Дашкольныя ўстановы: рыхтуемся да новага навучальнага года

- 9:44Адукацыйная прастора

У 2020/2021 навучальным годзе будуць функцыянаваць 2952 установы дашкольнай адукацыі, што на 12 устаноў больш, чым у мінулым годзе. Плануецца, што іх будуць наведваць 435,5 тысячы выхаванцаў. Прадстаўнікі Міністэрства адукацыі, камітэта па адукацыі Мінгарвыканкама, галоўнага ўпраўлення па адукацыі Мінскага аблвыканкама расказалі аб падрыхтоўцы ўстаноў дашкольнай адукацыі Беларусі да новага навучальнага года.

“З 2015 года ў краіне рэалізуецца План мерапрыемстваў па забеспячэнні даступнасці дашкольнай адукацыі, зацверджаны ўрадам, у адпаведнасці з якім ажыццяўляецца будаўніцтва ўстаноў дашкольнай адукацыі, — расказала намеснік начальніка Галоўнага ўпраўлення агульнай сярэдняй, дашкольнай і спецыяльнай адукацыі начальнік упраўлення дашкольнай адукацыі Міністэрства адукацыі Альбіна Леанідаўна Давідовіч. — У 2020 годзе ўведзена ў эксплуатацыю 12 устаноў на 2085 месцаў. У Мінскай вобласці на базе ліквідаванага Ждановіцкага дзіцячага дома адкрыты яслі-сад — пачатковая школа Ждановіч на 70 месцаў для дзяцей ранняга і дашкольнага ўзросту. У будынку былога Гомельскага дзіцячага дома адкрыты яслі-сад № 95 Гомеля на 100 месцаў. Нарматыў дзяржаўнага сацыяльнага стандарту па забяспечанасці дзяцей месцамі не выконваецца толькі ва ўстановах Мінскага і Баранавіцкага раёнаў. Маюць па­трэбу ва ўладкаванні ва ўстановы па месцы жыхарства (не прадастаўлена месца пры першым звароце ў мясцовыя выканаўчыя і распарадчыя органы) 6646 дзяцей дашкольнага ўзро­сту — у Брэсце, Брэсцкім і Столінскім, а таксама Мінскім раёнах”.

Функцыянуюць групы кароткачасовага знаходжання (ад 2 да 7 га­дзін). На пачатак мінулага навучальнага года была арганізавана работа 5648 такіх груп для 48 023 дзяцей. У першым паўгоддзі 2020 года створана 367 груп для 2605 дзяцей. У першым паўгоддзі 2020 года арганізаваны падвоз 12 535 выхаванцаў да ўстаноў адукацыі. У Мінску арганізаваны 5 дадатковых маршрутаў “Малышок” для падвозу бацькоў з дзецьмі да ўстаноў. У мінулым годзе дзейнічалі 15 устаноў адукацыі прыватнай формы ўласнасці, якія рэалізуюць адукацыйную праграму дашкольнай адукацыі. У Мін­скай вобласці таксама функцыяну­юць тры сямейныя дзіцячыя садкі, якія наведваюць 20 выхаванцаў, і адна сямейная група для 3 дзяцей. З улікам пажаданняў бацькоў ва ўстановах дашкольнай адукацыі фарміруюцца групы, у якіх адукацыйны працэс ажыццяўляецца на беларускай мове (у 2019 годзе функцыянавала 2606 такіх груп, якія наведвалі 40,1 тысячы выхаванцаў).


“У Мінску забяспечаны самы высокі ў краіне працэнт ахопу дзяцей з 1 года да 6 гадоў дашкольнай адукацыяй (96,3%). Ахоп дзяцей 5-гадовага ўзросту падрыхтоўкай да навучання ў школе стапрацэнтны. У 2020 го­дзе ў Мінску будзе дадаткова створана 1600 месцаў для дзяцей ранняга і дашкольнага ўзросту. Летам 2020 года ў сталіцы ўведзены ў эксплуатацыю тры ўстановы дашкольнай адукацыі на 720 месцаў. У верасні плануецца адкрыццё яшчэ трох устаноў на 650 месцаў, да канца года — адной установы на 190 месцаў, — адзначыла галоўны спецыяліст аддзела дашкольнай, агульнай сярэдняй і спецыяльнай адукацыі камітэта па адукацыі Мінскага гарад­скога выканаўчага камітэта Алена Мікалаеўна Макарэвіч. — Коль­касць выхаванцаў устаноў дашкольнай адукацыі павялічваецца (сёння іх больш за 101 тысячу). У мінулым навучальным годзе ва ўстановах дашкольнай адукацыі была арганізавана работа 5315 гурткоў па інтарэсах для 56 006 дзяцей. Найбольш запатрабаванымі напрамкамі работы гурткоў з’яўляліся: эстэтычны, спартыўны, навучанне замежным мовам”.

