Дапрофільная падрыхтоўка на прадметных факультатывах

- 11:52Адукацыйная прастора, Рознае

У гімназіі Добруша дзевяцікласнікі са сваімі профілямі вызначыліся яшчэ ў красавіку. Як заўважыў дырэктар навучальнай установы Уладзімір Пятровіч Старасценка, гэтаму спрыяла папярэдняя сістэмная работа з дзецьмі і бацькамі.

“Наш педагагічны калектыў — прыхільнік мультыпрофільнай арганізацыі адукацыйнага працэсу на трэцяй ступені навучання. Па гэтай схеме мы пачалі працаваць аднымі з першых у краіне. У перыяд з 2002 па 2006 од гімназія з’яўлялася эксперыментальнай пляцоўкай Міністэрства адукацыі па апрабацыі мадэлі мультыпрофільнай школы. Нашы педагогі назапасілі вельмі багаты вопыт, таму цяпер нам, канечне, прасцей”, — адзначыў дырэктар.

Далей Уладзімір Пятровіч спыніўся на некаторых нюансах дапрофільнай падрыхтоўкі. У гімназіі яна пачынаецца з 5 класа, калі навучэнцам прапаноўваюць цэлы спектр прадметных факультатываў. Прычым настаўнікі рэкамендуюць выбіраць па магчымасці большую колькасць, каб зразумець, да якога прадмета ў дзіцяці ляжыць душа. Прадметныя факультатывы арганізоўваюцца для вучняў 5—8 класаў.

А з дзевяцікласнікамі праводзіцца ўжо больш прадметная гаворка. Для іх і іх бацькоў арганізоўваецца анкетаванне, якое дапамагае даведацца пра пажаданні бацькоў і запыты іх дзяцей. У мінулым навучальным годзе для 10-х класаў было арганізавана профільнае навучанне, якое прадугледжвае вывучэнне на павышаным узроўні 5 вучэбных прадметаў: матэматыкі, фізікі, англійскай, рускай, беларускай моў.

Сёлета ў гімназіі два класы дзевяцікласнікаў, якія не так даўно здалі выпускныя экзамены — пісалі дыктоўкі па беларускай і рускай мовах, рашалі матэматыку. Як заўважыў дырэктар, здалі добра. Асноўнымі адзнакамі сталі 7—9 балаў.

У 10-я класы ідуць практычна ўсе дзевяцікласнікі. Шасцёра збіраюцца паступаць у Гомельскі абласны ліцэй. Гэта тыя дзеці, якія для сябе абралі хіміка-біялагічны напрамак, які ў гімназіі часова задаволіць не могуць. Па словах Уладзіміра Пятровіча, ён будзе адноўлены праз год, калі настаўніцы выйдуць з дэкрэтнага адпачынку.

“Ведаеце, мы, напэўна, змаглі б адкрыць цэлую бальніцу, дзе ўрачамі працавалі б нашы выпускнікі. Штогод 5—6 нашых адзінаццацікласнікаў становяцца студэнтамі медыцынскіх універсітэтаў краіны. Увогуле, наш педагагічны калектыў у стане забяспечыць нашым гімназістам такую адукацыю, якая дае ім магчымасць выбіраць паміж некалькімі ўніверсітэтамі. Нашы выпускнікі ўжо некалькі гадоў трымаюць планку ў вобласці па ЦТ, і ніжэй чацвёртага месца мы не апускаліся”, — працягваў дырэктар навучальнай установы.

Мяркую, што і ў наступныя гады вынік будзе стабільна высокім. Прынамсі, дзевяцікласнікі яго ўжо дэманструюць на алімпіядах і навукова-практычных канферэнцыях. У прыватнасці, Дзмітрый Бугоркін стаў пераможцам трэцяга этапу Рэспубліканскай алімпіяды па геаграфіі, навукова-практычнай канферэнцыі навучэнцаў “Пошук”. Ягор Зайцаў — дыпламант навукова-практычнай канферэнцыі навучэнцаў “Пошук”. Ксенія Лявончык стала пераможцай трэцяга этапу Рэспубліканскай алімпіяды па рускай мове і літаратуры. Настасся Несцярэнка заваявала дыплом на абласной алімпіядзе па беларускай мове і літаратуры, а затым і на рэспубліканскай. А Косця Слепянкоў — пераможца трэцяга этапу абласной алімпіяды па гісторыі.

Па выніках прафарыентацыйнай работы гэтага навучальнага года, калі вывучаліся запыты навучэнцаў i iх законных прадстаўнiкоў, для дзевяцікласнікаў у 10 класе будзе арганізавана вывучэнне пяці прадметаў у профільных групах. Дзеці выбралі матэматыку, фізіку, рускую, англійскую мовы, грамадазнаўства.

Вольга ДУБОЎСКАЯ.
Фота Віктара МАКАРАНКІ.