Даць магчымасць працаваць тым, хто можа

- 9:56Інфармацыйная гадзіна

Дзяржава зацікаўлена ў тым, каб максімальная колькасць інвалідаў, у якіх ёсць паказанні і рэкамендацыі да працы, мелі магчымасць працаваць і зарабляць. Аб гэтым паведаміў намеснік прэм’ер-міністра Ігар Петрышэнка.

За 2020 год працуючых інвалідаў у краіне стала больш — цяпер іх 59 працэнтаў ад агульнай колькасці інвалідаў, якія маюць прафесійныя і працоўныя рэкамендацыі. “У нас больш за 500 тысяч інвалідаў у сукупнасці, з іх каля 116 тысяч, у якіх па медыцынскіх паказаннях ёсць магчымасць працаўладкавацца і працаваць, — сказаў Ігар Петрышэнка. — Мы, напэўна, адзіная ў свеце краіна, якая на дзяржаўным узроўні падтрымлівае адкрыццё вытворчасцей, стварэнне прадпрыемстваў для таго, каб на іх маглі працаваць людзі з інваліднасцю. Ёсць пэўны льготны рэжым. Мы зацікаўлены, каб максімальная колькасць інвалідаў, у якіх ёсць паказанні працаваць, былі працаўладкаваны. Робім усё магчымае, ствараем дадатковыя рабочыя месцы. Штогод у гэта ўкладваюцца грошы. У мінулым годзе было выдзелена каля Br5 млн, каб стварыць дадаткова 50 рабочых месцаў”.

На базе УП “Святлопрыбор” ГА “БелТІЗ” прайшло пасяджэнне Рэспубліканскага міжведамаснага савета па праблемах інвалідаў. Удзельнікі сустрэчы шукалі шляхі, як забяспечыць устойлівую работу прадпрыемстваў таварыства інвалідаў, палепшыц­ь іх магчымасці як роўным канкурыраваць на рынку працы. Па выніках абмеркавання будзе складзена праграма дзеянняў і даручэнняў для розных ведамстваў. Пасяджэнні савета праходзяць звычайна двойчы ў год, але ў 2021 годзе плануецца праводзіць іх паквартальна.

Старшыня Цэнтральнага праўлення ГА “БелТІЗ” Алег Шэпель адзначыў, як важна, каб пасяджэнні савета былі выязнымі — на прадпрыемствах інвалідаў. Тады прадстаўнікі дзяржорганаў на свае вочы могуць пераканацца, што для людзей з інваліднасцю гэта не проста работа, а спосаб сацыялізацыі. Віцэ-прэм’ер азнаёміўся з работай прадпрыемства.

Ва УП “БелТІЗ” працуюц­ь 1,5 тысячы чалавек, сярод якіх больш за 800 інвалідаў. Для людзей, у якіх ёсць праблемы са зрокам, даступна не так шмат вытворчых аперацый. Але замяняць іх працу аўтаматычнай лініяй (пры ўсёй эканамічнай выгадзе) ніхто не збіраецца. Таму што прадпрыемства нясе на сабе важную сацыяльную нагрузку. “Дзяржава дае льготы, дакладней — кампенсацыі нерэнтабельнай працы. Але нават пры льготным падаткаабкладанні быць рэнтабельнымі складана”, — адзначыў Алег Шэпель. Паводле яго слоў, вельмі дапамагла б падтрымка ў плане забеспячэння неабходным вытворчым абсталяваннем на ўмовах дзяржзакупак.

Тым не менш прадпрыемства мае нядрэнную вытворчую базу і знаходзіць варыянты для паспяховай канкурэнцыі, таму што выпускае сертыфікаваны тавар высокай якасці. Нават у няпросты з-за COVID-19 год яно павялічыла экспарт прадукцыі амаль на 25 працэнтаў (у цэлым каля 66 працэнтаў прадукцыі рэалізуецца за мяжу, у асноўным у краіны СНД).

“Для нас важна, каб прадпрыемства далей развівалася, асвойвала магчымыя новыя кампетэнцыі, — дадаў Ігар Петрышэнка. — І каб яно расло ў кааперацыйных пастаўках. Мы бачылі цэх, які можа вырабляць прадукцыю не толькі для сваіх унутраных патрэбнасцей, але і для прадпрыемстваў сумежных галін, у прыватнасці для Міністэрства прамысловасці. Такія даручэнні будуць да­дзены, каб гэтае прадпрыемства функцыянавала”.

Зразумела, чым вышэйшая эфектыўнасць дзейнасці ўнітарных прад­прыемстваў аб’яднанняў інвалідаў (у тым ліку за кошт укаранення прагрэсіўных тэхналогій), тым лепшы матэрыяльны стан людзей з інваліднасцю. Але гэта не адмяняе неабходнасці пастаяннай дзяржаўнай падтрымкі ў выглядзе пэўных ільгот і прэферэнцый пры правядзенні дзяржаўных закупак, падатковых ільгот, ільгот па выплаце абавязковых страхавых узносаў у ФСАН і інш.

Таксама ў рамках Дзяр­жаўнай праграмы садзейнічання занятасці насельніцтва за кошт сродкаў дзяржаўнага пазабюджэтнага фонду сацыяльнай абароны насельніцтва фінансуюцца і кампенсуюцца затраты на стварэнне і захаванне рабочых месцаў для інвалідаў.