Данесці іскрынку, якую адчуваеш у сабе

- 12:38Дашкольная адукацыя

Амаль дваццаць гадоў Марына Авяніраўна Мішакова працуе музычным кіраўніком у дашкольным цэнтры развіцця дзіцяці № 490 Мінска і шчыра лічыць сваю прафесію лепшай на свеце. Педагог піша вершы і песні для дзяцей, прыдумвае пальчыкавыя і камунікатыўныя музычныя гульні, практыкаванні для рэлаксацыі, гульні з прадметамі. Асаблівае месца ў яе творчай скарбонцы займаюць відэапраекты, а таксама меладэкламацыі, рытмічныя практыкаванні, партытуры для дзіцячага аркестра. Марына Авяніраўна свядома адыходзіць ад канцэртна-паказальнага падыходу пры музычным выхаванні дашкольнікаў, бо пераканана, што важней развіваць малышоў праз творчыя гульні. За выкарыстанне інавацыйных музычных тэхналогій яна была адзначана прэміяй Мінгарвыканкама. На працягу некалькіх гадоў Марына Мішакова знаёміць слухачоў АПА, МГІРА з прыёмамі і метадамі сваёй работы.

Менш паказухі і больш радасці

“Так атрымалася, што ў дзяцінстве я не хадзіла ў дзіцячы садок: у беларускай вёсачцы непадалёк Смаргоні, у якой я расла, яго проста не было, — расказала Марына Авяніраўна. — Затое, стаўшы дарослай, пасля заканчэння музычнага вучылішча і кансерваторыі па класе баяна нарэшце прыйшла ў дзіцячы сад. Думала, папрацую часова, пакуль падрасце маленькі сынок. Але вось ужо больш за 20 гадоў з дашкольнікамі.

…Не так проста расказваць пра сваю работу, але паспрабую. Мы і спяваем, і танцуем, і пыхкаем, і цокаем — усімі сродкамі развіваем дыханне і голас. Час ад часу гаўкаем — у песеньцы-гульні пра сямейства сабак так зручна і весела імправізаваць пад гукі рознай вышыні. Потым радасна шпацыруем па зале ў гэтых жа “сабачых” вобразах і хаваемся пад уяўным дахам ад музычнага дажджу, які кожны раз пачынаецца нечакана. Наш дзіцячы аркестр вельмі цудоўна выконвае пяшчотную мелодыю пралесак, і я радуюся таму, як чулліва мае малышы ўспрымаюць гэтыя матывы. На іншых занятках мы распазнаём крокі коціка, які бывае то вясёлым, то сумным, ловім вожыка і нават кракадзіла — услухоўваемся ў інтэрвалы. Для развіцця фантазіі ператвараем блакітныя поліэтыленавыя пакеты ў дымок, ветрык, кветачку, воблака, хвалю. Пасля ўзіраемся ў гэтыя аблокі і марым. Прыдумваем чароўныя словы — і нашы аблокі раптам у музычнай скарбонцы ператвараюцца ў маленькія мармеладкі. Такія вось незвычайныя ў нас прыдумкі.

