Даказаць, што ты лепшы ў прафесіі

З 18 па 21 мая ў рамках фестывалю прафесійнага майстэрства WorldSkills у гарадскім Доме культуры Івацэвіч упершыню ў краіне прайшоў Брэсцкі абласны фестываль прафесійнага майстэрства сярод навучэнцаў, студэнтаў і маладых рабочых з асаблівымі патрэбамі. 

Мэта фестывалю — стымуляванне і ўдасканаленне прафесійных уменняў і навыкаў, выяўленне творча адораных навучэнцаў, студэнтаў і маладых рабочых з асаблівымі патрэбамі, садзейнічанне іх сацыякультурнай інклюзіі ў грамадстве і далейшаму працаўладкаванню, павышэнне эфектыўнасці прафесійнай арыен­тацыі і матывацыі да атрымання прафесійнай адукацыі. У цырымоніі адкрыцця фестывалю прыняў ­удзел начальнік галоўнага ўпраўлення адукацыі Брэсцкага аблвыканкама Юрый Мікалаевіч Прасмыцкі. ­Удзельнікаў мерапрыемства ў фармаце анлайн павіншаваў рэктар РІПА Валерый Мікалаевіч Галубоўскі. У форме прэзентацыі прагучала інфармацыя пра людзей з абмежаванымі магчымасцямі, якія дасягнулі прафесійных, творчых і спартыўных поспехаў, пералічаны заслугі і дасягненні выпускнікоў сістэмы прафесійнай і вышэйшай адукацыі нашай краіны.

Праграма фестывалю прадугледжвала спаборніцтвы па спецыяльнасцях, якія асвойва­юць навучэнцы, студэнты і працоўная моладзь ва ўзросце ад 16 да 23 гадоў. У выпрабаваннях прынялі ­ўдзел 75 канкурсантаў з 23 устаноў агульнай сярэдняй і прафесійнай адукацыі (ліцэяў і каледжаў), спецыяльных і дапаможных школ-інтэрнатаў, устаноў вышэйшай адукацыі, прадпрыемстваў і арганізацый Брэсцкай вобласці. Юнакі і дзяўчаты прадэманстравалі свае ўменні ў 26 кампетэнцыях, дзве з якіх былі прадстаўлены ў дэманстрацыйным (пазаконкурсным) фармаце. 

Спаборніцтвы прайшлі на асобных пляцоўках. У якасці архітэктараў працавалі студэнты Брэсцкага тэхнічнага ўніверсітэта, якія паказалі тэхніку выканання архітэктурнага скетча (хуткага накіду), што дазваляе спецыялісту наглядна і хутка данесці сваю ідэю да інвестара, заказчыка і сумежнага спецыяліста будаўнічага профілю (напрыклад, электрыка, які распрацоўвае схему электраправодкі). Таксама стваралася 3D-мадэль будынка, па якім можна было прагуляцца з дапамогай акуляраў віртуальнай рэальнасці. Абутнікі выраблялі мяккі дамашні абутак і дэманстравалі тэхналогію прыклейвання жорсткай падэшвы да абутковага верху.

На пляцоўцы “Маляр” канкурсанты рабілі афарбоўванне і трафарэтнае шпатляванне мальберта, выкананага з гіпсакардону. Будучыя тынкоўшчыкі рыхтавалі паверхні стэнда пад тынкоўку, наносілі і раўнялі атынкаваны пласт, рабілі палепшаную тынкоўку з выкананнем унутранага вугла. Абліцоўшчыкі-плітачнікі абліцоўвалі сцяну і падлогу плошчай 1,2 м2 керамічнай пліткай памерам 20×20 см. Фларысты выраблялі ўпрыгажэнне для нявесты са штучнага матэрыялу, букет для мужчыны з прыроднага расліннага матэрыялу і букет з жывых кветак. Цырульнікі на спецыяльных манекенах і жывых мадэлях выконвалі жаночую ўкладку на распушчаных доўгіх валасах, прычоску для нявесты і жаночую вячэрнюю прычоску па фатаграфіі, а таксама мужчынскую ўкладку Barber-style. Конкурснае заданне па кампетэнцыях “Лячэбная справа” і “Сястрынская справа” прадугледжвала групавы ­ўдзел канкурсантаў і “пацыентаў”.

