерэйскай граматай архіепіскапа Гродзенскага і Ваўкавыскага Арцемія ў блаславенне за працу на славу Святой Праваслаўнай царквы.

Надзея ВАШКЕЛЕВІЧ.
Фота аўтара.

Пакінуць каментарый

Ваш электронны адрас не будзе апублікаваны. Абавязковыя палі пазначаны *