Побач з дзецьмі мне заўсёды хораша. Калі прыходзіш да іх са шчырай душой, адчуваеш вялікі рэзананс у адказ.Асабліва прыемна адыходзіць ад канцэртна-паказальных абавязкаў і проста адчуваць узаемную радасць ад зносін з музыкай. У кожнага музычнага кіраўніка — свой любімы кірунак заняткаў. Мне падабаецца гульнявая творчасць. Я не дрэсірую дзяцей, рыхтуючы іх да свят, не праводжу з імі бясконцых рэпетыцый. Затое мы шмат гуляем, усе святы робім перш за ўсё для дзетак, нават бацькоў не на кожныя запрашаем. Мае выхаванцы не развучваюць пэўную колькасць песень, танцаў і гульняў толькі для таго, каб парадаваць сваіх бацькоў узорнымі і бездакорнымі выступленнямі. Я не раблю такога свядома, таму што ведаю, колькі дзіцячых сіл і часу траціцца на тое, каб зрабіць, напрыклад, складанае выкананне танца, як кажуць, з адной ножкі. Хаця мы, канечне, і польку з малышамі вучым, і парныя танцы, і вальс на выпускны рыхтуем. Але ўсё гэта не пастановачныя сцэнічныя нумары. Дзеці ж, якія добра спяваюць, заўсёды маюць магчымасць прадэманстраваць свае здольнасці. Але і тыя, хто пакуль што не спявае чыста, таксама не пазбаўлены магчымасці праявіць сябе. Малышы на нашых святах і танцуюць, і спяваюць разам са сваімі мамамі. Мы запрашаем таксама і мам, і татаў сыграць побач з дзецьмі ў аркестры. У нас няма выхаванцаў, якія ўвесь час выконваюць толькі галоўныя ролі або толькі другасныя, я ніколі не вылучаю кагосьці на першы план. Імкнуся стварыць умовы, у якiх усiм дзецям захочацца пасябраваць с музыкай, навучыцца яе разумець”.

Спалучаючы маўленне, музыку і рух

“Калі ты падышоў да музычнай залы — прыслухайся да мелодый, якія чуюцца з яе, — так Марына Авяніраўна звяртаецца да малышоў, якія прыходзяць на заняткі ўпершыню. — Музыка пакліча да сябе. Можа, яна захоча, каб ты на дыбачках пабег за ёй або пакрочыў, як салдат, ці закружыўся, як восеньскае лісце… Музыка раскажа табе самыя розныя гісторыі”. З гэтага і пачынаецца вандроўка выхаванцаў Марыны Авяніраўны ў музычны свет.

Самае галоўнае, на думку педагога, — развіць у дашкольнікаў любоў і радасць ад зносін з музыкай. Працэс пазнання яе таямніц на занятках Марыны Авяніраўны адбываецца падчас простай і зразумелай гульні, у якой суседнічаюць і дапаўняюць адно аднаго найважнейшыя кампаненты орфаўскай педагогікі — маўленне, музыка і рух. Педагог выкарыстоўвае класічныя формы і метады работы, але дапаўняе іх уласным музычна-гульнявым матэрыялам, які не патрабуе доўгага завучвання, прыносіць радасць дзецям і ў той жа час накіраваны на развіццё не толькі музычных здольнасцей. Педагог распрацоўвае гульнявыя мадэлі, пальчыкавыя гульні, меладэкламацыі, рытмадэкламацыі, прыёмы пластычнага інтанавання, спосабы актыўнай рэлаксацыі.

Гульнявыя мадэлі, якія спалучаюць у сабе маўленне, музыку і рух, прадугледжваюць для малышоў магчымасць выказваць свае пачуцці ў свабодных творчых праяўленнях, напрыклад, у рухальнай імправізацыі. Дзецям не патрэбна ўсё паўтараць за педагогам. Кветку, матылька, зайку, чароўную краіну кожны з іх паказвае па-свойму. У ліку мадэлей, якія выкарыстоўвае педагог, — і яе аўтарскія гульні, і распрацоўкі яе калег з розных краін свету: камунікатыўная гульня-прывітанне “Добры дзень”, гульнявыя мадэлі “На лузе”, “Дружныя рытмы”, “Малюем лета”, “Гэта наш падарунак маме”, “Прагулка”, “Каму што сніцца”, “Вусень”, “Галерэя маэстра Скрыпічнага Ключа”, відэапраект “Фортэ — піяна” і іншыя.

Напрыканцы заняткаў педагог, як правіла, праводзіць актыўную рэлаксацыю. Напрыклад, пад назвай “Я мару пра добрае…”. “Вы любіце марыць? — звяртаецца да малышоў Марына Авяніраўна. — А пра што? Як вы думаеце, якога колеру можа быць мара?” Наступныя пытанні вынікаюць з дзіцячых адказаў, нечаканых і непрадказальных.