У модулі А вызначаліся тэарэтычныя веды ў галіне ацэнкі функцыянальнага стану пацыента. У модулі В неабходна было выканаць заданні па дэманстрацыі практычных навыкаў па ацэнцы функцыянальнага стану пацыента.

Дзяўчаты з Пінскага педагагічнага каледжа (філіяла Брэсцкага дзяржаўнага ўніверсітэта імя А.С.Пушкіна) праводзілі заняткі ў выглядзе віртуальнай экскурсіі па адным з гарадоў Беларусі з элементамі робататэхнікі і ІКТ для дзяцей старэйшага дашкольнага ўзросту, а таксама распрацоўвалі і вялі заняткі па выразным чытанні з падгрупай дзяцей з уключэннем дыдактычнай гульні. Настаўнікі нямецкай мовы дэманстравалі свае прафесійныя інтарэсы, захапленні, дасягненні і ўяўленні аб будучай прафесіі, ролі педагога ў грамадстве. Яны будавалі маўленчыя зносіны на нямецкай мове ў прапанаванай сітуацыі з выкарыстаннем ІКТ, рыхтавалі і праводзілі з вучнямі інтэрактыўныя гульні на нямецкай мове. Настаўнікі англійскай мовы таксама творча прадстаўлялі свае прафесійныя інтарэсы і захапленні, аргументавалі, чаму яны выбралі сваю прафесію. Яны распрацоўвалі і праводзілі ўрок англійскай мовы ў 4 класе з выкарыстаннем інтэрактыўнага абсталявання і праяўлялі свае здольнасці і ўменні ў стварэнні персанальнага сайта настаўніка замежнай мовы.

Заданне для аператараў ЭВМ складалася з сямі самастойных модуляў: рэдагаванне і фармаціраванне даных, стварэнне і фармаціраванне табліцы, дыяграмы, вылічэнні ў табліцах, устаўка ў дакумент формул, малюнкаў і іншых аб’ектаў, захоўванне інфармацыі на здымным носьбіце, вывядзенне на друк, ксеракапіраванне дакумента. Будучыя праграмісты распрацоўвалі для кліента (кампаніі па арганізацыі свят) сістэму па аўтаматызацыі арганізацыі вяселляў, урачыстасцей і карпаратыўных мерапрыемстваў (планаванне мерапрыемстваў, кантроль работ, расход грошай і матэрыялаў).

Правазнаўцы дэманстравалі навыкі па рашэнні прававых задач, распрацоўцы адпаведных дакументаў, выпраўленні юрыдычных памылак, разборы складаных юрыдычных сітуацый. Бухгалтары дэманстравалі фінансавую дасведчанасць, вырашаючы практычныя задачы, а таксама навыкі па складанні бухгалтарскіх праводак, фарміраванні гаспадарчых аперацый, разгадванні рэбусаў, крыптаграм, рашэнні галаваломак на фінансавыя тэмы.

