Дэгустацыя школьнага меню і прэзентацыя STEAM-цэнтра: як у абноўленай школе № 2 Чавус сустрэнуць 1 верасня

- 9:00Главная, Образование

Якія змены адбыліся пасля капрамонту ў сярэдніх школах № 1 і № 2 Чавус і чым асабліва ганарацца іх дырэктары – у матэрыяле карэспандэнта “Настаўніцкай газеты”.

 Прыгажосць у квадраце

Рамонт у сярэдняй школе № 1 Чавус пачаўся ў красавіку. Пры гэтым вучэбны працэс не спыняўся, а летам працаваў прышкольны лагер. За такі кароткі перыяд было зроблена шмат: вентыляцыйныя шахты, новая сістэма водаправода і каналізацыі. Правялі рамонт усіх 15 санвузлоў, падвялі ваду ў 40 кабінетаў і ўстанавілі там ракавіны, замянілі ўсе дзверы. Спатрэбілася амаль 900 квадратных метраў гамагеннага пакрыцця для абнаўлення падлогі ў пяці з дванаццаці калідораў і ў 48 кабінетах. Плюс яшчэ 700 — для вялікай спартыўнай залы. У малой зрабілі касметычны рамонт. У сталовай пафарбавалі сцены і адрамантавалі падлогу, — пералічвае дырэктар установы Таццяна Пагадзіцкая.

Афарбоўкай сцен у класах займаўся тэхнічны персанал школы на чале з намеснікам дырэктара па гаспадарчай дзейнасці. На працягу лета таксама дапамогу ў рамонтных работах аказвалі ўдзельнікі студэнцкага атрада і будаўнічай брыгады.

Адметна, што будынак сярэдняй школы № 1 зусім нетыповы. Ён нагадвае па форме квадрат, у цэнтры якога знаходзіцца дворык, дзе праходзяць урачыстыя лінейкі. Зараз тут замест асфальту — тратуарная плітка. На ганку з’явіўся пандус. Сам фасад школы таксама адрамантавалі, добраўпарадкавалі прышкольную тэрыторыю. На стадыёне абнавілі бегавую дарожку, там цяпер — спецыяльнае пакрыццё.

— Наша школа лічыцца самай вялікай у горадзе па колькасці вучняў. У гэтым годзе іх будзе больш за 750. Настаўнікаў — 62. Штат укамплектаваны. Да нас прыйшлі сёлета тры маладыя спецыялісты, якія ўпершыню прыступяць да работы 1 верасня. Гэта настаўнікі біялогіі, гісторыі і англійскай мовы, — расказала Таццяна Пагадзіцкая.

Ва ўстанове шмат увагі ўдзяляецца развіццю 3D-мадэлявання. Тры гады назад быў створаны гурток, якім кіруе настаўніца інфарматыкі Жанна Дзямідава.

— Дзякуючы “Настаўніцкай газеце” ў нас з’явіўся яшчэ адзін 3D-прынтар. А гэта значыць, яшчэ больш навучэнцаў змогуць паспрабаваць свае сілы, займаючыся ў гуртку. Дарэчы, першы значны поспех у нас ужо ёсць — 3-е месца ў абласным конкурсе. Упэўнена: наперадзе — шмат перамог. Прыемна адзначыць работу нашай настаўніцы выяўленчага мастацтва Людмілы Самусевай. Яе выхаванцы пастаянна атрымліваюць дыпломы і ўзнагароды не толькі раённых і абласных конкурсаў, але і рэспубліканскіх, — падкрэсліла дырэктар. І падзялілася сакрэтам: — Удзячныя школьнікі вырашылі падарыць будаўнікам макет сваёй школы, створаны з дапамогай 3D-прынтара.

Школа-фотазона

Капітальны рамонт у сярэдняй школе № 2 пачаўся таксама вясной. І маштабы яго ўражваюць не менш.

— Пачалі з трэцяга паверха. Цалкам абнавілі кабінеты фізікі, хіміі, біялогіі і інфарматыкі. На першым паверсе памянялі пакрыццё, знялі стары лінолеум. На ўсіх паверхах зараз — сучасныя дзверы. Новая пажарная сігналізацыя, сантэхніка і мадэрнізаваныя санвузлы, новы водаправод, дзякуючы чаму ў кранах з’явілася гарачая вада. У спартыўнай зале больш не будзе праблем з драўлянай падлогай: там пакладзена гамагеннае пакрыццё. На прышкольнай тэрыторыі асфальт замянілі пліткай, а фасад пафарбавалі ў яркія колеры: жоўты, фіялетавы, ружовы, шэры і белы, — з усмешкай расказвае дырэктар установы Іна Барсукова.

Сваімі сіламі супрацоўнікі школы адрамантавалі кабінеты абслуговай працы, беларускай мовы і літаратуры, ваенна-патрыятычнага выхавання. У выніку рэканструкцыі на трэцім паверсе з’явілася невялікая канферэнц-зала. На тэрыторыі школы ёсць цяпліца — 300 квадратных метраў. Школьнікі разам з настаўнікам біялогіі вырошчваюць там расаду, а ў канцы лета збіраюць ураджай. У планах — правесці ў цяпліцу капельны паліў.

— У нас шмат ідэй наконт таго, што можна зрабіць, каб школа стала яшчэ лепшай. Прыемна, што калегі не толькі падтрымліваюць іх, але і самі праяўляюць ініцыятыву, — дзеліцца Іна Анатольеўна.

Атрымліваць веды ў школе ў гэтым навучальным годзе будуць 657 вучняў. Набіраюць тры 1-я класы, у кожным з іх — амаль па 30 дзяцей. Іх чакаюць адрамантаваныя прасторныя кабінеты і ўтульныя спальні. Аддзел па адукацыі Чавускага райвыканкама дапамог закупіць новыя ложкі для малодшых класаў. На базе школы знаходзіцца пункт карэкцыйнай дапамогі, працуюць класы інтэграванага навучання.

— Маладыя спецыялісты таксама да нас прыходзяць. Гэта настаўнікі англійскай мовы і фізічнага выхавання. Асноўны педагагічны касцяк ёсць. Самыя старэйшыя — настаўнікі матэматыкі і фізікі. Мы іх вельмі цэнім, іх добра ведаюць у раёне, — падкрэсліла суразмоўніца.

1 верасня ў школе запланавана ўрачыстае адкрыццё канферэнц-залы, дзе пройдзе прэзентацыя STEAM-цэнтра і даследчай дзейнасці. Таксама адбудзецца дэгустацыя новага школьнага меню. Галоўнай фотазонай стане сама школа — яркая, абноўленая.

Марына ЖДАНАВА
Фота прадастаўлены ўстановамі адукацыі