Даследаваць рэкі, не абуваючы гумавыя боты: у інтэрактыўнае воднае падарожжа запрашаюць школьнікаў

- 12:12Образование, Приложение, Шестой день

Інтэрактыўныя водныя падарожжы для школьных субот распрацавалі эколаг настаўнік хіміі і біялогіі Чавускай абласной сярэдняй школы Андрэй Пахоменка і эколаг Кацярына Еўсюкова. Падрабязнасці – у матэрыяле карэспандэнта “Настаўніцкай газеты”.

Млын і жывая крыніца

Здзейсніць такія вандроўкі дапаможа ўнікальная інтэрактыўная мабільная выстава, якая комплексна расказвае аб праблемах вадаёмаў, наглядна дэманструе важныя з’явы пры дапамозе падручных рэчаў і прабірак і прапаноўвае вырашэнне многіх экалагічных праблем.

Днямі Андрэй Мікалаевіч правёў майстар-клас для педагогаў Беларусі, якія самі змогуць быць на гэтай выставе экскурсаводамі, але ўжо для сваіх навучэнцаў.

Выстава “Падарожжа па маёй рацэ ад вытокаў да вусця” вельмі шырока раскрывае водную тэматыку і складаецца з 9 стэндаў-прыпынкаў: “Кругаварот вады”, “Падземная вада”, “Крыніца”, “Ручай і рака”, “Эўтрафікацыя”, “Вадасховішча”, “Пластык у вадзе”, “Ачышчальныя збудаванні” і “Мора”. У камплекце да кожнага стэнда ідзе адна ці адразу некалькі скрынь. У іх знахо­дзіцца ўсё неабходнае абсталяванне для правя­дзення эксперыментаў, доследаў, гульняў, якія робяць вывучэнне сур’ёзных праблем лёгкім, цікавым і запамінальным. Навучэнцы 5—11 класаў (а менавіта на іх разлічаны гэты прадукт), прымаючы ўдзел у эксперыментах, цалкам уключаюцца ў пазнавальны працэс, лепш разумеюць агучаныя праблемы і, канечне, разважаюць, як іх вырашаць.

У выставе ёсць лагічная паслядоўнасць, бо кожная тэма выцякае з папярэдняй. Пачынаецца вандроўка з “Кругавароту вады”. Тут можна даведацца не толькі пра розныя сезонныя станы вады, пра падземныя ці міжпластавыя воды, пра тое, дзе залягае верхаводка, што такое артэзіянская вада і чаму яна самая дарагая, але і адчуць гордасць за Беларусь. На прыкла­дзе таго ж вадзянога млына.

“Хоць і падаецца, што ва­дзяны млын — гэта замежная гісторыя, але насамрэч дастаткова паглядзець на старыя карты нашай Ра­дзімы — вы дакладна знойдзеце іх там, — падкрэслівае Андрэй Пахоменка. — А значыць, ужо здаўна ў нас былі ана­лагі сучасных гідраэлектрастанцый — іх рэшт­кі засталіся сёння ў многіх вёсках. Але, на жаль, пра млыны, пра тое, як яны былі збудаваны, як працавалі, у чым іх прынцып, пра нашых млынароў мала хто ведае, а гэта ж цэлы пласт беларускай культуры! Асабліва цікава праходзяць заняткі, калі ў нас пад рукой ёсць карты той мясцовасці, у якой мы праводзім выставу, — можна і прасачыць, дзе былі млыны, як гэта адлюстроўваюць мясцовыя тапонімы і легенды, і інш. Чым гэта не нагода для гордасці за наш край і нашых продкаў? Гэта і ёсць патрыятычнае выхаванне”.

Другі стэнд — “Падземная вада” — раскрывае тэму нітратнага забруджвання. На стэндзе пазначаны падземныя пласты, дзякуючы чаму можна наглядна ўба­чыць, як вада пранікае ў іх, як яе якасць зале­жыць ад глыбіні пласта, ад аддаленасці ад забруджвальнікаў і інш. Каб паразва­жаць пра гэта больш прадметна, дастаткова
ўзяц­ь скрыню з магнітным канструктарам і з яго дапамогай “пабудаваць” побач з вадаёмам ферму ці “пасадзіць” лес, “размясціць” звалку ці “арганізаваць” выпас свойскай жывёлы.

Ствараючы для калег такім чынам сапраўдную экалагічную катастрофу на стэндзе, Андрэй Пахоменка тлумачыць: “Такі канструктар нам неабходны, каб прыдумваць гісторыі і тым самым зачапіць нашых дзяцей за жывое. У педагогіцы гэты прыём называецца “галава — сэрца — рукі” — мы павінны даць нагрузку для разважання, прымусіць суперажываць, спачуваць і даць магчымасць нешта самім ім ства­рыць для вырашэння праблемы. А зачапіць сэрца дзяцей цяжка. Вось сёння школьнікі мне сказалі: “Ну паставілі вадасховішча, ну пабудавалі электрастанцыю — ну і няхай!” Тады я прапанаваў ім паглядзець на гэтую акалічнасць не з боку атрымання таннай электраэнергіі, а з пазіцыі мясцовых жыхароў, якія разам з яе пабудовай страцілі шмат прывычных даброт вясковага жыцця”.

