Дакранёмся да Дастаеўскага

- 10:56Навіны рэгіёнаў

У гэтым годзе адзначаецца 195-годдзе з дня нараджэння вялікага рускага класіка Ф.М.Дастаеўскага. У рамках тыдня філалогіі для вучняў 11-х класаў Чачэрскай гімназіі праводзіўся конкурс рытарычнага майстэрства “Дакраніся да Дастаеўскага”.

Конкурс складаўся з двух тураў. Першы — абарона самастойна створаных прэзентацый пра жыццё і творчасць рускага класіка. Выступленні ўсіх удзельнікаў конкурсу выклікалі вялікую цікавасць. Так, пра жыццё і творчасць пісьменніка расказала Вольга Прыступа. З яе даклада навучэнцы даведаліся шмат малавядомых фактаў з біяграфіі Ф.Дастаеўскага: аб працяглых і няпростых пошуках свайго “Я”, аб знакамітай прамове пісьменніка, прысвечанай адкрыццю помніка А.С.Пушкіна ў Маскве ў 1880 годзе, аб незвычайнай рэлігійнасці праўдзівага хрысціяніна. Шмат адкрыццяў для сябе зрабіла не толькі сама Вольга, але і ўсе старшакласнікі.

Лізавета Хімічова падрыхтавала прэзентацыю ў форме коміксаў. Яна выступіла з тэмай “Гісторыя напісання рамана Ф.М.Дастаеўскага “Злачынства і пакаранне”. Прысутныя высока ацанілі работу дзяўчынкі, створаную на аснове відэафільма па гэтай тэме. Усе згадзіліся з тым, што гэта сучасна, крэатыўна і пазнавальна.

У працы “Проста 30?” Юлія Мохарава паказала мноства невыпадковых заканамернасцей, пакрытых таямніцай, якую ёй захацелася прыадкрыць. Адзінаццацікласніца звярнула ўвагу на глыбокую сувязь твора “Злачынства і пакаранне” з Бібліяй, з евангельскім сюжэтам аб здрадзе Ісусу Хрысту, за якое Іуда атрымаў 30 сярэбранікаў, і даказала, што лічба 30, якая часта сустракаецца на старонках рамана, невыпадковая. Даследаваўшы падабенства з Евангеллем, Юлія прыйшла да высновы, што лік 30 у рамане сімвалізуе цану здрады, як і ў біблейскім сюжэце.

Ксенія Секунова ў сваёй прэзентацыі на тэму “Спагада праз пакуты” зыходзіла з праблемы, якая зацікавіла яе падчас чытання “Злачынства і пакарання”: “Чаму, чытаючы раман, мы спачуваем нявартым спагады?” Аналізуючы лёс герояў, Ксенія прыйшла да цэлага шэрага нечаканых высноў: спачуваем, таму што яны самі пакутуюць у жыцці, панесці пакуты іншых — гэта і ёсць спачуванне, сімвалам якога з’яўляецца Соня Мармеладава. І ўсе гэтыя маральныя праблемы старанна даследуе аўтар рамана, таму “Злачынства і пакаранне” можна з упэўненасцю назваць гімнам спагады, а Ф.М.Дастаеўскага — вялікім гуманістам.

Тэмы прэзентацый былі разнастайныя і вельмі цікавыя. Аднак у другі тур — дэбаты — прайшлі толькі два канкурсанты, якім належала падзяліць паміж сабой першае і другое месцы. Удзельніцам конкурсу Юліі і Ксеніі было прапанавана выказванне Ф.М.Дастаеўскага “У жыцці бясконцая колькасць шансаў”. Доказы дзяўчат будаваліся па прынцыпе “за — супраць”. На вачах прысутных адбывалася сапраўднае пражыванне праблемы. Абмен думкамі дапамог паглыбіцца ў сутнасць сцвярджэння класіка. Дзяўчаты прыйшлі да агульнай высновы, што жыццё дае бясконцую колькасць шансаў у розных сферах дзейнасці, але само жыццё — гэта адзіны шанс, самае каштоўнае, што дадзена чалавеку і без чаго рэалізаваць нішто іншае проста немагчыма.

Размова атрымалася сур’ёзнай і грунтоўнай. І хоць бясспрэчнай пераможцай стала Юлія Мохарава, прайграўшых у гэтым конкурсе не было. А прысутныя не толькі атрымалі вялікае задавальненне ад выступленняў равеснікаў, але і самі змаглі паспрабаваць сябе ў ролі прамоўцаў. Так, падчас дыскусіі “Ці актуальны сёння Дастаеўскі?” старшакласнікі шукалі адказ на пытанне “Ці трэба вывучаць “Злачынства і пакаранне” ў школе?”. І хоць выступалі вучні з пазіцый песімістаў, аптымістаў і рэалістаў, рашэнне было аднагалосным: Дастаеўскі вучыць гуманным адносінам адно да аднаго, таму, вывучаючы яго знакаміты раман, мы атрымліваем пэўныя ўрокі жыцця, вельмі неабходныя маладому пакаленню ў сучасным свеце.

Наталля РАСЛЯКОВА,
настаўніца рускай мовы і літаратуры гімназіі Чачэрска.