“А зараз выберыце сваю мару”, — працягвае педагог. Дзеці ўкладваюцца на дываны і глядзяць на аблокі, гуляюць з ветрыкам, а затым адпускаюць мары ўдалячынь, але вераць, што яны абавязкова вернуцца.

Усе дзеці таленавітыя. Пачуццё рытму і эмацыянальны водгук — гэтых задаткаў дастаткова для таго, каб педагог мог працаваць з дзіцем. Яны ў рознай ступені ёсць у кожнага. І іх неабходна развіваць. Вялікая ўвага да рытму павінна быць у рабоце кожнага музычнага кіраўніка, нават калi ён не вывучае з дзецьмi нотную грамату. Рытм — каркас, аснова любога музычнага твора. Усведамленне рытмічнай пульсацыі — першы этап яго вывучэння. Дзеці дашкольнага ўзросту вельмі добра засвойваюць працягласць гукаў — першую прыступку ў развіцці пачуцця рытму. Яны лёгка разумеюць, што значаць словы “крок”, “пабеглі” пры змяненні рытмiчнай пульсацыi. Гэта пачатак разумення рытмічнага малюнка музыкі. Малышам зразумелы паняцці “мажор”, “мінор”, “дынамічныя адценні” і г.д. Ім надзвычай падабаюцца гульнявыя моманты заняткаў, на якіх даюцца асновы музычнай граматы.

“Крокі, якія чуюцца ў музыцы, мы прапляскваем, ідзём разам так, як падказвае нам музыка, дапамагаем ім гучаць больш выразна з дапамогай музычных інструментаў, — гаворыць Марына Авяніраўна. — Паступова я ўводжу паняцці “ТА” — доўгі гук, “ЦІ” — кароткі. Гэтыя склады ў сістэму навучання музыцы ўнёс Эме Пары, вядомы французскі настаўнік музыкі і спеваў сярэдзіны XIX стагоддзя, стварыўшы тым самым мову працягласцей. У дзіцячым садзе не вывучаецца музычная грамата ў аб’ёме працягласці нот — чвэрці і восьмыя. Таму мы з малышамі дамаўляемся ў нашых гульнях усіх вялікіх жывёл называць ТА, а маленькіх — ЦІ. Іншымі словамі, чвэрці і восьмыя мы пераапранаем у звярынае аблічча. Прадметы таксама могуць быць вялікімі і маленькімі. Атрымліваецца вельмі каштоўны жывы метадычны матэрыял. Мільён гульняў можна прыдумаць з гукамі, рытмамі, нотамі, дынамічнымі адценнямі, з успрыманнем на слых інтэрвалаў і г.д.”.

У дашкольным цэнтры развіцця дзіцяці № 490 створаны ўсе ўмовы для творчай самарэалізацыі кожнага малыша і педагога. Як толькі ў музычнай зале быў усталяваны мультымедыйны экран, Марына Авяніраўна пачала актыўна выкарыстоўваць на занятках для развіцця музычных здольнасцей дзяцей сучасныя сродкі нагляднасці: слайды, прэзентацыі, мультфільмы на аснове класічных музычных твораў, відэапраекты, з дапамогай якіх малышам лягчэй разумець музыку. Пад кіраўніцтвам педагога дашкольнікі, праглядаючы мульцікі, напрыклад, могуць адстукваць рытм: назiраць за напрамкам мелодыi пры выкананнi песнi, успрымаць музычны твор з выкарыстаннем музычных iнструментаў.

Захапіўшыся стварэннем відэаработ, педагог адкрыла для сябе выдатных сучасных мастакоў-ілюстратараў, работы якіх напоўнены цеплынёй і любоўю да дзяцей. Першым адкрыццём для яе стала Вікторыя Кірдзій. Па яе малюнках распрацавана шмат рытмічных гісторый. У сваіх відэапраектах Марына Авяніраўна выкарыстоўвае таксама ілюстрацыі Элiны Майсеенка і Кацярыны Бабок (мастачкі з Мінска) — з яе феямі часу правяла, напрыклад, у мінулым годзе выпуск у школу, і гэта было сапраўды чароўна.