У сталіцы ўкараняюцца новыя формы арганізацыі дашкольнай адукацыі — групы кароткачасовага знаходжання, якія ў мінулым навучальным годзе наведвалі 5115 выхаванцаў. Таксама летась у Мінску функцыянавалі 182 беларускамоўныя групы, з іх 17 — ва ўстановах з беларускай мовай навучання (яслі-сады №№ 187 і 534 Мінска). Адукацыю на беларускай мове атрымлівалі 4624 выхаванцы. Належная ўвага ўдзя­ляецца фарміраванню ў дзяцей навыкаў здаровага ладу жыцця і бяспечных паводзін, што спрыяе зніжэнню захваральнасці дзяцей (колькасць дзён, прапушчаных адным дзіцем па хваробе ў 2019 годзе, — 3,8).


“Атрыманне дашкольнай адукацыі для 63,5 тысячы выхаванцаў Мінскай вобласці ў новым навучальным годзе будуць забяспечваць 668 устаноў адукацыі, — адзначыла намеснік начальніка аддзела дашкольнай, агульнай сярэдняй, прафесійна-тэхнічнай і сярэдняй спецыяльнай адукацыі галоўнага ўпраўлення па адукацыі Мінскага абласнога выканаўчага камітэта Антаніна Лявонаўна Абалевіч. — У першым паўгоддзі 2020 года адкрыты пяць устаноў адукацыі на 990 месцаў, з іх чатыры — новабудоўлі: у Бараўлянах, Ратамцы, Калодзішчах, Копішчы Мінскага раёна. У 2020 годзе ў вобласці плануецца ўвод у эксплуатацыю 7 устаноў дашкольнай адукацыі на 1990 месцаў: у Мінскім раёне (Хацежына, Сеніца, Мачулішчы, Міханавічы), у Івянцы Валожынскага раёна, Смалявічах, Чэрвені. Вядзецца будаўніцтва дзвюх устаноў дашкольнай адукацыі (Нясвіж, Калодзішчы-2 (палігон) Мінскага раёна). Распрацавана праектна-каштарысная дакументацыя на будаўніцтва дзіцячага садка ў Дружным Пухавіцкага раёна і Фаніпалі Дзяржынскага раёна”.

Ахоп дзяцей пяцігадовага ўзро­сту падрыхтоўкай да навучання ў школе ва ўсіх раёнах стапрацэнтны. Забяспечанасць дзяцей ранняга і дашкольнага ўзросту месцамі ва ўстановах дашкольнай адукацыі складае 91,7% (пры рэспубліканскім паказчыку — 85%). Па-ранейшаму не выконваецца гэты нарматыў у Мінскім раёне — 67,1%. Больш за 4800 дзяцей дашкольнага ўзросту, якія пражываюць у Мінскім раёне, наведваюць установы дашкольнай адукацыі Мінска. У спісах маючых патрэбу ва ўладкаванні ва ўстановы дашкольнай адукацыі раёна лічыцца 2415 дзяцей ва ўзросце ад 3 да 5 гадоў.

У рэгіёне ў мінулым навучальным годзе была арганізавана работа 872 груп кароткачасовага знахо­джання, якія наведваюць 6736 дзяцей. Ажыццяўляўся падвоз 2074 выхаванцаў у найбліжэйшыя ўстановы дашкольнай адукацыі. Асаблівасцю ў Мінскай вобласці з’яўляецца наяўнасць і стварэнне ва ўстановах, якія адкрываюцца, экалагічных, мастацкіх, пазнавальных, фізкультурна-аздараўленчых, інфармацыйных цэнтраў. Напрыклад, у Каладзішчанскім дзіцячым садзе № 3, зыходзячы з запыту бацькоў, створаны цэнтр тэхнічнага канструявання, у Ратамскім дзіцячым садзе № 2 — рэсурсны цэнтр полікультурнага выхавання, у дзіцячым садзе № 4 Копішча — рэсурсны цэнтр настольна-друкаваных і развіццёвых гульняў і арт-студыя. З году ў год павялічваецца ахоп дзяцей дадатковымі формамі занятасці. Летась функцыянавалі 2967 груп па інтарэсах. Па-ранейшаму прыярытэт аддаецца гурткам па харэаграфіі, спартыўнай накіраванасці, навучанню англійскай мове.

Ва ўстановах дашкольнай адукацыі працуюць 7893 педагогі. Чакаецца прыбыццё каля 150 маладых спецыялістаў — выхавальнікаў дашкольнай адукацыі. У Мінскай вобласці функцыянуе 588 груп з беларускай мовай навучання (18,5% ад усіх груп). Ва ўстановах адукацыі з рускай мовай навучання створаны неабходныя ўмовы для атрымання адукацыі на беларускай мове, далучэння да нацыянальных культурных традыцый: функцыянуюць этнаграфічныя куткі і народныя міні-музеі, праводзяцца дні і тыдні беларускай мовы, заняткі па развіцці беларускага маўлення, беларускія святы і гульні і інш. Такім чынам, забяспечана права на атрыманне адукацыі на беларускай мове кожным выхаванцам. Таксама забяспечваецца даступ­насць і варыятыўнасць спецыяльнай адукацыі, аказання ранняй комплекс­най і карэкцыйна-педагагічнай дапамогі для дзяцей з асаблівасцямі псіхафізічнага развіцця дашкольнага ўзросту.

Надзея ЦЕРАХАВА.
Фота аўтара.