Больш за сто студэнтаў з вышэйшых навучальных устаноў Мінска, Гродна, Віцебска, Гомеля, Мазыра, Брэста, Магілёва прынялі ўдзел у Міжнародным дабрачынным форуме “Студэнцкія сустрэчы — 2018”.
У гэтым годзе ўдзельнікаў форуму прымалі ў Гродзенскім дзяржаўным універсітэце імя Янкі Купалы. Форум праводзіцца разам з італьянскім фондам “Дапаможам ім жыць”, з якім ГрДУ супрацоўнічае з 2011 года. За гэты час падтрымку ў выглядзе стыпендыі ад дабрачыннай арганізацыі атрымалі больш за 50 студэнтаў. Як адзначыў прадстаўнік італьянскага фонду Лучана Брагоні, супрацоўніцтва з ВНУ Беларусі пачалося ў 1992 годзе. Сёння фонд “Дапаможам ім жыць” узаемадзейнічае з дзесяццю беларускімі ўніверсітэтамі.
Падчас трохдзённай работы форуму яго ўдзельнікі абмеркавалі шмат пытанняў: роля моладзі ў сучасным грамадстве, праблемы інтэрнэт-залежнасці, прафесійнага самавызначэння, удзел студэнтаў у валанцёрскім руху.
Сярод мерапрыемстваў форуму была і дабрачынная акцыя. У гарадскім парку імя Жылібера студэнты арганізавалі дабрачынны кірмаш “Свята дзяцінства”, на якім гро-дзенцы маглі набыць рэчы, створаныя рукамі саміх студэнтаў.
Аляўціна Бялан, Дзіяна Мішура і Ксенія Арцямчук вучацца ў Мазырскім дзяржаўным педагагічным універсітэце імя І.П.Шамякіна. Дзяўчаты прывезлі ў Гродна прыгожыя вязаныя рэчы, якія зрабілі студэнты, і з задавальненнем удзельнічалі ў акцыі. Студэнты педагагічнага факультэта Гродзенскага ўніверсітэта правялі з дзецьмі заняткі па маляванні, а дзяўчаты з Віцебскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя П.М.Машэрава стваралі фантазійныя фігуры з паветраных шарыкаў.
Заробленыя на дабрачынным канцэрце і кірмашы сродкі ў памеры амаль тры тысячы рублёў былі перададзены Васілішкаўскаму дому-інтэрнату для дзяцей-інвалідаў з асаблівасцямі псіхафізічнага развіцця.
Надзея ВАШКЕЛЕВІЧ.