Відэаметад дае магчымасць творча падыходзіць да работы над рытмам, прадстаўляць яго ў вобразных малюнках, мадэляваць цікавыя для малышоў гульнявыя сітуацыі. У адпаведнасці з убачаным на відэапартытурах, дзеці пляскаюць, тупаюць або іграюць на музычных інструментах, яны слухаюць музыку, вершы і разглядаюць прыгожыя карціны. Адбываецца сапраўдны сінтэз мастацтваў. Малышы ствараюць пэўны рытмічны малюнак, вучацца слухаць фразу, ведаюць, калі ім трэба спыніцца, калі трэба сыграць гучна, а калі — ціха.

З распрацоўкамі па развіцці пачуцця рытму Марына Авяніраўна стала лаўрэатам у Міжнародным конкурсе “ІКТ у дашкольнай адукацыі — 2013”, які праводзіў расійскі часопіс “Сучасная дашкольная адукацыя: тэорыя і практыка”.

Раскрыць у сабе лепшыя якасці

“Бацькі часта не ведаюць, што робяць іх дзеці на музычных занятках у садзе і падчас дадатковай работы ў нашым гуртку “Музычная скарбонка”. Многія, напрыклад, лічаць, што мы толькі спяваем песенькі, — адзначае Марына Авяніраўна. — Мы здзіўляем і радуем іх пры сустрэчах, што іх дзеці ў рытмах як рыбкі ў вадзе, што яны адрозніваюць усе асноўныя рытмічныя формулы: і агучваюць, і лёгка адрозніваюць рытмічныя паслядоўнасці, ведаюць ноты і іх размяшчэнне, знаходзяць гукавыя адценні ў словах, на малюнках, музіцыруюць і г.д. Выхаванцы лепш адчуваюць настрой музыкi, беспамылкова знаходзяць у акордах усмешку і сум, разумеюць, што такое нотны стан, скрыпічны ключ, распазнаюць на слых вялікую і малую тэрцыю, секунду. Нядрэнна спраўляюцца з рытмічным трохгалоссем, калі мы робім рытмічны “бутэрброд”.

Аднойчы сваім выпускнікам на развітанне Марына Авяніраўна падарыла дыскі з іх любімымі песнямі, а кожнаму з бацькоў — цудоўны артыкул Д.Кікнарскай аб 10 прычынах, па якіх дзіця варта аддаць у музычную школу. А выхаванцы падарылі ёй любімыя кветкі — ландышы.

“Прафесія наша тым і добрая, што дазваляе раскрыць педагогу ў самім сабе ў поўным аб’ёме лепшыя якасці характару і незвычайныя магчымасці, — гаворыць Марына Мішакова. — Пры творчым падыходзе да справы мы можам даваць дзецям на высокім узроўні тое, да чаго ёсць у нас здольнасці, даносіць тую іскрынку, якую мы адчуваем у сабе”.

Працуючы з малышамі доўгі час, педагог раскрыла ў сабе паэтычныя здольнасці. Яе вершы друкуюцца ў часопісах, а літаральна на днях выйшла першая кніга паэзіі “Вясёлы парасон у гарошак”. Педагог стала лаўрэатам першага анлайн-конкурсу памяці Уладзіміра Арлова ў намінацыі “Ведаеце, дзеці, што здарылася?”.

У паэтычных замалёўках, адрасаваных дзецям, Марына Мішакова — летуценніца. Любіць глядзець на аблокі і марыць аб добрым. Вялікім і маленькім сваім чытачам музыкант і паэтэса жадае заўсёды бачыць сонца, нават калі яно за хмарамі.

Надзея ЦЕРАХАВА.