Для маленькіх турыстаў

- 11:34Навіны рэгіёнаў

Знаёмства са старажытнымі гродзенскімі замкамі, экскурсія ў гісторыка-краязнаўчы музей, прагулка па парку Жылібера і наведванне музея Гродзенскага тэатра лялек, а ў дадатак — лабараторыя навуковых цудаў і “Цікавы музей” — гэта адзін з некалькіх маршрутаў, які прапануюць навучэнцы сярэдняй школы № 11 Гродна для маленькіх турыстаў. У школе стварылі інфармацыйны рэсурс “ПраГродна”.

— У мінулым годзе ў школе пачалі рэалізоўваць інавацыйны праект “Укараненне мадэлі фарміравання фінансавай дасведчанасці як адной з кампетэнцый навучэнцаў з дапамогай стварэння інфармацыйнага адукацыйнага медыяасяроддзя”, — гаворыць дырэктар школы Марына Кароза. — Канечне, шукалі новыя формы работы і новыя ідэі. І вельмі прыемна, што прапановы паступалі таксама ад дзяцей.

— Адной з ідэй, якую рэалізавалі з іх падказкі, і стаў праект “Гродна для маленькіх турыстаў”, — уступае ў размову намеснік дырэктара па выхаваўчай рабоце Алена Багалейша. — Мэта яго — паказаць, што наш горад з’яўляецца дружалюбным у адносінах да турыстаў з дзецьмі, прэзентаваць яго магчымасці для турыстаў-школьнікаў.

Распрацавана пяць маршрутаў: “ЭкаГродна”, “Гродна вучыць бяспецы”, “Зімовая казка”, “Гродна пазнавальны”, “Прагулка па Гродне”.

Вучаніца 6 класа Софія Чукічава разам са сваёй сям’ёй любіць падарожнічаць — пабывала ў многіх кутках Беларусі, а таксама ў Расіі, Польшчы, Літве, Турцыі.

— У Гродне апошнім часам таксама з’яўляецца ўсё больш турыстаў, — гаворыць дзяўчынка. — Але я заўважыла, што дзяцей сярод іх няшмат. А ў нас ёсць столькі цікавага. Калі я яшчэ вучылася ў 3 класе, разам са сваёй настаўніцай Таццянай Міхайлаўнай Трацяк правяла даследаванне “Гродна для маленькіх турыстаў”, а потым з цікавасцю і задавальненнем удзельнічала ў стварэнні інфармацыйнага рэсурсу “ПраГродна”. Мне дапамагала мама і малодшы брат Арсеній.

Перад уключэннем нейкага аб’екта ў маршрут навучэнцы школы самі абавязкова там бываюць — вывучаюць яго папярэдне. У школе правялі анкетаванне навучэнцаў 1, 2 і 4 класаў, каб даведацца, што цікава самім дзецям. Абавязкова адсочваюць навінкі. Вось нядаўна ў Гродзенскім дзяржаўным абласным эколага-біялагічным цэнтры дзяцей і моладзі адкрылі вельмі цікавы музей водараў траў і раслін, і яго ўключылі ў спіс аб’ектаў для наведвання.

— У Гродне ёсць многа цікавых школьных музеяў, напрыклад, музей камянёў у сярэдняй школе № 16 ці музей “Хрысціянскія каштоўнасці і народныя традыцыі ў сям’і” ў сярэдняй школе № 38, музей дружбы народаў у 8-й школе. Важна і тое, што наведванне іх бясплатнае, — гаворыць Алена Багалейша.

Як расказваюць аўтары праекта, ён удасканальваецца і развіваецца. Так, ёсць планы перакласці інфармацыю на польскую, літоўскую, англійскую і нямецкую мовы, каб шматлікім безвізавым турыстам можна было лёгка ёй карыстацца. Зараз працуюць над стварэннем мабільнага дадатку.

Праект “Гродна для маленькіх турыстаў” стаў адным з пераможцаў абласнога этапу Рэспубліканскага конкурсу “100 ідэй для Беларусі” і будзе прадстаўляць Гродзенскую вобласць у яго фінале.

Надзея ВАШКЕЛЕВІЧ.
Фота аўтара.