Добрыя справы — малой радзіме

- 11:13Навіны рэгіёнаў

Праект “Добрыя справы табе, мая малая радзіма!”, ініцыіраваны абкамам ГА “БРСМ”, аб’яднаў актыўных маладых людзей з усёй Магілёўшчыны.

Ініцыятыва накіравана на пашырэнне культурнага асяроддзя і духоўнай свядомасці жыхароў вобласці, захаванне сувязі пакаленняў з месцам, дзе нарадзіўся і вырас кожны жыхар Прыдняпроўскага краю, садзейнічанне рэалізацыі маладзёжных грамадска значных ідэй. Калі дакладней, моладзь зоймецца стварэннем і добраўпарадкаваннем дзіцячых пляцовак, месцаў адпачынку, паркаў і сквераў, памятных мемарыялаў.

На карысць роднага раёна ўжо бязвыплатна папрацавалі ў Крычаве. Па маладзёжнай ініцыятыве ў гарадской мікразоне “Савецкая” была ўсталявана і добраўпарадкавана дзіцячая пляцоўка. Моладзь прыцягнула да гэтай карыснай справы кіраўніцтва раёна, усіх неабыякавых жыхароў.

Асаблівую ўвагу падчас рэалізацыі праекта плануецца ўдзяліць добраўпарадкаванню крыніц Магілёўскай вобласці. Маладыя людзі будуць ствараць месцы адпачынку, акультурваць тэрыторыі вакол крыніц, пазначаць іх гістарычную, культурную і грамадскую значнасць.

Карыснымі для родных мясцін справамі магілёўская моладзь будзе займацца на працягу ўсяго Года малой радзімы.

Ганна СІНЬКЕВІЧ.