Дадатковая — не значыць другасная

Першае пасяджэнне Каардынацыйнага савета па развіцці дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі Саюзнай дзяржавы прайшло ў аўторак на базе Рэспубліканскага цэнтра экалогіі і краязнаўства. На мерапрыемстве не толькі разглядаліся актуальныя пытанні развіцця дадатковай адукацыі, але і адбылася цырымонія ўрачыстага зацвярджэння намеснікамі міністраў адукацыі дзвюх краін складу каардынацыйнага савета, а таксама праграмы турыстычных маршрутаў, якія рэкамендуюцца для наведвання навучэнцамі Беларусі і Расіі.

Правядзенне першага пасяджэння каардынацыйнага савета ў рамках ІІІ Форуму рэгіёнаў Беларусі і Расіі, на думку намесніка міністра адукацыі Беларусі Віктара Віктаравіча Якжыка, не з’яўляецца выпадковасцю, паколькі ў паспяховай рэалізацыі сацыяльнай палітыкі нашых дзяржаў дадатковая адукацыя дзяцей і моладзі адыгрывае важную ролю, яна непарыўна звязана з развіццём асобы. Менавіта Беларусь і Расія захавалі багатыя традыцыі савецкай сістэмы пазашкольнага выхавання і навучання і арганічна адаптавалі іх да патрэб сучаснасці. “Толькі ў нашых краінах важнасць сістэмы дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі разумеюць на высокім дзяржаўным узроўні. Гэта наша канкурэнтная перавага, якую мы паспяхова выкарыстоўваем”, — адзначыў Віктар Віктаравіч.

— Нас многае аб’ядноўвае, у першую чаргу гісторыя і традыцыі. Аднак у нас ёсць і асаблівасці, у тым ліку ў задачах дадатковай адукацыі, метадычных падыходах. Гэта вельмі каштоўна, бо з’яўляецца выдатнай нагодай для ўзаемадзення, вывучэння вопыту, у тым ліку для стварэння пэўных новых прадуктаў. Цяпер мы знаходзімся на полі глабальнай канкурэнцыі за таленты, за ўкараненне падыходаў да развіцця сістэмы адукацыі, у тым ліку дадатковай. Нашы традыцыі, вопыт патрабуюць ад нас стварэння нечага ўнікальнага, і гэта ў нашых сілах. Дзякуючы рабоце каардынацыйнага савета, мы зможам паспяхова рухацца ў гэтым кірунку, — лічыць намеснік міністра адукацыі і навукі Расійскай Федэрацыі Веньямін Шаевіч Каганаў.
Сапраўды, вытокі дадатковай адукацыі Беларусі і Расіі адзіныя і грунтуюцца на магутным падмурку, закладзеным у савецкі час. Па словах начальніка ўпраўлення выхаваўчай і ідэалагічнай работы Нацыянальнага інстытута адукацыі Наталлі Канстанцінаўны Катовіч, сёння дадатковая адукацыя дзяцей і моладзі развіваецца ў кантэксце цэласнай сістэмы выхавання і з’яўляецца яе неад’емнай часткай. “Дадатковая адукацыя не толькі дазваляе арганізаваць вольны час навучэнцаў, але і стварае ўмовы для асобаснага і прафесійнага самавызначэння навучэнцаў. Не ўсе дзеці паспяховыя ў школе, і, для таго каб не адчуваць сябе няўпэўненымі, непатрэбнымі, яны рэалізоўваюць сябе ў сістэме дадатковай адукацыі, трапляюць у групу аднадумцаў, з якімі робяць агульную справу. Гэта вельмі важна ў эпоху інтэрнэту і гаджэтаў, якія адводзяць дзяцей ад рэальных зносін, абцяжарваюць не толькі сацыялізацыю, але і міжасобасныя адносіны нашых дзяцей. Сістэма дадатковай адукацыі ўнікальная, яе неабходна развіваць як на нацыянальным узроўні, так і на ўзроўні Саюзнай дзяржавы”, — лічыць Наталля Канстанцінаўна.

