У Мінскім дзяржаўным каледжы электронікі ў 2019 годзе ўпершыню прайшоў набор групы навучэнцаў з парушэннямі зроку па спецыяльнасці “Праграмнае забеспячэнне інфармацыйных тэхналогій” з прысваеннем кваліфікацыі “тэхнік-праграміст”. Заняткі праходзяць у цэнтры прафесійнай і сацыяльнай рэабілітацыі для асоб з АПФР, які быў адкрыты ў каледжы ў 2006 годзе. Тут створана безбар’ернае асяроддзе: пандусы, гукавыя маячкі і таблічкі са шрыфтам Брайля. Спецыяльныя вучэбныя дысцыпліны ў будучых праграмістаў выкладае Аляксандр Уладзіміравіч Севярын — чалавек, які вельмі добра разумее праблемы маладых людзей з парушэннямі зроку, паколькі сам з’яўляецца невідушчым.
“Зрок у мяне дрэнны з нараджэння, — расказаў Аляксандр Уладзіміравіч. — Родам я з Рэчыцы Гомельскай вобласці, вучыўся ў Васілевіцкай спецыяльнай агульнаадукацыйнай школе-інтэрнаце для дзяцей з парушэннямі зроку. Скончыў 9 класаў на выдатна. Пад уплывам бацькоў, якія лічылі, што я павінен як мага хутчэй атрымаць прафесію, прычым не важна якую, паступіў у Рэчыцкі дзяржаўны аграрны каледж на ветэрынара. Тады не ўсведамляў, што гэтая спецыяльнасць мне не падыходзіць, але і ў медкамісіі не сустрэў супраціўлення. Па інерцыі паступіў потым і на заатэхнічны факультэт Гродзенскага дзяржаўнага аграрнага ўніверсітэта. Зрок у мяне ў той час моцна ўпаў, а пасля 20 гадоў я поўнасцю аслеп. Пра гэта мяне папярэджвалі медыкі. Таму, пакуль я мог штосьці бачыць, шмат чытаў, атрымліваў рознабаковую адукацыю. Аўдыякнігі ў такой ступені мяне не цікавілі. Да таго ж, іх выпуск складае каля 5 працэнтаў ад усіх кніг, якія выдаюцца. Пасля ўніверсітэта мяне размеркавалі ў гаспадарку, дзе я не прапрацаваў ні дня. Мне ўстанавілі 1-ю групу інваліднасці, і МРЭК дазволіла працаваць толькі на прадпрыемствах БелТІЗ, куды я і ўладкаваўся слесарам механазборачных работ 2-га разраду. У той час у мяне ўжо быў свой камп’ютар. Я паспеў асвоіць яго яшчэ да таго, як поўнасцю аслеп, моцна набліжаў экран да вачэй. Але неўзабаве мне давялося азнаёміцца са спецыяльнымі камп’ютарнымі тэхналогіямі для невідушчых, у прыватнасці, праграмай экраннага доступу (невізуальным доступам да інфармацыі), і нават стаць інструктарам па сацыяльна-працоўнай рэабілітацыі. Я вучыў невідушчых працаваць на камп’ютары, арыентаванню ў прасторы і іншым жыццёва важным навыкам.
У 2009 годзе даведаўся, што ў Інстытуце павышэння кваліфікацыі і перападрыхтоўкі кадраў Гомельскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Францыска Скарыны адкрываецца факультэт, дзе на базе вышэйшай адукацыі будуць рыхтаваць праграмістаў. Для паступлення не патрабавалася медыцынская даведка, фармальна адмовіць мне не маглі. У той час я ўжо ўмеў пісаць камп’ютарныя праграмы, таму паспяхова прайшоў субяседаванне. У Мінск прыехаў у 2014 годзе, дзе працягнуў займацца пытаннямі рэабілітацыі інвалідаў па зроку, іх навучаннем, рэалізацыяй сацыяльных праектаў. Тут пазнаёміўся са сваёй будучай жонкай. У каледж мяне запрасілі працаваць у 2019 годзе ў сувязі з наборам групы навучэнцаў з парушэннямі зроку. Як майстар вытворчага навучання сёння вяду спецыяльныя дысцыпліны і паралельна атрымліваю педагагічную адукацыю ў РІПА”.
