Далучайся да маштабнай ініцыятывы! Праводзіцца збор сродкаў на будаўніцтва патрыятычнага цэнтра

- 12:01Новости

БРСМ пры падтрымцы Штаба патрыятычных сіл Беларусі праводзіць збор сродкаў на будаўніцтва Рэспубліканскага цэнтра патрыятычнага выхавання моладзі ў Брэсцкай крэпасці, паведамляе карэспандэнт “Настаўніцкай газеты”.

— Вельмі важна, калі такую ініцыятыву падтрымліваюць не асобныя арганізацыі або грамадзяне, а ўся беларуская грамадскасць. Будаўніцтва цэнтра — гэта будаўніцтва будучыні нашай краіны, — адзначыў першы сакратар ЦК БРСМ Аляксандр Лук’янаў.

Маладзёжны патрыятычны цэнтр, створаны 5 гадоў назад на тэрыторыі Кобрынскага ўмацавання Брэсцкай крэпасці, атрымаў сёлета статус рэспубліканскага.

Цэнтр размяшчаецца ў рэканструяванай пабудове першай паловы 30-х гадоў. Пасля Вялікай Айчыннай вайны тут знаходзіўся 111-ы гвардзейскі артылерыйскі полк.

— Арганізаваць у гераічнай цытадэлі базу для патрыятычнай работы з моладдзю прапанавалі ўдзель­нікі ваенна-гістарычнага клуба “Гарнізон” пры гаркаме БРСМ, — расказаў дырэктар Брэсцкага дзяржаўнага абласнога цэнтра маладзёжнай творчасці Віктар Іваноў. — Праект разгле­дзелі на чарговым з’ездзе БРСМ. Кіраўнік дзяржавы падтрымаў прапанову. Частка сродкаў, заробленых на рэс­публіканскім суботніку, была накіравана на будаўніцтва цэнтра, абвешчанага абласной маладзёжнай будоўляй. За 3 гады на ім папрацавалі больш за 2 тысячы юнакоў і дзяўчат. Работы па рэканструкцыі праводзіліся надзвычай акуратна, з максімальным захаваннем аўтэнтычных элементаў.

Па словах Віктара Іванова, праект Рэспубліканскага цэнтра патрыятычнага выхавання моладзі прадугледжвае рэканструкцыю іншых будынкаў і збудаванняў на Кобрынскім умацаванні. Сярод іх — былая казарма для размяшчэння асабовага складу плошчай 2,6 тысячы м2, казематы з вучэбнымі класамі, цірам і сталовай, стадыён з футбольнымі, тэніснымі і іншымі пляцоўкамі. Будуць узведзены спартыўны і палатачны гарадкі на 200 чалавек.

У цэлым плануецца доб­раўпарадкаваць тэрыторыю плошчай каля 3 га. Паводле папярэдніх ацэнак, рэалізацыя першай чаргі праекта патрабуе не менш за 45 млн рублёў. Для іх збору адкрыты дабрачынны рахунак, які актыўна папаўняецца ахвяраваннямі.

— Сёння цэнтр прымае штогод каля 450 чалавек, а з развіццём інфраструктуры зможа прымаць да 500 чалавек штомесяц. Атрымаецца паўнацэнная адукацыйна-спартыўна-аздараўленчая ўстанова, дзе будзе арганізавана круглагадовае ваенна-патрыятычнае выхаванне па спецыяльных вучэбных праграмах, — адзначыў Віктар Іваноў.

Штотыдзень на базе цэнтра праходзяць 5-дзённыя вучэбна-трэніровачныя зборы “Пераможца” па ваенна-патрыятычнай пад­рыхтоўцы моладзі і метадычным суправаджэнні настаўнікаў, якія займаюцца ёй у школах. Курс маладога байца ўключае фізічныя і стралковыя практыкаванні, знаёмства з ваеннай гісторыяй і ўмовамі службы вайскоўцаў.

Па суботах працу­юць аб’яднанні па інтарэсах “Юны разведчык”, “Ваенная гісторыя”, “Ту­рызм і края­знаўства” і “Лабараторыя жывой гісторыі”. Летам арганізуецца лагер “Патрыёт”, куды імк­нуцца трапіць многія.

З нагоды розных дат на тэрыторыі цэнтра ла­дзяцца ваенна-гістарычныя рэканструкцыі, сустрэчы з ветэранамі вайны і працы, спаборніцтвы па ваенна-прыкладных відах спорту, ваенна-тактычныя вучэбныя гульні, майстар-класы па тактычнай, стралковай і пагранічнай падрыхтоўцы, выжыванні ў экстрэмальных сітуа­цыях, а таксама тэматычныя лекцыі і экскурсіі.

— Наш дэвіз — “Памя­таць тое, што было, ца­ніць тое, што ёсць, ствараць і абараняць будучыню”, што вельмі важна для захавання гістарычнай праўды, — гаворыць кіраўнік цэнтра гвардыі палкоўнік запасу Віктар Радамскі.

Сяргей ГРЫШКЕВІЧ