Пры дапамозе іголкі, нажніц і шпілек уручную або на швейных машынах (апрацоўка швоў, злучэнне дэталей) швачкі ў групах па 4 чалавекі шылі фартух і жаночыя шорты. На пляцоўцы каля Дома культуры рабочыя зялёнага будаўніцтва выконвалі групавую пасадку саджанцаў дрэў, кладку бардзюрнай стужкі, высадку адзіночнага азелянення, вечназялёных хмызнякоў і аднагадовых кветак, упрыгожвалі тэрыторыю дэкаратыўнымі каменьчыкамі і архітэктурнымі формамі. Сакрэтамі абыходжання з пчоламі дзяліліся пчаляры: выраблялі рамкі і ўсталёўвалі іх у вулей. Аператары машыннага даення збіралі і разбіралі даільны апарат і выконвалі ў вучэбнай гаспадарцы машыннае даенне на даільнай устаноўцы. Кветкаводы высейвалі насенне астры ў скрыні двума спосабамі: радавым і раскідным, пікіравалі сеянцы аксамітак, высаджвалі цынерарыі ў вазы, а петуніі — у кветнікі. Зборшчыкі мэблевых вырабаў майстравалі тумбачкі, а сталяры — настольную гульню-галаваломку: выпілоўвалі дэталі і рабілі зборку ў адпаведнасці з чарцяжом і памерамі з дапамогай ручнога і электрыфікаванага сталярнага інструменту. Свае ўменні ў пасеве насення тамата на расаду і пікіроўцы сеянцаў, пасадцы расады тамата ў гаршчок, а расады белакачаннай капусты і цыбулі-сеянкі — у адкрыты грунт паказалі агароднікі. Садоўнікі высаджвалі дрэвы і кусты, абаранялі зялёныя насаджэнні ад хвароб і шкоднікаў, падкормлівалі ўгнаеннямі, апрацоўвалі глебу, перасаджвалі, размнажалі і прышчэплівалі расліны. А яшчэ право­дзілі акуліроўку пладовых культур упрыклад, прышчэпліванне пладовых культур у расшчэп і за кару ўступам (сядлом), высаджвалі хмызнякі дурніцы высокай. Задача слесара па рамонце сельскагаспадарчых машын і абсталявання — падрыхтаваць загатоўку для вырабу злучальнага вугалка, які часта выкарыстоўваецца ў рамонтных работах на мехдварах.

Конкурсныя пляцоўкі ў ходзе спаборніцтваў наведалі кіраўнікі Брэсцкага аблвыканкама, прадстаўнікі Міністэрства адукацыі, РІПА, Івацэвіцкага райвыканкама, а таксама дырэктары і навучэнцы ўстаноў агульнай сярэдняй і прафесійнай адукацыі, школ-інтэрнатаў. У рамках фестывалю адбыліся майстар-класы па прафесіях, прафарыентацыйная інтэрактыўная выстава з прэзентацыямі прадпрыемстваў — заказчыкаў кадраў, семінары, канферэнцыі, нарады, круглыя сталы, трэнінгі, творчыя выставы навучэнцаў прафесійных ліцэяў, школ-інтэрнатаў і дапаможных школ, экскурсіі для школьнікаў. Фестываль наведалі каля 500 вучняў Івацэвіцкага раёна.

Прайшло пасяджэнне вучэбна-метадычнага аб’яднання дырэктараў устаноў прафесійна-тэхнічнай і сярэдняй спецыяльнай адукацыі. У фармаце анлайн ладзіўся круг­лы стол з удзелам прадстаўнікоў Расіі, Казахстана, Арменіі, Грузіі, Украіны, устаноў прафесійнай адукацыі Брэсцкай вобласці і ўсёй Беларусі, якія абмяняліся вопытам і меркаваннямі па развіцці інклюзіўных працэсаў у сіс­тэме спецыяльнай, агульнай сярэдняй, прафесійнай і вышэйшай адукацыі.

Спонсарамі спаборніцтваў выступілі Брэсцкі дабрачынны мясцовы фонд “Новае Брэсцкае пакаленне”, абласное аддзяленне РГА “Беларускі дзіцячы фонд” і прадпрыемствы вобласці.

Журы (эксперты) уручылі пераможцам фестывалю бронзавыя, сярэбраныя і залатыя медалі. Начальнік галоўнага ўпраўлення па адукацыі Брэсцкага аблвыканкама Ю.М.Прасмыцкі адзначыў, што для маладых людзей фестываль стаў не проста спаборніцтвам, а магчымасцю даказаць, што кожны з іх лепшы ў сваёй прафесіі. Удзельнікі і госці фестывалю змаглі пераканацца, што прафесійная адукацыя — гэта прэстыжна і, самае галоўнае, даступна кожнаму!