У групе з парушэннямі зроку каледжа вучацца 6 чалавек, сярод іх трое — татальна невідушчыя. У адносінах Аляксандра Уладзіміравіча Севярына да вучняў самае галоўнае — гэта адсутнасць залішняга пачуцця жалю, якое звычайна не дае развівацца чалавеку з інваліднасцю. Аляксандр Уладзіміравіч выдатна ведае, на што здольны невідушчы чалавек, а што яму не пад сілу. І патрабуе адпаведна. Ён можа сказаць маладым людзям тое, што ніхто іншы ім не скажа. Напрыклад, параіць забыцца пра інваліднасць, бо так іх больш пачнуць паважаць іншыя людзі, прасцей будзе знайсці дастойную работу па спецыяльнасці. Сваіх вучняў Аляксандр Уладзіміравіч арыентуе на атрыманне вышэйшай адукацыі ў БДУІР.
Навучанне ў групе ажыццяўляецца на звычайных камп’ютарах, дзе ўстаноўлена спецыяльнае праграмнае забеспячэнне, якое дазваляе агучваць тое, што адбываецца на экране (праграмы экраннага доступу). Ёсць праграмы для чытання электронных кніг і дакументаў, якія павялічваюць экран. Аляксандр Уладзіміравіч раіць навучэнцам, якія маюць рэшткавы зрок, выкарыстоўваць гэты абмежаваны рэсурс для вывучэння чагосьці сапраўды карыснага, напрыклад, для знаёмства з карцінамі і скульптурамі ў музеях, для пазнання прыроды і г.д. Бо для выканання руцінных аперацый, напрыклад, выраўноўвання ў электронных дакументах абзацаў, можна выкарыстаць і праграму экраннага доступу. Навучэнцы працуюць за камп’ютарамі з выкарыстаннем звычайнай клавіятуры. На кожнай знаходзяцца дзве клавішы з насечкамі (на літарах “а” і “о”). Рукі ставяцца ў зыходную пазіцыю на клавішы: кожны палец мае сваю зону адказнасці. Набор знакаў павінен ажыццяўляцца ўсляпую. Па такой жа методыцы вучаць відушчых сакратароў. Па кваліфікацыйных патрабаваннях хуткасць набору ў сакратара павінна складаць 180—200 знакаў у мінуту. Вучань Аляксандра Уладзіміравіча Яўген Зелянкевіч набірае 300 знакаў у мінуту!
У межах праекта “Занятасць, прафесійная адукацыя і навучанне ў Беларусі”, які фінансуецца Еўрапейскім саюзам, згодна са стратэгіяй “Навучанне на працягу ўсяго жыцця”, у цэнтр прафесійнай і сацыяльнай рэабілітацыі каледжа было закуплена спецыяльнае праграмнае забеспячэнне. Напрыклад, ліцэнзія на праграму экраннага доступу для аднаго камп’ютара каштуе 800 еўра. Кожнае рабочае месца навучэнца абсталявана брайлеўскім дысплеем, які дазваляе дубліраваць шрыфтам Брайля тое, што камп’ютар агучвае, і навучэнцы могуць чытаць інфармацыю рукамі па Брайлю або праслухоўваць у навушніках. Таксама ёсць плэеры для чытання літаратуры ў аўдыя- і электронным фарматах, можна прачытаць як МР3-файлы, так і тэкставыя файлы з дапамогай убудаванага сінтэзатара маўлення. Для слабавідушчых падыдзе пераносны павелічальнік са спецыяльнай камерай (электронная лупа). Ёсць павелічальнік з вялікім экранам, які дазваляе паўнацэнна чытаць кнігу, бо можна моцна павялічыць тэкст і выбраць патрэбны колер шрыфту (белы на чорным, чорны на белым і г.д.). Закуплены спецыяльны сканер, з дапамогай якога кніга фатаграфуецца, і машына прачытвае яе голасам. Можна выкарыстаць прыладу для вырабу тактыльнай графікі. Спецыяльным маркерам на спецыяльнай паперы наносіцца малюнак або тэкст і праганяецца праз гэтую прыладу. Папера становіцца выпуклай у тым месцы, дзе напісана маркерам. Ёсць прынтары, якія друкуюць шрыфтам Брайля.
