Даследуюць родны край

- 11:06Навіны рэгіёнаў, Рознае

Асобныя навучэнцы сярэдняй школы № 1 Чавус зараз выдатна ведаюць геаграфію роднай зямлі. А ўсё дзякуючы наведванню летняй геаграфічнай пляцоўкі “Эрудыт”, якая на працягу трох канікулярных месяцаў працавала ў іх навучальнай установе.

Як паведаміў настаўнік геаграфіі школы Павел Кніга, перадумовай стварэння геаграфічнай пляцоўкі стала функцыянаванне ў школе аднайменнага інтэлектуальнага клуба.

— Пасяджэнні клуба паказалі, што вельмі многія вучні ўсур’ёз зацікаўлены вывучэннем асаблівасцей свайго раёна. Зацікаўленасць дзяцей і паспрыяла стварэнню на перыяд летніх канікул адпаведнага аб’яднання па інтарэсах, — расказаў Павел Аляксеевіч.

Геаграфічную школу з энтузіязмам наведвалі 45 навучэнцаў 5—8 класаў. Усе дзеці былі падзелены на ўзроставыя групы, у кожнай з якіх былі ўласныя заданні. Пяцікласнікі хадзілі на экскурсіі, знаёміліся з компасам, дальнамерам, вывучалі беларускую расліннасць, складалі планы мясцовасці. Вучні 6—7 класаў актыўна займаліся вывучэннем выкарыстання аб’ектаў прыроды чалавекам, выяўлялі экалагічныя наступствы гаспадарчай дзейнасці. А вось навучэнцы 8-х класаў дэталёва вывучалі кожны геаграфічны аб’ект, складалі на іх комплексныя навуковыя характарыстыкі. Увогуле, разам са сваім настаўнікам школьнікі цалкам абследавалі культурныя славутасці раёна, наведалі ўсе навакольныя рэкі і азёры, лясныя масівы, сельскагаспадарчыя ўгоддзі. Дасканалае навуковае азнаямленне дазволіла дзецям па-новаму ўбачыць і ацаніць важнасць звыклых прыродных аб’ектаў.

За цікавым заняткам лета праляцела хутка. Аднак даследаванне роднага краю аднагалосна вырашана было працягнуць. Функцыянаваць геаграфічная школа цяпер будзе не толькі ўлетку, а і падчас навучальнага года. У планах настаўніка геаграфіі Паўла Кнігі і яго вучняў — сістэматызаваць і абагульніць назапашаныя матэрыялы, а з надыходам чарговых летніх канікул зноў адправіцца ў вандроўкі.

Ганна СІНЬКЕВІЧ.
Фота прадастаўлена ўстановай адукацыі.