Незвычайная госця з’явілася з самай раніцы ў гродзенскім яслях-садзе № 45. Баба Яга раскідала цацкі, парвала паперу, пераставіла гаршкі з кветкамі. Але дзеці разам з выхавальнікамі дружна ўзяліся за справу — наводзілі чысціню і парадак у кожнай групе, на гульнявых пляцоўках. У гэты дзень тут праходзіла акцыя ў межах Тыдня ўстойлівага развіцця — 2017, якой далі дэвіз: “У мяне ёсць чысты дом, я жыву здаровым у ім”.
— Працоўны дэсант “Разам за чысціню”, якім мы пачыналі дзень, павінен быў яшчэ раз нагадаць нашым выхаванцам пра тое, што патрэбны паасобны збор другасных адходаў, што ўсюды трэба захоўваць чысціню і парадак, — гаворыць загадчык ясляў-сада Людміла Іванаўна Кушнірук. — Бацькам выхаванцаў, а яны таксама на працягу дня ўдзельнічалі ў нашых мерапрыемствах, прадэманстраваць беларускія ініцыятывы па ўстойлівым развіцці і іх укладзе ў дасягненне 17 Мэт ААН у галіне ўстойлівага развіцця, абмеркаваць пытанні экалогіі, энергазберажэння і здаровага ладу жыцця, паказаць шляхі іх вырашэння.
На квест-гульню “Беражом здароўе, беражом свет” запрасілі навучэнцаў 1—4 класаў найбліжэйшай школы і выхаванцаў старшых груп. З бацькамі і педагогамі абмеркавалі экалагічныя пытанні падчас лекцый па тэме “Глабальныя мэты — дабрабыт кожнага”.
А завяршыўся дзень спартыўна-музычным святам “Давайце будзем сябраваць”. Загадчык Л.І.Кушнірук, намеснік загадчыка па асноўнай дзейнасці Н.І.Янушэўская разам з выхаванцамі расказалі бацькам аб мерапрыемствах Тыдня ўстойлівага развіцця і Нацыянальнай стратэгіі ўстойлівага развіцця да 2030 года, аб тым, як уклад жыцця аказвае ўплыў на стан навакольнага асяроддзя, азнаёмілі з некаторымі практычнымі рэкамендацыямі. Дзеці старшай групы “Сонейка” паказалі міні-спектакль аб тым, якія адносіны павінны быць у сям’і.
Работа па энергазберажэнні, рацыянальным стаўленні да рэсурсаў вядзецца ў яслях-садзе № 45 не адзін год. Установа ўдзельнічала ў праекце ПРААН “Энергаэфектыўнасць у школах”. Вясной гэтага года ў дашкольнай установе адкрыты рэсурсны цэнтр па навучанні энергаэфектыўнасці.
Надзея ВАШКЕЛЕВІЧ.
Фота аўтара.