“Я ўдзельнічаў у адным з праектаў БелТІЗ па даступнасці інфармацыі і набыў прыладу, якая дазваляе размясціць неабходную для людзей з парушэннямі зроку інфармацыю на серверах. Той з іх, хто не ўмее карыстацца камп’ютарнай тэхнікай, можа атрымаць доступ да навін, вучэбнай літаратуры, тэлебачання, радыё, падкастаў. Гэтую прыладу я таксама выкарыстоўваю на занятках у групе”, — адзначыў Аляксандр Уладзіміравіч.
У маі мінулага года тры вучні каледжа з парушэннямі зроку прынялі ўдзел у рэспубліканскім конкурсе прафесійнага майстэрства WorldSkills Belarus. Першапачаткова гэты конкурс не прадугледжваў удзелу людзей з АПФР — як у нас, так і ў свеце. У Расіі, напрыклад, для людзей з інваліднасцю праводзяцца алімпіяды па прафесійным майстэрстве “Абілімпікс”. Мэта, якую паставіў перад сабой Аляксандр Уладзіміравіч, — упершыню са сваімі вучнямі трапіць на такія прэстыжныя спаборніцтвы.
“Мы выйшлі з гэтай ініцыятывай на арганізатараў конкурсу ў РІПА. Але ўзнікла праблема: для нашых навучэнцаў не было пляцоўкі для спаборніцтваў, — адзначыў педагог. — Яны вучацца на аператараў ЭВМ, а на конкурсе былі прадстаўлены толькі напрамкі сеткавага адміністравання і праграмавання. Таму ў рамках пляцоўкі па сеткавым адміністраванні была адкрыта пляцоўка для аператараў ЭВМ. На спаборніцтвы былі запрошаны і іншыя невідушчыя маладыя людзі з адпаведнай адукацыяй. Заданне, якое неабходна было выканаць, наступнае: падрыхтаваць рабочае месца аператара на камп’ютары, дзе не ўстаноўлена праграмнае забеспячэнне. Я выступаў галоўным экспертам гэтай пляцоўкі. Мае вучні Яўген Зелянкевіч і Арцём Яўсіевіч занялі 2-е і 3-е месца адпаведна. Насця Цвёрдава была чацвёртай. А выйграў спаборніцтвы Пётр Івановіч, работнік гродзенскага прадпрыемства “Фільтр” БелТІЗ, куды ён уладкаваўся сістэмным адміністратарам адразу пасля заканчэння вучобы”.
…Знаёмімся. Арцём Яўсіевіч, скончыў сярэднюю школу № 7 Мінска. Ён слабавідушчы, страціў зрок у 12 гадоў у выніку траўмы. Планаваў паступаць у БДУІР на дыстанцыйную форму навучання, але, калі даведаўся, што групу для невідушчых набіраюць у каледжы і што можна вучыцца вочна, выбраў гэты варыянт. Юнак дабіраецца да каледжа самастойна. Сваю будучыню звязвае з праграмаваннем. Насця Цвёрдава скончыла спецыяльную агульнаадукацыйную школу № 188 для дзяцей з парушэннямі зроку Мінска з балам атэстата 9,6. Прыязджае на вучобу і вяртаецца назад дзяўчына ў суправаджэнні, але спрабуе і самастойна ездзіць па горадзе. Яе шлях праходзіць праз метро, дзе яе звычайна суправаджаюць супрацоўнікі станцый. Гэта ўваходзіць у іх абавязкі, калі ў метро едзе невідушчы чалавек. Насця скончыла музычную школу па класе фартэпіяна і плануе ў далейшым аб’яднаць праграмаванне і музыку, у прыватнасці, стварыць дадатак для чытання нотнага тэксту, які перакладаў бы яго ў даступную для невідушчых форму, што дазволіць ім вучыцца музыцы. Ёсць ноты па Брайлю, але не ўсе невідушчыя імі карыстаюцца. Некаторыя не могуць чытаць гэты шрыфт з-за недастатковай адчувальнасці ў руках.