Залатыя медалі атрымалі ў кампетэнцыях: 1) “Цырульніцкае мастацтва” — Аліна Няшценка, Брэсцкі дзяржаўны каледж сферы абслугоўвання; 2) “Швачка”, група А — Надзея Грамічук, ААТ “Магатэкс”; група Б — Маргарыта Абрамчук, Кобрынская спецыяльная агульнаадукацыйная школа-інтэрнат;

3) “Фларыстыка” — Андрэй Мервянецкі, Ганцавіцкі дзяржаўны прафесійны ліцэй сельскагаспадарчай вытворчасці; 4) “Рабочы зялёнага будаўніцтва” — Артур Дзенісовіч, Антопальская дапаможная школа-інтэрнат; 5) “Пчаляр” — Анатоль Козел, Малоткавіцкая дапаможная школа-інтэрнат; 6) “Слесар па рамонце сельскагаспадарчых машын і абсталявання” — Павел Кірылюк, Івацэвіцкі дзяржаўны прафесійны ліцэй сельскагаспадарчай вытворчасці; 7) “Дашкольная адукацыя” — Вольга Давідчык, Пінскі каледж БрДУ імя А.С.Пушкіна;

8) “Замежная мова (нямецкая)” — Кацярына Таўкачова, Пінскі каледж БрДУ імя А.С.Пушкіна; 9) “Замежная мова (англійская)” — Вольга Шалясцюковіч, Пінскі каледж БрДУ імя А.С.Пушкіна; 10) “Лячэбная справа” — Дзмітрый Абраменя, Пінскі дзяржаўны медыцынскі каледж;

11) “Сястрынская справа” — Кацярына Ярашэвіч, Пінскі дзяржаўны медыцынскі каледж;

12) “Правазнаўства” — Валерый Расшчупкін, Столінскі дзяржаўны аграрна-эканамічны каледж; 13) “Бухгалтарскі ўлік” — Іна Шапялевіч, Столінскі дзяржаўны аграрна-эканамічны каледж; 14) “Агароднік” — Яўген Урадун, Івацэвіцкі дзяржаўны прафесійны ліцэй сельскагаспадарчай вытворчасці; 15) “Садавод” — Марыя Любуціна, Малоткавіцкая дапаможная школа-інтэрнат; 16) “Кветкавод” — Таццяна Кавалеўская, дапаможная школа ­Брэста; 17) “Абліцоўшчык-плітачнік” — Іосіф Клачко, Івацэвіцкі дзяржаўны прафесійны ліцэй сельскагаспадарчай вытворчасці; 18) “Тынкоўшчык” — Іван Ляшко, ­Брэсцкая СПМК № 6; 19) “Сталяр” — Васіль Германовіч, Кобрынская спецыяльная агульнаадукацыйная школа-інтэрнат;

20) “Маляр” — Андрэй Леановіч, Ганцавіцкі дзяржаўны прафесійны ліцэй сельскагаспадарчай вытворчасці; 21) “Зборшчык вырабаў” — Любамір Юзапчук, Малоткавіцкая дапаможная школа-інтэрнат;

22) “Аператар ЭВМ” — Сцяпан Сівуда, Жабінкаўская спецыяльная  агульнаадукацыйная школа-інтэрнат; ­23) “Аператар машыннага даення” — Яна Янкавец, Івацэвіцкі дзяржаўны прафесійны ліцэй сельскагаспадарчай вытворчасці;

24) “Праграмнае забеспячэнне інфармацыйных тэхналогій” — Міканор Дзербянёў, Пінскі дзяржаўны прафесійна-тэхнічны каледж лёгкай прамысловасці.

Надзея ЦЕРАХАВА.