Дарожная грамата для школьнікаў

- 12:06Навіны рэгіёнаў

Прадмета пад назвай “Правілы дарожнага руху” няма ў школьнай праграме, аднак гэтая навука для жыцця неабходна не менш, а то і больш за іншыя школьныя прадметы, ведаць яе павінен кожны без выключэння. Таму і праводзіцца на Міншчыне алімпіяда па Правілах дарожнага руху. Абласная алімпіяда адзінаццаты раз сабрала разам навучэнцаў устаноў адукацыі Мінскай вобласці.

Лепшыя знаўцы дарожных правіл прыехалі на спаборніцтвы ў Валожын з усіх раёнаў Міншчыны. У гімназіі № 1 Валожына гасцей віталі каманды чарлідараў і мажарэтак, ствараючы добразычлівую атмасферу. Чакаючы пачатку мерапрыемства, удзельнікі маглі “паўтарыць” засвоены матэрыял на выставе “Вывучаем законы дарог”. Тут іх чакалі гульнявы кейс “Дарожная грамата”, які змяшчаў дыдактычныя гульні па ПДР, з тэматычнымі матэрыяламі прапаноўвалася пазнаёміцца на “Метадычным вернісажы”, а творчыя работы школьнікаў, буклеты і памяткі можна было ўбачыць у інфакіёску “Правілы дарожнага руху: ведаць і выконваць”.
Ганаровымі гасцямі мерапрыемства сталі прадстаўнікі ўпраўлення адукацыі і ДАІ УУС Мінаблвыканкама, Мінскага абласнога грамадскага аб’яднання “Беларускае грамадства аўтааматараў”. Усе яны віталі школьнікаў падчас цырымоніі ўрачыстага адкрыцця алімпіяды і жадалі ім поспехаў у рашэнні алімпіядных задач. Удзел у алімпіядзе бралі навучэнцы 5—7 класаў. Іх чакалі два конкурсныя заданні: рашэнне індывідуальных білетаў і каманднае рашэнне задач “Дарожная сітуацыя”. Па-за конкурснымі заданнямі ў рамках алімпіяды праводзілася творчае спаборніцтва. Навучэнцы падрыхтавалі дамашняе заданне — буклеты са зваротам да бацькоў, каб нагадаць дарослым, як папярэдзіць выпадкі дзіцячага траўматызму. Удзельнікі алімпіяды добра падрыхтаваліся, буклеты былі яркімі і змястоўнымі. А пераможцамі ў творчым конкурсе сталі школьнікі з Любанскага раёна. Буклеты-пераможцы растыражуюць і будуць выкарыстоўваць у якасці асветнага і прапагандысцкага матэрыялу.
Рашаючы індывідуальныя білеты, удзельнікі алімпіяды спрабавалі адказаць на 10 прапанаваных пытанняў за як мага карацейшы час. Лепш за ўсіх з гэтым справілася Яўгенія Прыкота з Дзяржынскага раёна, яна і стала пераможцай у індывідуальным спаборніцтве.
У другім этапе кожнай камандзе прапаноўваўся білет з задачай, у якой апісваецца пэўная дарожная сітуацыя. За 10 хвілін разам удзельнікі павінны былі адказаць на ўсе пытанні задачы. Па выніках індывідуальнага і каманднага этапаў вызначаліся пераможцы. Другое і трэцяе месцы занялі каманды Дзяржынскага і Нясвіжскага раёнаў адпаведна. Лепшымі знаўцамі Правіл дарожнага руху ў Мінскай вобласці і пераможцамі абласной алімпіяды былі прызнаны ўдзельнікі каманды Салігорскага раёна.
Абласная алімпіяда праходзіла на трох узроўнях: у школах, раёнах і вобласці. У раённых спаборніцтвах прынялі ўдзел больш за тры тысячы вучняў, у школьных — яшчэ больш. А гэта значыць, што тысячы хлопчыкаў і дзяўчынак засвоілі або згадалі Правілы дарожнага руху, правілы, якія без перабольшання можна назваць жыццёва важнымі.

Дар’я РЭВА.