Да 2024 года Мінскі дзяржаўны каледж электронікі будзе працаваць па эксперыментальным праекце “Распрацоўка і апрабацыя цэнтра духоўна-маральнай і інклюзіўнай культуры”. У рамках ініцыятывы выкладчыца замежнай мовы (прафесійнай лексікі для праграмістаў) Раіса Ісаеўна Дзявенская стала ініцыятарам стварэння ў каледжы тактыльнай экалагічнай сцежкі. “Працуючы ў каледжы з навучэнцамі з абмежаванымі магчымасцямі на працягу 15 гадоў (у нас вучацца і маладыя людзі з парушэннем слыху), я прыйшла да высновы, што ў інклюзіўнай адукацыі няма нічога складанага ні тэхналагічна, ні метадычна, ні педагагічна. Тым больш што нашы навучэнцы вельмі развітыя, уседлівыя, мэтанакіраваныя і матываваныя, — гаворыць Раіса Ісаеўна. — Але мяне хвалюе пытанне, як можна развіць духоўна-маральны патэнцыял навучэнцаў, знайсці залатую сярэдзіну паміж тэхналагічнай скіраванасцю адукацыі ў каледжы і развіццём агульначалавечых якасцей навучэнцаў, як стварыць для гэтага спрыяльную атмасферу. У свой час я скончыла факультэт прыродазнаўства з замежным навучаннем тагачаснага Ленінградскага дзяржаўнага педагагічнага інстытута імя А.І.Герцэна, і ў мяне з’явілася думка аб стварэнні ў каледжы тактыльнай здароўезберагальнай экасцежкі або сенсорнага саду. Да рэалізацыі ідэі далучыліся навучэнцы з парушэннямі зроку і слыху. Вядома, што многія экалагічныя праблемы гарадоў звязаны з дваровымі тэрыторыямі. Людзі часта ставяцца да іх не як да экасістэмы, якая патрабуе догляду, а як да месца баўлення вольнага часу. На прыкладзе дворыка каледжа мы вырашылі паказаць, як можна змяніць экакультуру жыцця ў вялікім горадзе. На нашай сцежцы размесцяцца модулі для развіцця сенсорнай сферы навучэнцаў. Будзе створана максімальна дагледжанае прыроднае асяроддзе з разнастайнымі відамі раслін і дрэў. Навучэнцы з парушэннямі зроку змогуць тактыльна вывучаць дрэвы, навучацца адрозніваць іх віды па кары або зрэзах. Яны будуць удыхаць пах дрэў, прыслухоўвацца да гукаў прыроды. Першы макет модуля для экасцежкі распрацаваў для нас Мінскзелянбуд. Мы ўжо ўсталявалі альтанку, лаўкі, высадзілі першыя расліны, аформілі зону рэлаксацыі. Навучэнцы распрацавалі на камп’ютары іншыя модулі, дзе прадугледзелі фактурныя паверхні і формы для тактыльных мэт, падабралі колеравыя рашэнні, разлічаныя на тых, хто не чуе, пахі і гукі для развіцця пачуццяў: каменьчыкі, званочкі, духмяныя спецыі, злучылі гукі прыроды і музыкі, напрыклад, спевы птушак і гукі акіяна. Ёсць ідэя ўключыць у сцежку тактыльны музей, дзе відушчыя навучэнцы змогуць адчуць, як жывуць людзі, якія не бачаць, пагрузіцца ў адпаведныя сітуацыі. Арганізуем гэта ў выглядзе квеста па тактыльных адчуваннях з мэтай развіцця сенсорнай сферы. Навучэнцы прапануюць зрабіць невялікія модулі для калясачнікаў, каб тыя маглі свабодна ўспрымаць аб’екты экасцежкі. Градкі з раслінамі размесцяцца даволі высока, каб усім было зручна з імі працаваць. Для таго каб перамяшчацца па сцежцы з дапамогай кія, прадугледжаны спецыяльныя канаўкі паміж дарожкамі, гукавое афармленне або нябачныя парэнчы. Навучэнцы плануюць зрабіць сцежку для хаджэння басанож, што дазволіць адчуць тэкстуру пэўных паверхняў і атрымаць аздараўленчы масаж ступняў. Наш навучэнец Арцём Маглыш зараз піша праект аб карысці тактыльных адчуванняў для ступняў і сасудзістай сістэмы арганізма, даказвае, што дарожкі, па якіх ходзяць людзі, прыносяць карысць у тым выпадку, калі яны брукаваныя натуральным каменем. Да стварэння экасцежкі падключыўся ўвесь калектыў каледжа, збіраюць прыродныя матэрыялы, расаду, глебу і г.д. Таксама мы пачалі стварэнне лінгафоннага кабінета замежнай мовы для невідушчых і нячуючых навучэнцаў, якія змогуць займацца ў малых групах і індывідуальна па сваёй праграме”.
Надзея ЦЕРАХАВА.
Фота аўтара.