Шмат адкрыццяў педагогі зрабілі для сябе і каля стэнда “Крыніца”. Адно толькі пытанне Андрэя Пахоменкі, якая крыніца лепшая — зручная, прыгожая ці жывая, паставіла многіх у тупік, асабліва ў святле папулярнага флэш-мобу па “добраўпарадкаванні” крыніц. Бо, аказваецца, бяздумны падыход губіць крыніцу, парушаючы жывую экасістэму і сістэму прыроднай ачысткі вады праз пясок, каменьчыкі і інш. І прыкладаў такіх экскурсавод прывёў шмат (некалькі крыніц ён сам адстаяў перад жадаючымі іх “удасканаліць”). Напрыклад, ёсць у Беларусі і такія, дзе былі ўсталяваны нават пластыкавыя каналізацыйныя трубы для падачы вады з нетраў зямлі. Выставачны стэнд наглядна прадэманстраваў, чым жывая крыніца адрозніваецца ад нежывой. Для гэтага трэба было пры дапамозе лупы знайсці на стэндзе тых, хто жыве ў крынічнай вадзе (яны вельмі дробныя і простым вокам там іх не відаць).

Адчуй сябе ручэйнікам

Цікавыя інтэрактыўныя заданні, якія звычайна прапаноўваюцца дзецям, пазначылі для сябе педагогі і каля стэнда “Ручай і рака”.

“Школьнікам мы раздаём карткі, мадэлюем розныя вадаёмы і вызначаем па яго насельніках, наколькі там чыстая вада. Такі маніторынг вады па беспазваночных жывёлах — самы просты і даступны. Паралельна дзеці асвойваюць і тэму біяразнастайнасці водных сістэм. Можам яшчэ прынесці ваду з возера і пад лупай ці мікраскопам паглядзець, якая там жыўнасць ёсць. Так мы, не абуваючы гумавых ботаў, адчуваем сябе даследчыкамі водных аб’ектаў. Тут жа мы праводзім розныя інтэрактыўныя гульні. Напрыклад, у гульні “Адчуй сябе ручэйнікам” дзеці, каб зрабіць сабе домік, збіраюць пясок, галінкі, каменьчыкі, ратуюцца ад магчымых забруджвальнікаў”, — дзеліцца вопытам Андрэй Мікалаевіч.

Калі на папярэдніх стэндах дзеці ў асноўным вучацца бачыць праблемы, то каля стэндаў “Эўтрафікацыя”, “Вадасховішча”, “Пластык у вадзе”, “Мора” яны ўжо разважаюць, як іх вырашыць. У прыватнасці, змяншаць цвіценне вадасховішч, разважаюць, чаму аднолькава небяспечны пластык і біяпластык і інш.

“Ёсць хітрыя спосабы, каб актывіза­ваць дзяцей, — расказвае А.М.Пахоменка. — Дзіця хавае руку за спіну, а на руку яму мы чапляем кавалачак лёскавай сеткі, полі­этыленавы пакет ці падобны прадмет і прапаноўваем паспрабаваць адной рукой вызваліцца ад гэтых сінтэтычных пут. А потым уявіць, як даводзіцца вызваліцца з такой пасткі рыбе, у якой увогуле няма рук”.

Стэнд, прысвечаны эўтрафікацыі, устанаўлівае сувязь у тым ліку і паміж мыйнымі і касметычнымі сродкамі, якімі мы ўсе карыстаемся, і цвіценнем марскіх вод (хаця, здавалася б, дзе мы і дзе мора?). Прычым калі шлях фасфатаў па нашых рэках да мораў яшчэ дапамагаюць прасачыць фотаздымкі са спадарожніка, то як жа ўбачыць шкоду ад гэтых дабавак на свае вочы? Проста! На выставу дзеці прыносяць розныя крэмы, скрабы, зубныя пасты, каб пад мікраскопам паглядзець, колькі там мікрапластыку, і паразважаць пра яго далейшы шлях пасля змывання ў каналізацыю.

А вось гэта, дарэчы, таксама выставачная тэма, хаця ў грамадстве чамусьці гэтую тэму не прынята ўзнімаць.

“Многія дзеці не разумеюць, як да нас трапляе вада і куды яна трапляе пасля таго, як мы націскаем кнопку ўнітаза, — гаво­рыць А.М.Пахоменка. — Так, усе веда­юць, што ў каналізацыю. А як яна пабудавана? Куды дзяюцца сцёкі? Ці ачышчаюцца? Калі так, то як? Часам дзеці нават заяўляюць, што змытая вада ачышчаецца і трапляе нам у краны. Мы смяёмся, што ў свеце адзначаецца Сусветны дзень туалета, і ў школах з дзецьмі пра гэта, канечне, не гаворым, хаця з унітазам яны сутыкаюцца штодзень. Таму для наведвальнікаў нашай выставы мы наг­лядна паказваем на прадметах, якія імітуюць каналізацыйную сістэму, усю яе пабудову, сістэму ачысткі, расказваем пра ачышчальныя збудаванні і г.д.”

Першымі ацанілі адукацыйныя перспектывы выставы школьнікі Лідчыны — тут суботнія вандроўкі здзейснілі навучэнцы ўсіх устаноў адукацыі горада і раёна. У найбліжэйшы час да іх далучацца іншыя школы Беларусі.

Пасля майстар-класа сярод прысутных педагогаў было шмат жадаючых правесці такое падарожжа для сваіх навучэнцаў. Яны перакананы, што яно не толькі дасць адказы на многія водныя пытанні школьнікам, але і сфарміруе ў іх навыкі беражлівасці, разважлівасці і ўважлівасці. Наведаць гэтую інтэрактыўную экскурсію школы могуць на базе адукацыйнага цэнтра “Экалогія і здароўе” ГА “Беларускі зялёны крыж” пад Смалявічамі, што на Міншчыне, куды мінімум на год пераехала выстава (экскурсаводам выступіць Кацярына Еўсюкова). А можна запрасіць у сваю школу Андрэя Пахоменку. Пасля адукацыйнага семінара для педагогаў, якія будуць для школьнікаў экскурсаводамі, ён прадаставіць у карыстанне электронны варыянт выставы і дапаможнік карыстальніка.

Святлана НІКІФАРАВА
Фота аўтара