У дакладзе пра дзяржаўную палітыку ў сферы дадатковай адукацыі ў Расійскай Федэрацыі дырэктар Усерасійскага цэнтра мастацкай творчасці Аксана Валер’еўна Ганчарова адзначыла: “Важнае, што ўдалося дасягнуць за апошнія гады, — гэта прыцягнуць увагу ўсіх органаў дзяржаўнага муніцыпальнага кіравання, грамадскіх інстытутаў да развіцця сістэмы дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі, сфарміраваць нарматыўна-прававую базу, якая забяспечвае рух у бок даступнасці паслуг дадатковай адукацыі дзяцей на базе арганізацый усіх форм уласнасці. Напрыклад, з мэтай прыцягнення дзяцей да заняткаў тэхнічнай творчасцю сумесна з Агенцтвам стратэгічных ініцыятыў па прасоўванні новых праектаў рэалізоўваецца стратэгічная ініцыятыва “Новая мадэль сістэмы дадатковай адукацыі дзяцей”. У лістападзе 2015 года былі адкрыты першыя дзіцячыя тэхнапаркі ў Ханты-Мансійскай аўтаномнай акрузе і Рэспубліцы Татарстан”.

У Беларусі вядзецца работа па ўдасканаленні сістэмы дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі, і адным з такіх кірункаў з’яўляецца прафесійная арыентацыя навучэнцаў. Мінулы навучальны год быў адметны ўвядзеннем дапрофільнай падрыхтоўкі ва ўстановах дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі. Установы дадатковай адукацыі працягваюць актыўную работу над стварэннем адпаведных праграм павышанага ўзроўню. Актыўным кірункам дзейнасці ў мінулым навучальным годзе стала развіццё дзіцяча-юнацкага турызму. Установы дадатковай адукацыі турыстычна-краязнаўчага профілю з’яўляюцца непасрэднымі арганізатарамі і каардынатарамі экскурсійнай і турыстычнай дзейнасці. У нашай краіне па ініцыятыве Міністэрства адукацыі быў распрацаваны пералік турыстычных маршрутаў з улікам зместу вучэбных праграм.

З мэтай павышэння прэстыжу прафесіі педагога дадатковай адукацыі было ініцыіравана правядзенне конкурсу прафесійнага майстэрства “Педагог дадатковай адукацыі”. Яшчэ адным стымулам да ўдасканалення сістэмы дадатковай адукацыі з’яўляецца штогадовае правядзенне Рэспубліканскага тыдня ўстаноў дадатковай адукацыі. Важным стымулам для навучэнцаў з’яўляецца іх удзел і перамогі ў конкурсах, спаборніцтвах. На ўзроўні Саюзнай дзяржавы гэта злёты юных эколагаў і турыстаў, кадэцкая змена “За гонар Айчыны!”, конкурс тэхнічнай творчасці “Таленты ХХІ стагоддзя”. Як паведаміла дырэктар Рэспубліканскага цэнтра экалогіі і краязнаўства Алена Уладзіміраўна Ануфровіч, на рэспубліканскім узроўні варта адзначыць акцыю “Жыву ў Беларусі і тым ганаруся”, якая ахоплівае ўдзельнікаў гурткоў не толькі турыстычна-краязнаўчага, але і эколага-біялагічнага кірунку, мастацкай, тэхнічнай творчасці. Конкурсы праводзяцца і Нацыянальным цэнтрам мастацкай творчасці дзяцей і моладзі. Агучаныя намеснікам дырэктара цэнтра Кацярынай Анатольеўнай Кузьменка лічбы сведчаць пра стабільнасць і развіццё сістэмы ўстаноў дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі мастацкага профілю, які з’яўляецца найбольш масавым і садзейнічае духоўна-маральнаму, эстэтычнаму выхаванню асобы. Па словах дырэктара Рэспубліканскага цэнтра інавацыйнай і тэхнічнай творчасці Сяр гея Міхайлавіча Сачко, апошнія гады ў нашай краіне актыўна развіваецца рух JuniorSkills, Беларусь дастойна прадстаўлена тут і на міжнародным узроўні.

Праблемнае поле пасяджэння каардынацыйнага савета было шырокім і ўключала пытанні інавацыйнага развіцця дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі, яе традыцый і сучаснага стану, сацыяльнага партнёрства ўстаноў дадатковай адукацыі, іх узаемадзеяння з дзяржаўнымі ўстановамі і недзяржаўнымі арганізацыямі, бізнес-супольнасцю, пытанні прафесійнай кампетэнтнасці педагогаў дадатковай адукацыі. Пасяджэнні Каардынацыйнага савета па развіцці дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі Саюзнай дзяржавы, як плануецца, будуць праходзіць рэгулярна і садзейнічаць паспяховаму вырашэнню гэтых пытанняў.

Ігар ГРЭЧКА.
Фота Алега ІГНАТОВІЧА.

Пакінуць каментарый

Ваш электронны адрас не будзе апублікаваны. Абавязковыя палі пазначаны *