З калектывам Гродзенскага абласнога інстытута развіцця адукацыі сустрэўся памочнік прэзідэнта — інспектар па Гродзенскай вобласці Юрый Караеў.
Удзел у сустрэчы прыняў начальнік галоўнага ўпраўлення адукацыі Гродзенскага аблвыканкама Руслан Абрамчык. З работай вядучай установы дадатковай адукацыі дарослых на Гродзеншчыне азнаёміла рэктар ГрАІРА Святлана Сяргейка. А затым у фармаце адкрытага дыялогу памочнік Прэзідэнта — інспектар па Гродзенскай вобласці пагутарыў з супрацоўнікамі інстытута, а таксама з маладымі спецыялістамі — слухачамі школы маладога педагога, адказаў на іх пытанні.
— У інстытуце развіцця адукацыі працуе захоплены, згуртаваны калектыў — гэта прафесіяналы сваёй справы, — падкрэсліў Юрый Караеў. — Бачна, што супрацоўнікі ўстановы адукацыі не стаяць на месцы, пераймаюць вопыт калег з іншых краін свету, маюць уласныя распрацоўкі і ўкараняюць лепшыя тэхналогіі ў адукацыйны працэс. Важна, што вялікую ўвагу тут удзяляюць патрыятычнаму, маральнаму выхаванню.
На пытаннях адукацыі падчас сустрэчы засяродзіў увагу Руслан Абрамчык, падкрэсліўшы, што 2021/2022 навучальны год стане знакавым для ўсёй сістэмы адукацыі краіны.
— Завяршаецца рэформа зместу агульнай сярэдняй адукацыі. З 1 верасня ўсе вучні атрымаюць абноўленыя падручнікі для 11 класа. Тым самым будзе завершана выданне лінейкі вучэбных дапаможнікаў для школ краіны. У гэтым годзе чакаецца прыняцце новай рэдакцыі Кодэкса аб адукацыі, якая ўжо прайшла першае чытанне, публічныя абмеркаванні ў педагагічных калектывах, адбыліся парламенцкія слуханні з удзелам педагагічнага актыву. У выхаваўчай рабоце будзе ўзмоцнены шэраг напрамкаў, у тым ліку ваенна-патрыятычны. З 1 верасня ў школах вобласці, як і ўвогуле краіны пачнуць працаваць кіраўнікі ваенна-патрыятычнага выхавання, гэта людзі з педагагічнай адукацыяй і вопытам службы ва Узброеных Сілах, — расказаў Руслан Абрамчык.
Абмяркоўваючы з педагогамі ГрАІРА задачы на бягучы навучальны год, Руслан Абрамчык падкрэсліў, што Гродзенскі абласны інстытут развіцця адукацыі сёння з’яўляецца навукова-метадычным цэнтрам, які разам з галоўным упраўленнем адукацыі аблвыканкама арганізоўвае работу сістэмы адукацыі вобласці, выконваючы такія важныя задачы, як павышэнне кваліфікацыі педагогаў, падтрыманне іх кампетэнцыі на актуальным узроўні.
Якім жа будзе гэты навучальны год ва ўстанове адукацыі, якія новыя праекты плануецца запусціць, расказала рэктар Гродзенскага абласнога інстытута развіцця адукацыі Святлана Сяргейка:
— З 2021 года мы ўступаем у новы праект, і гэта першы інавацыйны праект у інстытуце. Гэта тычыцца выхаваўчай работы. У адукацыйнай дзейнасці ставім перад сабой задачу ў найбліжэйшы час стварыць першую ў краіне віртуальную школу ў сістэме дадатковай адукацыі дарослых. Ужо ў верасні бягучага года ўпершыню будзе арганізавана павышэнне кваліфікацыі для рэзерву кадраў на пасаду ідэалагічных работнікаў, прычым не толькі сістэмы адукацыі, але і розных прадпрыемстваў і арганізацый вобласці.
Цікавы і той факт, што ГрАІРА марыць насіць імя беларускай паэтэсы, грамадска-педагагічнага дзеяча, педагога Алаізы Пашкевіч.
Рэктар інстытута таксама падкрэсліла значнасць такіх сустрэч. Супрацоўнікі ГрАІРА адчулі, наколькі важную функцыю сёння выконвае ўстанова адукацыі, павышаючы кваліфікацыю, кампетэнцыю педагогаў на працягу ўсёй іх прафесійнай дзейнасці. Новае пакаленне, новыя патрабаванні грамадства, змена тэхналогій патрабуюць ад педагога не заставацца на ўзроўні набытых ва УВА ведаў, а пастаянна працаваць над сабой, павышаць узровень. І ў гэтым можа дапамагчы ўстанова дадатковай адукацыі дарослых, дзе на сённяшні дзень павышаюць сваю кваліфікацыю не толькі педагогі, але і работнікі ідэалагічнай сферы, аграпрамысловага комплексу, дзяржаўныя служачыя, куратары ўстаноў вышэйшай адукацыі рэгіёна. Дадатковая адукацыя для самарэалізацыі асобы і на карысць рэгіёна — такую місію паставіў перад сабой і выконвае ГрАІРА.
Ірына АНІКЕВІЧ.
Фота Анжалікі КАЧАН.